КО́МАЛАЎСКІ БОЙ 1942,

бой партызан 125-га атрада імя Сталіна (камандзір С.​А.​Рыжак) па знішчэнні варожага блокпаста з дотам каля раз’езда Комалава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. 19 чэрв. ў Вял. Айч. вайну. У выніку 1,5-гадзіннага бою з намнога большымі сіламі праціўніка партызаны спалілі будынак блокпаста, знішчылі танк, процітанк. гармату, 2 радыёстанцыі, 15 бочак гаручага і выйшлі з-пад агню.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РМАК (Cormack) Алан Маклеад (н. 23.3.1924, г. Іаганесбург, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Кейптаўнскі ун-т (1945). З 1957 ва ун-це Тафтса ў Медфардзе (у 1968—76 праф., заг. кафедры), ЗША. Навук. працы па вымярэнні доз радыяцыі, ядзерных узаемадзеяннях, фізіцы часціц. Адзін з распрацоўшчыкаў камп’ютэрнай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Хаўнсфілдам).

А.М.Кормак.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛЕ́НКА (дзявочае Логвінава) Галіна Аляксандраўна

(н. 29.2.1952, Мінск),

бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1978). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1973). Чэмпіёнка свету (1973, г. Ротэрдам, Нідэрланды; 1977, г. Базель, Швейцарыя), СССР у групавым практыкаванні (1975—78), у практыкаванні з булавамі (1978). З 1992 гал. трэнер нац. зборнай каманды Беларусі па маст. гімнастыцы. З 1996 у Германіі.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ Ніна Пятроўна (н. 21.6. 1951, в. Пятрова-Гута Бранскай вобл., Расія),

бел.вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1995). Скончыла БСГА (1972). З 1972 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па селекцыі і тэхналогіі вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур.

Тв.:

Зернобобовые культуры. Мн., 1992 (разам з Л.​В.​Кукрашам);

Горох: Биология, агротехника, использование. Мн., 1997 (з ім жа).

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТО́Н (Martonne) Эмануэль дэ (1.4.1873, г. Шабры, Францыя — 25.7. 1955),

французскі географ, прадстаўнік франц. школы «геаграфіі чалавека». Чл. Парыжскай АН (1942). Праф. Сарбоны (1909). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1938 прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (з 1952 ганаровы прэзідэнт). Навук. працы па пытаннях геаграфіі чалавека, агульнай і рэгіянальнай фіз. геаграфіі, краіназнаўстве і інш. Распрацаваў адну з класіфікацый кліматаў Зямлі.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛІС (Mullis) Кэры Бэнкс (н. 28.12.1944, г. Ленар, ЗША),

амерыканскі біяхімік. Скончыў тэхнал. ін-т у Джорджыі (1966). З 1979 у карпарацыі «Цэтус» у г. Эмервіль, з 1986 у карпарацыі «Ксітронікс» у г. Сан-Дыега. Навук. працы па генетычнай інжынерыі. Распрацаваў метад полімеразнай ланцуговай рэакцыі — атрыманне неабмежаванай колькасці новых малекул ДНК з дапамогай ферменту ДНК-полімеразы. Нобелеўская прэмія 1993.

Б.​В.​Корзун.

К.Муліс.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЫСТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrocumulus (Cc)],

грады або слаі тонкіх белых воблакаў у верхняй трапасферы. Складзеныя з вельмі дробных элементаў у выглядзе зерняў, камякоў або рабізны, суцэльных або адасобленых, часткова па краях валакністыя. Утвараюцца пераважна з ледзяных крышталёў. Узнікаюць у выніку канвекцыйных і хвалевых рухаў, а таксама ў сувязі з франтамі, асабліва халоднымі. Ападкаў не даюць. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТАРСКАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова ў Стараж. Грэцыі (з 3 ст. да н.э.) і Рыме (з 1 ст. да н.э.) для падрыхтоўкі моладзі з арыстакратычнага асяроддзя да дзярж.-паліт. дзейнасці. Пасля элементарнай (трывіяльнай) і граматычнай школ Р.ш. была вышэйшым звяном трохступеннай сістэмы адукацыі, якая існавала да канца антычнасці. Акрамя навучання аратарскаму майстэрству Р.ш. давала веды па філасофіі, гісторыі, л-ры, правазнаўстве і інш. дысцыплінах.

т. 13, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАДАРО́ЖНІК.

1) чалавек, які разам з кім-н. знаходзіцца ў дарозе; таксама той, хто разам ідзе па жыццёвай дарозе.

2) Тое, што непарыўна звязана з чым.-н., спадарожнічае чаму-н. (напр., вільготнае надвор’е — С. інфекцыйных захворванняў).

3) Нябеснае цела, якое рухаецца вакол планеты (гл. Спадарожнікі планет), зоркі.

4) Штучны апарат, які запускаецца ў космас з навук. і інш. мэтамі (гл. Штучны спадарожнік Зямлі).

т. 15, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫБЕ́СТЫ (Tibesti),

вулканічнае нагор’е ў Цэнтр. Сахары, на Пн Рэспублікі Чад. Выш. да 3415 м (вулкан Эмі-Кусі). Складзена з крышт. сланцаў, пясчанікаў, лаў. Расчлянёна глыбокімі цяснінамі з часовымі вадацёкамі. Тэрмальныя крыніцы. Ападкаў да 100 мм за год. Уздоўж падножжаў і па далінах да выш. 1200 м растуць фінікавая пальма, пальма дум, акацыі, з 1600—1800 м — паўпустынная і пустынная расліннасць.

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)