ВЕ́БЕР ((Weber) Эрнст Генрых) (24.6.1795, г. Вітэнберг, Германія — 26.1.1878),
нямецкі анатам і псіхафізіёлаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. псіхалогіі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Скончыў Лейпцыгскі ун-т, з 1818 праф. у ім. Яго даследаванні фізіялогіі органаў пачуццяў (слыху, зроку, скурных адчуванняў) леглі ў аснову псіхафіз. закону Вебера—Фехнера, што вызначае залежнасць паміж сілай уздзеяння вонкавых фіз. раздражняльнікаў і суб’ектыўнымі адчуваннямі, якія выклікаюцца гэтымі раздражняльнікамі. Разам з братам Эдуардам вынайшаў тармазны ўплыў блукаючага нерва на сэрца. Навук. працы па вызначэнні абсалютнай сілы мышцы, вывучэнні механізмаў хадзьбы і інш. праяўленняў рухальнай актыўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцей іржаўныя грыбы).
Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРФ (галанд. werf),
1) прадпрыемства, на якім будуюць ці збіраюць судны. На суднабудаўнічых верфях вырабляюць карпусы суднаў, манціруюць абсталяванне, якое паступае з інш. прадпрыемстваў. На судназборачных верфях карпусы суднаў збіраюць з дэталей, якія пастаўляюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, манціруюць абсталяванне. У склад верфі уваходзяць корпусабудаўнічыя цэхі, стапелі або докі, прычальныя збудаванні (пірс), кранавыя ўстаноўкі, майстэрні і інш. На Беларусі з 1785 да пач. 19 ст. працавала Крычаўская суднаверф. Працуюць верфі на суднабудаўніча-рамонтных з-дах у Пінску і Гомелі (гл. таксама Суднабудаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАВЫ́Я ХВА́ЛІ,
складаныя ваганні вады на паверхні вадаёмаў, якія выклікаюцца ветрам. Назіраюцца ў верхнім слоі вады да глыб. ў сярэднім 50—60 м. Памеры ветраных хваль залежаць ад скорасці і даўжыні разгону ветру, працягласці яго ўздзеяння на водную паверхню, памераў воднай прасторы і глыбіні вадаёма. У глыбакаводных частках мораў вышыня ветраных хваль можа дасягаць 10 м і больш, у акіянах — ад 13—18 да 25 м, скорасць распаўсюджання да 14—15 м/с. На вадаёмах Беларусі вышыня хваль звычайна 0,25—0,5 м, максімальная да 1,5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́ГА (Уладзімір Антонавіч) (н. 7.9.1936, в. Канюцічы Мінскага р-на),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Выкладчык БПА (з 1967). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Сярод работ: кампазіцыі «Арсеналец» (1967), «Юнацтва» (1970); партрэты М.Багдановіча, хірурга В.А.Мохарта; помнікі С.І.Вавілаву ў Мінску і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну (в. Брадзяцін Маларыцкага р-на, абодва 1978), мемарыяльныя дошкі М.Лынькову, М.В.Дарашэвічу ў Мінску, І.І.Якубоўскаму ў Оршы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТАДЫЕ́Н, бутадыен-1,3, дывініл,
ненасычаны вуглевадарод CH2=CH—CH=CH2. Упершыню атрыманы з сівушнага алею франц. хімікам Ж.Б.Каванту (1862). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tкіп — 4,47 °C, шчыльн. вадкага 621,1 кг/м³ (20 °C), добра раствараецца ў бензоле, эфіры. Гаручы, т-ра самазгарання 415 °C, сумесь з паветрам (1,1—12,5% бутадыёну) выбухованебяспечная. Лёгка полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць дэгідрагенізацыяй нафтапрадуктаў, якія маюць нармальныя бутан і бутэны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сінт. каўчукоў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 100 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,
прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,
у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.
Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУО́ЛЯ (франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),
поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.