ДУРАЛЮМІ́Н (ад ням. Düren — горад, дзе была распачата прамысл. вытв-сць сплаву, + алюміній), дзюраль, дзюралюміній,
назва групы сплаваў на аснове алюмінію. Мае дабаўкі (па масе) медзі (2,2—5,2%), магнію (0,2—2,7%), марганцу (0,2—1%). Найб. трывалы і найменш каразійнаўстойлівы сярод алюмініевых сплаваў, таму Д. часта плакіруюць чыстым алюмініем. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у авіяц. і трансп. машынабудаванні.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКСТРА́Н,
высокапалімерны поліцукрыд, які сінтэзуецца бактэрыямі роду Leuconostoc і блізкароднымі да іх з глюкозы ў асяроддзі з цукрозай. Мал. маса да 1∙106 а.а.м. і больш. Структура малекулы лінейная або разгалінаваная. Сухі Д. набракае ў вадзе і электралітах (у малекуле шмат гідраксільных груп ОН-) з утварэннем вязкіх раствораў. Часткова гідралізаваны Д. ужываецца як кровазаменнік, папярочнасшыты — у гель-фільтрацыі.
т. 6, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА,
права ўнясення законапраектаў у заканадаўчыя органы, якое цягне за сабой абавязак гэтых органаў абмеркаваць законапраект і прыняць па ім рашэнне. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права З.і. належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, ураду, а таксама грамадзянам у колькасці не менш як 50 тыс. чал., якія валодаюць выбарчым правам. Рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ЛЬБЕРБЕРГ-СКУ́ПНІК Яўгенія Уладзіміраўна (1873 ? — ліп. 1942),
бел. піяністка і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыла Пецярбургскую (клас Г.Есіпавай) і Венскую (клас Т.Лешаціцкага) кансерваторыі. У 1933—41 праф. Бел. кансерваторыі. Выступала ў канцэртах пераважна як ансамблістка, удзельнічала ў выкананні трыо П.Чайкоўскага і С.Рахманінава, квінтэта Ф.Шуберта і інш. Загінула ў мінскім гета.
т. 7, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Анатоль Васілевіч (15.11.1914 28.11.1914, с. Зямлянск Сямілуцкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 18.8.1996),
рускі пісьменнік, празаік. Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1937). Як ваен. ўрач удзельнічаў у баях каля воз. Хасан (1938). У 1946—63 у БВА. Друкаваўся з 1933. Найб. значныя творы — раман «На Далёкім Усходзе» (1954) і аповесць «Пад намі цэль» (1976), прысвечаны жыццю воінаў-далёкаўсходнікаў.
т. 7, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕ́НА (Jena),
горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія, на р. Заале. Упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. як крэпасць. Гар. правы з 13 ст. 100,1 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак. Буйны цэнтр аптычнай прам-сці (прадпрыемства «Карл Цэйс»). Хім.-фармацэўтычная прам-сць. Ун-т (з 1558). Планетарый. Бат. сад. Каля І. адбылася Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806.
т. 7, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯ́НСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Засн. ў сярэдзіне 18 ст. ў мяст. Ілья (цяпер вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл.). Спачатку дзейнічаў як прыгонная мануфактура, выпускаў шкляны посуд і аконнае шкло. У 1815 на заводзе былі 2 шклоплавільныя печы. З 1900 дзейнічаў лакамабіль. У 1905 працавала 157 рабочых. У 1908—13 выпускалі сталовы, хрустальны прасаваны, паліраваны і аптэкарскі посуд, лямпавае шкло.
т. 7, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙОРК (York),
горад у Вялікабрытаніі, на У Англіі, на р. Уз. Засн. каля 71 рымлянамі як крэпасць на месцы брыт. паселішча. 103 тыс. ж. (1984). Чыг. вузел, рачны порт. Буйны цэнтр харч., шкляной, паліграф. прам-сці. Чыгуначнае машынабудаванне. Музей Йоркшыра, маст. галерэя. Арх. помнікі 11—16 ст., у т. л. рамана-гатычны сабор. Рэзідэнцыя архіепіскапа Йоркскага.
т. 7, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭІ́Н,
алкалоід опію фенантрэнавага раду, вытворнае марфіну. Ёсць у опійным маку. Белы крышт. парашок ці бясколерныя крышталі без паху, горкія на смак. Па ўздзеянні на арганізм блізкі да марфіну, па прыгнечвальным дзеянні на ц. н. с. значна саступае яму. Выкарыстоўваецца як болепатольны, заспакаяльны сродак і супраць кашлю. Пры ўжыванні К. доўгі час можа развіцца цяга да яго (наркаманія).
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)