СПЕКТРА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ фізічны,
метады вызначэння якаснага і колькаснага саставу і будовы рэчываў па спектрах аптычных выпрамянення, паглынання, рассеяння ці адбіцця эл.-магн. выпрамянення. Паводле аб’екта даследавання адрозніваюць С.а. малекулярны, атамны і ядз. (гл. Ядзерная спектраскапія); паводле спосабу атрымання спектраў — эмісійны, люмінесцэнтны, абсарбцыйны, С.а. адбіцця, С.а. камбінацыйнага рассеяння і інш. Магчымы таксама С.а. па няпругкім рассеянні нейтронаў, энергетычным размеркаванні фотаэлектронаў. Праводзяць С.а. па спектрах ядзернага магнітнага рэзанансу і электроннага парамагнітнага рэзанансу (мікрахвалевы дыяпазон), вярчальных і вагальных (субміліметровы і інфрачырв. дыяпазоны), электронных (блізкі інфрачырв., ультрафіялетавы, рэнтгенаўскі дыяпазоны) і ядз. (гама-дыяпазон) з дапамогаю адпаведных спектральных прылад. Пры якасным С.а. вызначаюць даўжыні хваль спектральных ліній ці палос і іх паходжанне, пры колькасным — дадаткова вымяраюць інтэнсіўнасці ліній ці палос.
Для С.а. характэрны універсальнасць, высокая выбіральнасць, хуткасць і дакументальнасць; дазваляе аналізаваць практычна любыя рэчывы ў цвёрдым, вадкім ці газападобным станах. С.а. з выкарыстаннем аптычных аналізатараў (спрошчаныя спектральныя прылады) прыдатны для правядзення экспрэснага аналізу ў цэхах прадпрыемстваў і на патоку з адваротным рэгуляваннем. Атамны С.а. выкарыстоўваюць у машынабудаванні, металургіі, геалогіі, хіміі, біялогіі, сельскай гаспадарцы для аналізу элементнага і ізатопнага саставу сплаваў, мінералаў, руд, глебы і інш.; малекулярны С.а. — для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння чысціні прэпаратаў і асаблівасцей іх структуры, складу сумесей, а таксама наяўнасці пэўных груп і радыкалаў, хім. будовы, між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў, прасторавай арыентацыі структурных элементаў малекулы.
На Беларусі даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў малекулярнага і атамнага С.а. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі, БДУ і інш.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;
Кузяков Ю.Я., Семененко К.А., Зоров Н.Б. Методы спектрального анализа. М., 1990.
П.А.Апанасевіч, Р.Г.Жбанкоў.
т. 15, с. 106