ВІЎЕ́Н Леанід Сяргеевіч
(29.4.1887, г. Варонеж, Расія — 1.8.1966),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1913). Працаваў у Александрынскім т-ры (пазней Ленінградскі т-р драмы імя А.С.Пушкіна; з 1937 гал. рэж.). Акцёрская манера вызначалася стрыманасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу) і інш. Спектаклі, пастаўленыя Віўенам, адметныя псіхал. прапрацоўкай характараў. Сярод лепшых: «Рускія людзі» К.Сіманава (1943), «Бег» М.Булгакава (1958), «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна (1962, разам з А.Даўсанам). У 1918 арганізаваў у Петраградзе Школу акцёрскага майстэрства (з 1992 С.-Пецярбургскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі).
т. 4, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЯКО́Ў Аляксандр Васілевіч
(21.12.1897, в. Бяззубава Арэхава-Зуеўскага р-на Маскоўскай вобл. — 1982),
генерал-лейтэнант авіяцыі (1943). Герой Сав. Саюза (1936). Д-р геагр. н., прафесар. Скончыў ваен. вучылішча (1917), авіяц. школу (1921). У 1930—35 у Ваен.-паветр. акадэміі імя М.Я.Жукоўскага. У 1936—37 удзельнік беспасадачных пералётаў (штурман) Масква — в-аў Уд (Чкалаў) і Масква—Паўн. полюс — ЗША з В.П.Чкалавым і Г.П.Байдуковым. З 1940 нач. Разанскай вышэйшай авіяц. школы штурманаў. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Берлінскай аперацыі 1945; гал. штурман паветр. арміі. У 1945—60 у Ваенна-паветр. акадэміі. Аўтар прац па аэранавігацыі.
т. 3, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА (сапр. Міляеў) Васіль Сцяпанавіч
(7.4.1893, с. Бурты Чаркаскай вобл., Украіна — 18.3.1972),
украінскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1912, рэжысёрскую — у 1920. У 1926—56 (з перапынкамі) узначальваў Адэскі ўкраінскі муз.-драм. т-р (у 1948—56 — гал. рэжысёр). Сярод роляў: Шпак і Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Бублік («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Банка («Макбет» У.Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «За двума зайцамі» паводле М.Старыцкага (1925), «У нядзелю рана зелле капала...» паводле В.Кабылянскай (1955), «Гайдамакі» паводле Т.Шаўчэнкі (1961) і інш. Арганізатар шэрагу тэатр. студый, заснавальнік тэатр. музея ў Кіеве (1924).
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г. Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл. Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
т. 3, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
т. 3, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАРАЎ Валянцін Аляксеевіч
(н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф. ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл. гл. таксама ў арт. Гратэск.
Літ.:
Валентин Губарев: Живопись: [Каталог]. Мн., 1992.
Г.А.Фатыхава.
т. 5, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́СМАРК (Bismarck, Bismark) Ота Эдуард Леапольд фон Шонгаўзен (Schönhausen; 1.4.1815, Шонгаўзен, зямля Саксонія-Ангальт, Германія — (30.7.1898), дзяржаўны дзеяч Германіі, заснавальнік і першы канцлер Герм. імперыі. Князь (1871). Вывучаў права ў Гётынгене і Берліне (1832—35). Дэп. 1-га і 2-га аб’яднаных ландтагаў Прусіі (1847—48). З 1848 чл. Кансерватыўнай партыі. Прадстаўляў Прусію ў бундэстагу ў Франкфурце-на-Майне (1851—59). Прускі пасланнік у Расіі (1859—62) і Францыі (1862). У 1862—90 прускі прэм’ер-міністр. Канцлер Паўн.-герм. саюза (1867—71), рэйхсканцлер Германіі (1871—90). Пасля, дацкай вайны 1864, аўстра-прускай вайны 1866 і франка-прускай вайны 1870—71 ажыццявіў аб’яднанне герм. зямель пад вяршэнствам Прусіі. Адзін з гал. арганізатараў Траістага саюза 1882, накіраванага супраць Францыі і Расіі, аднак лічыў вайну з Расіяй вельмі небяспечнай для Германіі. Ва ўнутр. палітыцы праводзіў «Культуркампф», увёў Выключны закон супраць сацыялістаў, законы аб сац. страхаванні (1883—89) і інш. Аўтар кн. «Думкі і ўспаміны» (т. 1—2, 1898).
т. 3, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖАЗО́ЎСКІ Генрых Францавіч
(н. 1.1.1912, Мінск),
бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.Керзіна і М.Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял. Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.
Літ.:
Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.
Г.А. Фатыхава.
т. 3, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАЗІНТРЫФО́СФАРНАЯ КІСЛАТА́, адэназінтрыфасфат (АТФ),
нуклеатыд, які змяшчае адэнін, рыбозу і 3 астаткі фосфарнай к-ты. Універсальны пераносчык і асн. акумулятар хім. энергіі ў жывых клетках, іх гал. макраэргічнае злучэнне, на ўзроўні якога спалучаюцца ў адзіную сістэму працэсы абмену энергіі, яе выдзялення, назапашвання і спажывання. Служыць таксама субстратам для сінтэзу РНК, выконвае важныя функцыі ў працэсах фотасінтэзу.
У мышачнай і інш. тканках на долю адэназінтрыфосфарнай кіслаты прыпадае каля 75% колькасці ўсіх адэназінфосфарных кіслот, пры гэтым большая частка свабоднай АТФ знаходзіцца ў комплексе з іонамі Mg2+. Гідралітычнае адшчапленне астаткаў фосфарнай к-ты ад малекулы АТФ адбываецца пры ўдзеле адэназінтрыфасфатазаў з вылучэннем энергіі (каля 8,4 ккал/моль), якая выкарыстоўваецца на энергет. забеспячэнне біясінтэзу розных рэчываў, актыўны транспарт іонаў, мышачныя скарачэнні і інш працэсы жыццядзейнасці. Сінтэзуецца АТФ з адэназіндыфасфату і неарган. фасфату (крыніцай для ўтварэння могуць быць таксама інш. багатыя энергіяй фасфаты клетак, напр. крэацінфасфат.) Поўнае і хуткае аднаўленне патрачанай у арганізме АТФ забяспечваецца расшчапленнем вугляводаў і інш. рэчываў.
т. 1, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)