АЎЛАКО́МНІУМ (Aulacomnium),

род брыевых імхоў сям. аўлакомніевых. Вядома 9 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды. На балотах, забалочаных лугах і лясах расце аўлакомніум балотны (A. palustre). Пагаршае якасць лугоў. Торфаўтваральнік. Радзей, пераважна на гнілой драўніне ў вільготных лясах, трапляецца аўлакомніум двухполы (A. androgynum).

Аўлакомніум балотны — двухдомная расліна. Утварае зялёныя або жоўта-зялёныя густалямцаватыя дзярнінкі. Сцёблы выш. Да 10—15 см, простыя або галінастыя. Лісце даўж. да 3 мм, падоўжана-ланцэтнае. Каробачка падоўжана-яйцападобная, гарбатая, нахіленая, на жоўта-чырвонай ножцы. Спараносіць летам. Вегетатыўнае размнажэнне лістападобнымі вывадкавымі цельцамі, сабранымі ў шарападобныя галоўкі на доўгіх ножках. У аўлакомніума двухполага вывадкавыя цельцы верацёнападобныя.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Аўлакомніум балотны: 1 — спарагон з каробачкай; 2 — ліст.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.

Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.

Аўсец пушысты.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУЧЫ́НА (Ligustrum),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках М. і Усх. Азіі, на Д.​Усходзе, у Паўд. Еўропе і Паўн. Афрыцы. На Беларусі для азелянення інтрадукавана беручына звычайная (L. vulgare).

Шматгадовазялёныя або лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце супраціўнае, простае. Кветкі двухполыя, у канцавых мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Плод — ягадападобная касцянка. Беручына звычайная — лістападны куст выш. 2—5 м з густаразгалінаванай кронай, бліскучым скурыстым ланцэтным лісцем і дробнымі белымі духмянымі кветкамі ў канцавой мяцёлцы. Плады чорныя, сакаўныя, бліскучыя. Засухаўстойлівая, адносна ценевынослівая дэкар., тэхн., меданосная і фарбавальная (з пладоў атрымліваюць чорную фарбу) расліна. Выкарыстоўваецца для жывых агароджаў, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

Біручына звычайная.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ШЧЫК (Glechoma),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (C. hederacea); блюшчык валасісты (C. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцёбламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.

Блюшчык плюшчападобны.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НКА (Aruncus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (A. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, уведзены ў культуру.

Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.

Валжанка звычайная.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́РЫН ЧАРАВІ́ЧАК (Cypripedium),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я: 1 від трапляецца ў Мексіцы. На Беларусі вельмі рэдка ў шыракалістых, хвойных і мяшаных лясах трапляецца венерын чаравічак сапраўдны, або жоўты (Cypripedium calceolus), які занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, таксама трапляліся буйнакветкавы (Cypripedium macranthon) і плямісты (Cypripedium guttatum), якія лічацца зніклымі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі ўзыходнымі сцёбламі выш. да 50 см і гарызантальным карэнішчам. Лісце простае, шырокаавальнае або эліпсоіднае. Кветкі вялікія, адзіночныя або сабраныя па 2—3 у гронкі, рознай афарбоўкі і арыгінальнай формы (мехападобна ўздутая губа калякветніка нагадвае чаравічак, адсюль назва). Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем. Дэкар. і лек. расліны.

Венерын чаравічак.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРБЕ́НА (Verbena),

род кветкавых раслін сям. вербенавых. Больш за 300 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі, таксама ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі пераважна на Палессі трапляецца дзікарослая вербена лекавая (Verbena officinalis), расце на засмечаных мясцінах каля жылля і дарог, таксама вырошчваюць 2 інтрадукаваныя віды — вербену буэнас-айрэскую (Verbena bonariensis) і гібрыдную (Verbena hybrida).

Адна- ці шматгадовыя галінастыя, залозіста-апушаныя травяністыя расліны або паўкусты. Лісце супраціўнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, зубчаста-надрэзанае ці калючкападобнае. Кветкі пераважна двухполыя, рознага колеру ў коласападобных суквеццях, сабраных у парасонападобныя шчыткі або мяцёлкі. Плод — чатырохарэшак (эрэм). Эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, лек. (гарачкапаніжальны і танізуючы сродак, выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для ўзбуджэння апетыту) і дэкар. расліны.

Вербена лекавая.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНА́С (Ananas),

род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.

Суплоддзе ананаса.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙМІ́НА (Cardamine),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 160 відаў. Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях зямнога шара. На Беларусі на сырых і балоцістых мясцінах трапляюцца 7 дзікарослых відаў, з якіх 3 звычайныя — буйміна лугавая (C. pratensis), горкая (C. amara) і зубчастая (C. dentata) і 4 рэдкія або вельмі рэдкія — буйміна недатыка (C. impatiens), шурпатая (C. hirsuta), звілістая (C. flexuosa) і драбнакветкавая (C. parviflora).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або звілістым галінастым сцяблом. Лісце чаргаванае, перыстае або суцэльнае, прыкаранёвае часта ў разетцы. Кветкі белыя, ружова-белыя або ружовыя ці бледна-фіялетавыя, у верхавінкавых гронках. Плод — моцна сціснуты стручок. Лек., дэкар., харч. і меданосныя расліны; некат. віды ядавітыя для жывёлы.

Буйміна лугавая.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)