від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).
Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд.т, а грузаабарот 3564,6 млрд.т∙км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс.км), з іх 5637 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс.км і 1803 тыс.км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс.км, у т. л. 726 тыс.км з цвёрдым пакрыццём.
На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс.км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістраліміжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт.Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт.Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт.Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт.Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,
самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІЦТВА
У дарэвалюцыйнай Беларусі будаўніцтвам займаліся пераважна прыватныя падрадныя арг-цыі, рабочыя-сезоннікі. Пабудавана шмат прамысл. прадпрыемстваў, пракладзена густая сетка чыгункі. У 1920 для буд. і рамонтных работ пры СНКБССР створаны Камітэт дзярж. збудаванняў. Вялося буд-ва фабрык запалкавай «Дняпро» ў Рэчыцы, швейнай «Кастрычнік» і абутковай у Мінску, пераабсталяванне прадпрыемстваў па здабычы торфу, аднаўленне прадпрыемстваў харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. З пачаткам індустрыялізацыі пры Савеце нар. гаспадаркі БССР створана рэсп.буд.арг-цыя «Белдзяржбуд» (1923), якая ў 1926 выканала буд. работ больш чым на 2 млн.руб. У пач. 1-й пяцігодкі ў БССР было 10 падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі 25% ад агульнага аб’ёму буд. работ, астатнія — гасп. спосабам. У 1928—32 пабудавана больш за 500 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л.Бел. цеплавая электрастанцыя, Гомельскі з-дс.-г. машынабудавання, Магілёўскі з-д штучнага валакна, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Крычаўскі цэментны з-д, Віцебская швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», Мінская кандытарская ф-ка «Камунарка», 109 электрастанцый, 52 МТС, больш за 600 км чыгункі, 604 тыс.м² жылой плошчы, 27 бальніц, 636 школ, 1284 сельскія крамы. У Мінску ўзведзены Дом урада, Універсітэцкі гарадок, Дом друку.
У працэсе ўдасканальвання структуры кіравання капітальным буд-вам «Белдзяржбуд» рэарганізаваны ў «Белбудаб’яднанне» (з 1930 — «Белдзяржтрэст»), у склад якога ўваходзілі спецыялізаваныя буд. арг-цыі: «Белспецсантэхбуд», «Аддзелбуд», Кантора механізацыі буд. работ; у 1930 створаны «Белкамунбуд», «Мінбуд», «Энергабудмантаж». У 1932 падрадным спосабам выканана 38% усяго аб’ёму будаўніцтва рэспублікі. Павышаўся тэхн. ўзровень буд-ва: у 1923 працавала 2,3 тыс.прафес. будаўнікоў, у 1932—77,5 тыс.чал. У 1933—37 (2-я пяцігодка) капіталаўкладанні склалі 318 млн.руб.: у прамысловасць — 69 млн.руб., у с.-г. — 91, транспарт — 101, жыллёвае буд-ва — 49, аб’екты камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, нар. адукацыі, культуры і навукі — 48 млн.руб. Рост капітальнага буд-ва патрабаваў рэарганізацыі яго кіраўніцтва, пераходу да буйной буд. індустрыі, пашырэння падраднага спосабу буд-ва. У 1938—1-й пал. 1941 (3-я пяцігодка) капіталаўкладанні ў 1,6 раза перавысілі іх аб’ём за мінулую пяцігодку, у т. л. прам-сці на 13%, транспарту на 39,6%, жыллёвага буд-ва на 69,4%, буд-ва аб’ектаў сац.-культ. сферы ў 3,7, гандлю і грамадскага харчавання ў 3,2 раза. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створана ўласная буйная прамысловасць, карэнна рэканструяваны дзеючыя і пабудаваны новыя прадпрыемствы буд. матэрыялаў, у т. л. Крычаўскі цэментны з-д (100 тыс.т цэменту за год), Гомельскі шклозавод (2 млн.м² аконнага шкла за год), з-ды сілікатнай цэглы ў Клімавічах і Оршы, механізаваныя з-ды па вытворчасці вапны, Магілёўскі з-д па вытворчасці цэглы метадам сухога прасавання і інш. Большасць цагельных і вапнавых з-даў пераведзена на круглагадовую работу, механізаваны працаёмкія работы ў кар’ерах і пры транспарціроўцы прадукцыі. У 1940 выраблена 295 млн. штук цэглы (3% ад агульнай яе вытворчасці ў СССР), 200 тыс.т цэменту (адпаведна — 3,5%). У перадваенны час уведзена ў дзеянне больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 1,3 млн.м жылой плошчы, шмат аб’ектаў культ.-быт. прызначэння і інш.Асн. фонды буд. арг-цый у параўнанні з 1928 павялічыліся ў 8 разоў, вырасла механаўзброенасць буд-ва, якая ў 1940 складала 7,3% (у 1928—1,1%). З ростам тэхн. аснашчанасці буд. арг-цыі павялічвалі аб’ём працы механізаваным спосабам, ствараліся ўмовы для выкарыстання хуткасных метадаў і пераходу на кругласутачнае буд-ва. У 1938 створаны Камітэт па справах буд-ва пры СНКБССР, у 1939 — Нар. камісарыят буд-ваБССР (Наркамбуд).
Пасля Вял.Айч. вайны патрэбы аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі абумовілі павелічэнне маштабаў буд. работ. У 1944—45 больш за 60% капіталаўкладанняў накіравана на аднаўленне машынабуд. прамысловасці і транспарту. У 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 машынабуд., 179 тэкстыльных, 263 швейныя і 487 гарбарнаабутковых прадпрыемстваў, 175 прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. На развіццё нар. гаспадаркі рэспублікі ў 1946—50 выдзелена 1339 млн.руб. капіталаўкладанняў, у т. л.дзярж. і кааператыўным прадпрыемствам і арг-цыям 911 млн.руб., калгасам 80 млн.руб., насельніцтву на буд-ва ўласных жылых дамоў і кватэр 348 млн.руб. На буд. работы накіроўвалася 80% капіталаўкладанняў. Буд.-мантажныя работы на аб’ектах вытворчага прызначэння складалі 43,9%, невытворчага — 56,1%. На аднаўленне нар. гаспадаркі ў абласцях з улікам ступені разбурэння выдзелена капіталаўкладанняў (без калгасаў; млн.руб.): Брэсцкай — 139, Віцебскай — 141, Гомельскай — 181, Гродзенскай — 67, Магілёўскай — 128, Мінскай — 137, Мінску — 251. У 1945 у буд-ве працавала 50 тыс. рабочых і служачых. Каб забяспечыць вызначаныя тэмпы капітальнага буд-ва, у першую чаргу аднаўлялася і развівалася прамысловасць буд. індустрыі і буд. матэрыялаў. У Мінску пабудаваны з-ды па вытворчасці вежавых кранаў, буд. дэталей, шлакаблочны, лесапільны і дрэваапрацоўчы камбінаты, блокаў і асфальтабетонны, гіпсавы, цагельны №1 і №10, металаканструкцый, камбінат буд. матэрыялаў; у Баранавічах, Пінску, Полацку — з-ды буд. дэталей. У Гомелі пачалі працаваць з-ды шлакаблочны, клінкерны і буд. дэталей. Уведзены ў дзеянне домабуд. камбінат у Рэчыцы, цагельныя з-ды ў Хойніках, Магілёве, Бабруйску, шыферны з-д у Крычаве і інш. У 1946—50 у рэспубліцы пабудавана 245 прадпрыемстваў. У 1945—47 у Беларусі створаны Мін-ва жыллёва-грамадз.буд-ва, Гал. ўпраўленне прамысловага буд-ва, Гал. ўпраўленне па аднаўленні г. Мінска, а таксама буд. арг-цыі саюзных мін-ваў («Аўтапрамбуд», «Белтрактарабуд», «Станкабуд» і інш.). Для буд-ва ў сельскай мясцовасці жылля і грамадскіх пабудоў у 1945 пры СМБССР створана Упраўленне па справах сельскага і калгаснага буд-ва. У 1951—55 у нар. гаспадарку Беларусі ўкладзена 2178 млн.руб., з якіх 1307 млн.руб. (60%) — на буд-ва аб’ектаў вытворчасці. У галіны сац.-культ. сферы накіравана 871 млн.руб. капіталаўкладанняў. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 147 буйных (мінскія трактарны, гадзіннікавы з-ды, камвольны камбінат, Аршанскі з-д швейных машын і інш.). Вял. ўвага аддавалася далейшаму развіццю буд. індустрыі, механізацыі і індустрыялізацыі буд-ва, ператварэнню буд. вытворчасці ў механізаваны паточны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з буйнапамерных элементаў і вузлоў. Пабудаваны мінскія з-ды мінеральнай ваты і ацяпляльнага абсталявання, вапнавы, гіпсавалакністых і жалезабетонных вырабаў, Гарынскі з-д вогнетрывалай цэглы, сілікатны з-д у Оршы, Крычаўскі з-д вапнавай мукі і інш. Колькасць прамысл. прадпрыемстваў буд. індустрыі павялічылася з 17 у 1950 да 28 у 1955. Вытворчыя асн. фонды буд. арг-цый рэспублікі за 1950—55 выраслі ў 5 разоў і склалі 240 млн.руб., у т. л. вартасць буд. машын, механізмаў і аўтатранспарту 160 млн.руб. На буд-ве працавала 395 экскаватараў, 455 пад’ёмных кранаў, 76 аўтапагрузчыкаў і інш. Аснашчэнне падрадных арг-цый тэхнікай і механізмамі дало магчымасць у 1955 выканаць буд.-мантажных работ у аб’ёме 1,5 млрд.руб. У 1955 пачата буд-ва 10 з-даў і 20 палігонаў зборнага жалезабетону, выраблена 106 тыс.м³ жалезабетонных вырабаў, што ў 20 разоў перавышала паказчыкі 1950. На развіццё буд. індустрыі затрачана 57 млн. руб.
У выніку перабудовы кіравання прамысловасцю і буд-вам у БССР на базе Мін-вагар. і сельскага буд-ва і Мін-вабуд-ва створана Гал. ўпраўленне буд-ва пры СМБССР — Галоўбуд БССР, у які ўваходзілі 13 агульнабуд. і 8 спецыялізаваных трэстаў. На развіццё эканомікі рэспублікі станоўча паўплываў пераход ад галіновага да тэр. прынцыпу кіравання краінай, у т. л. буд-вам. У 1956—65 здадзена ў эксплуатацыю 246 буйных прамысл. прадпрыемстваў, асвоена капіталаўкладанняў 3716 млн.руб., у 1961—65—6352 млн.руб. Пабудаваны нафтаперапрацоўчы з-ду Наваполацку, 1-ы Салігорскі калійны камбінат (пачата буд-ва і 2-га), Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Гомельскі суперфасфатны, Светлагорскі штучнага валакна, Лідскі лакафарбавы, Пінскі і Нясвіжскі кармавога біяміцыну, Бабруйскі гумава-тэхнічных вырабаў, Барысаўскі пластмасавых вырабаў з-ды. У 1950—60-я г. ствараюцца Жодзінскі аўтазавод, мінскія маторны і халадзільнікавы з-ды, арганізавана вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і вузлоў на спецыялізаваных Гродзенскім, Баранавіцкім, Барысаўскім і Мінскім з-дах. Мінскі трактарны з-д замест тралёвачных гусенічных трактароў стаў выпускаць універсальныя колавыя трактары «Беларусь». У Гомелі пабудаваны падэталёва спецыялізаваныя з-ды нармалізаваных вузлоў і гідраапаратуры для станкабудаўніцтва, пераабсталяваны станкабуд. з-ды ў Оршы і Маладзечне. У 1965 за кошт уласнай вытворчасці Беларусь амаль поўнасцю пакрывала сваю патрэбнасць у чыгунным ліцці і гарачых штампоўках і на 76% у пакоўках. У выніку буд-ва ў Бабруйску спецыялізаванага з-да гумава-тэхн. вырабаў завоз іх у рэспубліку таксама амаль спыніўся. Увядзенне ў дзеянне Баранавіцкага баваўнянага, 2-й чаргі Аршанскага льнокамбіната, Пінскага з-да па вытворчасці штучнай скуры, Брэсцкага дывановага камбіната, некалькіх ільнозаводаў і цэхаў мачэння лёну і інш. стварыла ўзаемазвязаны комплекс прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці У раёнах найбольшых тарфяных масіваў створаны буйныя высокамеханізаваныя торфапрадпрыемствы «Асінторф» у Віцебскай, «Смалявіцкае», «Чырвоны сцяг», «Бярэзінскае» ў Мінскай, «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай абласцях. Уведзена ў дзеянне Васілевіцкая ГРЭС, павялічана магутнасць Бярозаўскай ДРЭС. Асн. фонды эксплуатуемых электрастанцый на 2/3 мелі новыя магутнасці. У 1950 уведзены ў эксплуатацыю газаправод Дашава—Мінск, што дазволіла павялічыць спажыванне ў якасці паліва прыроднага газу. Перадумовай выканання праграмы новага буд-ва, рэканструкцыі і пашырэння дзеючых прадпрыемстваў стала ўдасканаленне структуры падпарадкавання і кіравання буд. комплексам. Да 1957 буд-ва вялі ў асноўным рэсп. арг-цыі: Мін-вабуд-ва, «Белкалгасбуд», «Меліявадгас», «Белгандальбуд», «Дарбуд». Значны аб’ёмбуд.-мантажных работ выконвалі падрадныя арг-цыі саюзных мін-ваў. Пасля стварэння Савета нар. гаспадаркі СССР адбылася рэарганізацыя кіравання буд-вам у рэспубліцы: мін-вы прамысловага, сельскага, спец. і мантажных работ аб’ядналі больш за 90% нізавых падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі больш за 95% аб’ёму капітальнага буд-ва. Створаная ў 1956 новая форма падрадных буд. арг-цый «Міжкалгасбуд» выконвала ўсе віды буд-ва ў калгасах, мела сваю асабістую вытворча-тэхн. базу. З 1958 агульнае кіраўніцтва буд. арг-цыямі калгасаў ажыццяўляў «Галоўкалгасбуд БССР». У раёнах створаны матэрыяльна-тэхн. базы ў выглядзе адзінай сістэмы прадпрыемстваў і гаспадарак, якія забяспечвалі буд. работы. Базы буд. індустрыі былі ў Мінску і ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў Наваполацку, Салігорску, Светлагорску, Оршы, Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Мазыры, Пінску. Мін-ву прамысловага буд-ва было падпарадкавана 25, Мін-ву сельскага буд-ва — 10 буд. баз. У іх склад уваходзілі асфальтабетонныя з-ды, рамонтна-мех. майстэрні, сродкі механізацыі, склады для захоўвання цэменту, з-ды таварнага бетону і інш. прадпрыемствы.
У 1965 у Беларусі дзейнічала 361 дзярж. і 112 міжгасп. падрадных буд. арг-цый, у якіх працавала 222,3 тыс.чал. Для паспяховага выканання падрадных работ неабходна было ператварэнне буд. вытворчасці ў механізаваны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з вузлоў і дэталей, вырабленых на з-дах. На аснове індустрыялізацыі і комплекснай механізацыі буд-ва, выкарыстання новых эфектыўных буд. матэрыялаў, спецыялізацыі прадпрыемстваў па вытворчасці зборнага жалезабетону аб’ёмы яго выпуску на 13 з-дах Мін-вабуд-ваБССР у 1965 склалі 1183 тыс.м³, 10 з-дах Мін-ва сельскага буд-ва — 196 тыс.м³ зборных дэталей і канструкцый. Падрадныя арг-цыі па вытворчасці зборнага жалезабетону вырабілі 66 тыс.м³. У выніку выкарыстання зборных канструкцый у розных галінах буд-ва 62,6% падрадных работ у 1965 выканана індустрыяльнымі метадамі. Індустрыялізацыя буд-ва паўплывала на спецыялізацыю і кіраўніцтва падраднымі арг-цыямі, на ўкараненне новай высокапрадукцыйнай тэхнікі і перадавых метадаў вядзення работ. Узбуйненне буд. арг-цый і перавядзенне іх на гасп. разлік дазволіла скараціць тэрмін буд-ва, павысіць прадукцыйнасць працы, знізіць кошт буд.-мантажных работ, павялічыць эфектыўнасць капіталаўкладанняў. Разам з тым у рэспубліцы дзейнічала шмат пярвічных падрадных арг-цый малой магутнасці, якія пры хуткім росце аб’ёмаў зборнага жалезабетону не маглі забяспечыць яго зборку індустрыяльнымі метадамі. У буд-ве заставалася высокай удзельная вага ручной працы. З-за нізкай тэхналогіі вырабу жалезабетону будоўлі атрымлівалі ўцяжараныя канструкцыі, што адмоўна ўплывала на кошт і эканам. паказчыкі аб’екта, патрабавала вял. расходаў сыравіны, матэрыялаў, паліва, прац. рэсурсаў. У канцы 7-й пяцігодкі праявілася памылковая тэндэнцыя скарачэння вытворчасці цэглы, што прычыніла вял. страты эканоміцы рэспублікі ў наступныя гады. Вял. ўвага аддавалася жыллёваму буд-ву. У 1956—65 на Беларусі пабудавана 692, 1 тыс. кватэр агульнай (карыснай) пл. 29,1 млн.м². Новыя кватэры атрымалі 3,1 млн.чал. (36% насельніцтва рэспублікі). Гарадскі жыллёвы фонд у канцы 1965 склаў 32 млн.м². Значныя сродкі накіроўваліся на буд-ва школ, культ.-бытавых і мед. устаноў. У 1966—90 буд. комплекс займаў асаблівае месца ў вырашэнні задач развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл, стварэння эканам. патэнцыялу рэспублікі і яе рэгіёнаў (гл.табл. 1). У гэты час асвоена больш як 121 млрд.руб. капіталаўкладанняў. У 1966—70 пабудавана 78 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Лукомская ДРЭС, камбінат сінтэтычнага валакна ў Магілёве, 3-і калійны камбінат у Салігорску, цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, буйныя магутнасці на Полацкім хім. камбінаце «Палімір». Здадзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай (карыснай) пл. 20,4 млн.м². У 1967—70 у сельскай мясцовасці пабудавана 127,5 тыс. кватэр (6,8 млн.м²), 600 агульнаадукацыйных школ, бальніц на 1277 ложкаў, 964 камбінаты быт. абслугоўвання і інш. У 9-й пяцігодцы капіталаўкладанняў асвоена ў 1,5 раза больш, чым у 8-й. Пабудавана 97 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы ў Мазыры, з-даўтам. ліній у Баранавічах, прадзільна-нітачны камбінат у Гродне, інструментальны з-д у Оршы і інш. У 1966—90 бел. будаўнікі выканалі буд.-мантажных работ на 69 млн.руб. У 1990 аб’ёмбуд.-мантажных работ у параўнанні з 1965 вырас у 3,3 раза, у т. л. падрадным спосабам у 4,2 раза. Сярэднегадавыя тэмпы буд.-мантажных работ склалі 8,3%, прырост таварнай прадукцыі прамысловасці буд. канструкцый, дэталей і матэрыялаў — 10,4%. Прадукцыйнасць працы на буд-ве вырасла ў 3 разы. У праектных арг-цыях Беларусі працавала 30 тыс.чал., якія штогод выконвалі праектныя работы на 250 млн. руб.
Ведамасная раз’яднанасць (падпарадкаванне розным мін-вам, ведамствам, мясц. Саветам) абцяжарвала правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў буд-ве. Павышэнне тэхн. ўзроўню буд. вытворчасці дасягалася за кошт пашырэння аб’ёмаў выкарыстання эфектыўных канструкцый і матэрыялаў, індустрыяльнай тэхналогіі буд.-мантажных работ, укаранення эфектыўных сродкаў механізацыі, абсталявання і павышэння на гэтай аснове ўзроўню комплекснай механізацыі мантажна-буд.. работ, больш сучасных метадаў арганізацыі вытворчасці і працы.
Гэта дазволіла знізіць колькасць працуючых на буд.-мантажных работах. У 1990 фондаўзброенасць буд-ва ў параўнанні з 1965 вырасла ў 2 разы, колькасць буд. машын — у 3,5 раза. У выніку дэстабілізацыі ў кіраўніцтве эканомікай, парушэння сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння тэмпы росту прадукцыйнасці ў буд. комплексе рэспублікі знізіліся. Скарацілася колькасць дзярж. пярвічных падрадных буд. і мантажных арг-цый. У 1985 іх было 1144, у 1990—1090. Размяшчэнне прадпрыемстваў буд. комплексу па рэгіёнах рэспублікі было нераўнамернае, што павялічвала нерацыянальныя трансп. выдаткі. Такое становішча было выклікана недастатковым выдзяленнем капіталаўкладанняў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы буд. комплексу, іх удзельная вага ад агульных аб’ёмаў капіталаўкладанняў у развіццё нар. гаспадаркі ў рэспубліцы была ніжэйшая, чым у цэлым na СССР і ў суседніх рэспубліках. Тым не менш у 1986—90 аб’ёмы капіталаўкладанняў выраслі да 39 млн.руб. і павялічыліся на 37,8%, у сельскай гаспадарцы — на 53,7%, развіццё асабістай базы буд-ва — на 32,7%, магутнасцей прамысловасці — на 22,6%, удзельная вага капіталаўкладанняў у прамысловасці знізілася з 34,6% да 30,8%. Капіталаўкладанні накіроўваліся пераважна ў машынабудаванне і металаапрацоўку (выраслі на 28,9%), лясную, дрэваапрацоўчую і цэлюлозна-папяровую прамысловасць (адпаведна 38,9%), прамысловасць буд. матэрыялаў (38,6%). Працягвалася пераўзбраенне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне высокапрадукцыйнага абсталявання. Капіталаўкладанні ў перапрацоўчыя галіны прамысловасці павялічыліся ў 1,7 раза, у лёгкую прамысловасць на 41,1%. Пераважнай формай узнаўлення асн. фондаў у прамысловасці сталі рэканструкцыя і пераўзбраенне. Затраты на іх выкананне ў 1990 склалі 68,9%, на пашырэнне — 13,2%, на новае буд-ва прадпрыемстваў — 17,9%, агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў. У лёгкай прамысловасці затраты на рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне склалі 87,5%, харчовай — 71,4%, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — 73,7%, прамысловасці буд. матэрыялаў — 50,9%. Павялічыліся капіталаўкладанні ў невытворчае буд-ва. За кошт усіх крыніц фінансавання яны склалі 30,3% ад агульнага аб’ёму, у т. л. на развіццё культуры выраслі ў 2,9 раза, нар. адукацыі — на 65,5%, жылога буд-ва — на 46,8%. Тым не менш становішча ў буд-ве не адпавядала патрабаванням аздараўлення эканомікі. Зрыў планаў па ўвядзенні ў дзеянне асобных магутнасцей і аб’ектаў стаў адной з прычын нарастаючай матэрыяльнай незбалансаванасці ў нар. гаспадарцы. Бясплатнасць і незваротнасць дзярж. цэнтралізаваных капіталаўкладанняў прывялі да неабмежаванага інвестыцыйнага попыту, які не скараціўся і пасля пераводу прадпрыемстваў на самафінансаванне ва ўмовах існуючай у той час гасп. сістэмы. У выніку непамерна пашыраўся фронт незавершанага буд-ва. З-за празмерна вял. колькасці аб’ектаў, якія будаваліся адначасова, пры тэрмінах буд-ва, што ў 2—3 разы перавышалі нарматыўныя, у канцы 1990 незавершанае буд-ва ў дзярж. і кааператыўных прадпрыемствах і арг-цыях (без калгасаў) да агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў вырасла да 70%, у 1985 гэты паказчык складаў 52%. У 1988 у дзеянне не ўведзены кожны трэці аб’ект дзярж. заказу. З 24 пускавых аб’ектаў дзярж. заказу 1989 здадзены ў эксплуатацыю толькі 11 (46%). У 1990 незавершанага буд-ва аб’ектаў вытворчага прызначэння было на 19% больш, чым у 1989. Рост незавершанага буд-ва суправаджаўся назапашваннем неўстаноўленага абсталявання. На 1.1.1990 запасы неўстаноўленага абсталявання склалі 11% да паступіўшага з пач.буд-ва, з іх 7% замежнае. Акрамя таго, 9% абсталявання было зманціравана, але не ўведзена ў дзеянне.
Пераход капітальнага буд-ва на прынцыпы рыначных адносін змяніў арганізацыю буд. вытворчасці і кіравання, матэрыяльнага забеспячэння, структуры буд. арг-цый, адносіны з субпадрадчыкамі і інш. Адным з гал. кірункаў фарміравання рыначных адносін у капітальным буд-ве стаў адыход ад замацавання заказчыкаў да падрадчыкаў і пераход да рынку падрадных работ. Рыначныя адносіны ў капітальным буд-ве патрабавалі дэцэнтралізацыі яго кіравання. У якасці асновы рэгіянальнай арганізацыі буд-ва створаны буд. аб’яднанні як адзіныя вытворча-гасп. комплексы з замкнутым цыклам буд-ва аб’ектаў, якія знаходзяцца на гасп. разліку і нясуць поўную матэрыяльную адказнасць за арганізацыю буд-ва і ўвод у дзеянне аб’ектаў. Пераход да рыначнай эканомікі ў капітальным буд-ве садзейнічаў фарміраванню форм уласнасці, стварэнню малых прадпрыемстваў і арг-цый, кааператываў, арэндных прадпрыемстваў, што дазволіла арганізаваць праектна-буд. і інш. фірмы з пераходам на конкурснасць пры праектаванні і буд-ве аб’ектаў. На этапе пераходу да рыначных адносін дынаміка і структура інвестыцый складвалася пад уплывам такіх важных працэсаў, як прыватызацыя і раздзяржаўленне дзярж. маёмасці, змяненне галіновай структуры эканомікі, развіццё жорсткай канкурэнцыі паміж таваравытворцамі, барацьба за рынкі рэалізацыі прадукцыі і паслуг. У сферы інвестыцый для пераходнага перыяду характэрным стала зніжэнне аб’ёмаў дзярж. інвестыцый, павышэнне ролі недзярж. крыніц фінансавання, скарачэнне выпуску тавараў вытворчага прызначэння. У гэтых умовах у Беларусі склалася крызісная інвестыцыйная сітуацыя. Адбыўся глыбокі спад інвестыцыйнай актыўнасці (гл.табл. 2). Значнае змяншэнне інвестыцый у асноўны капітал адбылося ў 1990—96. За гэты час індэксы інвестыцый у супастаўных цэнах у працэнтах да папярэдняга года знізіліся і склалі 69% у 1995 да 1994, 95,2% у 1996 да 1995. З 1997 пачаўся пераход да станоўчай тэндэнцыі ў дынаміцы інвестыцый. Іх рост у 1997 да 1996 склаў 119,6%, у 1998 адпаведна — 125%, у 1999—92%, у 2000—102%, у 2001—96,5%, у 2002—106%. Аднак аб’ём інвестыцый у асн. капітал да 1990 склаў у 1995 усяго 39%, у 2001—50%, у 2002—52%. Увод у дзеянне жылых дамоў да базавага 1990 у 1995 склаў толькі 37%, у 2001—57%, у 2002 зноў знізіўся да 53%. Рэзка скараціліся інвестыцыі ў асноўны капітал прамысловасці. Да аб’ёму інвестыцыйных укладанняў 1990 яны знізіліся да 48%. У наступныя гады адбыўся рост інвестыцый у асн. фондаўтваральную галіну, але іх аб’ём у 2002 да ўзроўню 1990 склаў толькі 63%. Асабліва глыбокі крызіс адбыўся ў інвестыцыйнай сферы сельскай гаспадаркі — інвестыцыі ў асн. капітал гэтай галіны ў 2001 склалі ўсяго 8% да ўзроўню 1990. Прычыны гэтага ў значным пагаршэнні якаснага стану вытворчага патэнцыялу і хранічным недахопе фінансавых і інвестыцыйных рэсурсаў (і ўнутраных, і знешніх). Фізічны знос актыўнай часткі асн. фондаў у цэлым па краіне складае больш за 75%, у прамысловасці — 80%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 84%, у буд-ве — 79%, у с.-г. — 79%, на транспарце — 66%. Такая сітуацыя абумоўлена не толькі ўстарэлым вытворчым патэнцыялам (каэфіцыент зносу актыўнай часткі асн. фондаў склаў у 1990 па нар. гаспадарцы 39%, у прамысловасці — 50%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 58%), але недаінвесціраваннем рэальнага сектара эканомікі. Калі ВУП у 2002 у адносінах да 1990 склаў 96,6%, то інвестыцыі толькі 52%. Пры гэтым найб. спад інвестыцый адбываўся ў навукаёмістых, экспартаарыентаваных і фондаўтваральных галінах: у машынабудаванні ў 2 разы, радыёпрамысловасці — у 20 разоў, электроннай прамысловасці больш чым у 11 разоў, у галіне «навука і навуковае забеспячэнне» — амаль у 8 разоў. У той жа час прасочваецца далейшая тэндэнцыя зніжэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі за кошт сродкаў бюджэту і цэнтралізаванага эмісійнага крэдытавання. Скарачаюцца фінансавыя магчымасці суб’ектаў гаспадарання, рэнтабельнасць якіх у прамысловасці (з адносна кароткім вытворчым цыклам) з кожным годам пагаршаецца. Праблемы гэтага ў самой інвестыцыйнай сферы выкліканы тэхналагічнай і ўзнаўленчай структурай укладанняў, значнымі памерамі незавершанага буд-ва. Інвестыцыі на буд.-мантажныя работы складаюць 48%, на абсталяванне, інструмент і інвентар — 33%. У галіновай структуры інвестыцый удзельная вага прамысловасці за 1990—2001 павысілася з 24,4% да 31,2%. Павысілася доля інвестыцый у транспарце, сувязі, жыллёвым буд-ве, камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя. Разам з тым у галіновай структуры знізіліся інвестыцыі сельскай гаспадаркі з 2,5% да 2%, культуры — з 0,8 да 0,7%, навукі — з 1,1 да 0,1%. У такой інвестыцыйнай сітуацыі у мэтах забеспячэння высокіх і ўстойлівых тэмпаў росту эканомікі, далейшых рыначных пераўтварэнняў у сац. сферы, павышэння канкурэнтаздольнасці і эканам. бяспекі рэспублікі патрабуюцца значныя інвестыцыйныя ўкладанні. Фактычнае становішча сведчыць аб недаінвесціраванні эканомікі ў 2001—03. У сярэднім за гэты перыяд за год асвойвалася 2 млрд. долараў ЗША, г.зн. 66% да неабходнага аб’ёму інвестыцый. Пры абмежаванасці ўнутр. крыніц інвестыцый павялічваецца значэнне знешняга фінансавання, асабліва атрымання прамых замежных інвестыцый (у 1990—2000 аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусі быў адным з найменшых сярод краін Цэнтр. і Усходняй Еўропы і склаў 1,6 млрд. долараў ЗША).
Літ.:
Малинин С.Н., Иппа М.М. Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Беларуси. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДАЛЬ
Унутраны гандаль забяспечвае абарачэнне і рух тавараў са сферы вытворчасці ў сферу спажывання, вызначае эканам. ўзаемаадносіны паміж іх вытворцамі, прадаўцамі і спажыўцамі. Праз сферу гандлю ажыццяўляецца рыначнае ўзгадненне таварнай прапановы з пакупніцкім попытам, адбываецца паступленне бягучых грашовых сродкаў і розных відаў падаткаў у бюджэт, што садзейнічае стабілізацыі фін. становішча дзяржавы, дынамічнаму развіццю ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства. Гэта разгалінаваная сетка гандл. арганізацый і прадпрыемстваў грамадскага харчавання з высокакваліфікаванымі кадрамі, неабходным абсталяваннем і складской гаспадаркай дае 12% валавога ўнутр. прадукту Беларусі. У яе рознічным гандлі і грамадскім харчаванні працуе 420 тыс.чал., або 9,7% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Прававое становішча, прынцыпы і парадак дзейнасці гандл. прадпрыемстваў вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб гандлі» (1997). Кіраўніцтва дзярж. гандлем ажыццяўляе Мін-ва гандлю, у спажывецкай кааперацыі — Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»). Яны праводзяць у жыццё дзярж. палітыку ў галіне ўнутр. гандлю і грамадскага харчавання, рэгулююць адносіны, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб гандлі і рэкламнай дзейнасці. Гандл. прадпрыемствы і арганізацыі розных тыпаў дзейнічаюць у сістэме многіх іншых мін-ваў, Бел. чыгункі, Бел.дзярж. канцэрна па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці («Беллегпрам»), мясц. выканаўчых і распарадчых органаў і інш.
Развіццю знешняга і ўнутр. гандлю на тэр. Беларусі здаўна спрыяла выгаднае геагр. становішча. З часоў Кіеўскай Русі тут праходзіла значная частка шляху з «варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, укр. землямі, Зах. Еўропай. Вылучэнне ў 5—8 ст. з сельскіх промыслаў асобных відаў рамёстваў (металургічнага, ювелірнага, ганчарнага, ткацкага, гарбарнага і інш.) спрыяла ўзнікненню пастаяннага і ўстойлівага гандлю таварамі рамеснікаў у абмен на прадукцыю земляробства, жывёлагадоўлі, збіральніцтва, рыбалоўства і палявання. У 12—1-й пал. 13 ст. буйныя гарады сталі цэнтрамі ўнутр. і знешняга гандлю. Яны мелі рынкі, на якіх абменьвалі і прадавалі прадукты харчавання, рамесныя вырабы, замежныя тавары. У 9—13 ст. Беларусь мела гандл. зносіны з Візантыяй, Арабскім Усходам, Зах. Еўропай, усходнеслав. княствамі. У гэты перыяд з тэр. Беларусі экспартавалі пераважна мёд, воск, лён, зброю і інш. тавары, якія прадаваліся на рынках Еўропы, Візантыі, Усходу. У 13—1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ, як і ў цэлым у Еўропе, адбывалася бурнае развіццё рамеснай вытворчасці, што суправаджалася расшырэннем гандл. адносін паміж горадам і вёскай, паміж рознымі рэгіёнамі, з інш. краінамі. Гар. купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гар. рынках у час кірмашоў, наладжвалі пастаянны гандаль на латках і ў крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1—2 разы на тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і 1—3 кірмашы на год, на якія, апрача мясцовых, прыязджалі і замежныя купцы. У 15—16 ст. купцы, як і рамеснікі, стваралі свае прафес. аб’яднанні — купецкія гільдыі, або брацтвы, па тыпу цэхаў. Купецкія аб’яднанні імкнуліся да манапольнага права гандлю ў сваім горадзе і на яго перыферыі, бралі на сябе абавязацельствы верна служыць свайму гораду і прыносілі яму прысягу, будавалі грамадскія будынкі і ўтрымлівалі храмы. Усталёўваліся рэгулярныя гандл. сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Купцы бел. гарадоў гандлявалі з польскімі, чэшскімі, германскімі і інш. землямі, з балт. краінамі, Залатой Ардой і Расіяй, дасягалі Візантыі, Турцыі і краін Усходу. Актывізацыі гандлю ў 18 — пач. 19 ст. спрыялі адраджэнне сельскай гаспадаркі і рамесніцкай вытворчасці, развіццё мануфактур, расшырэнне таварна-грашовых адносін, паляпшэнне сродкаў зносін. У гарадах (Мінск, Шклоў, Зэльва, Гродна, Кобрын) праводзіліся буйныя міжрэгіянальныя кірмашы, адкрываліся магазіны па продажы мануфактурных вырабаў. У 19 ст. на Беларусі сфарміраваліся мясц. (губернскія) рынкі, цесна звязаныя паміж сабой і агульнарас. рынкам. Напр., на мінскім рынку, апрача продажу збожжа, малочных прадуктаў, мяса, рыбы, гандлявалі вырабамі шкляной прамысловасці, паперай, кардонам, с.-г. тэхнікай і інш. Буйнымі гандл. цэнтрамі былі Магілёў, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст, Пінск. У структуры рознічнага гандлю пераважалі дробныя крамы і ларкі, на долю якіх у 1900 прыпадала 88,5% усёй рознічнай сеткі. У 1913 у Мінскай, Магілёўскай і ў бел. паветах Віцебскай вобл. налічвалася 218 гандл. дамоў з капіталам 2,2 млн.руб. Развіваўся і біржавы гандаль. У 1909 у Мінску ўзнікла лясная біржа, а напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Віцебску — таварная. У 1913 на Беларусі зарэгістраваны 1094 кірмашы па продажы лесу, свойскіх жывёл і лёну. За 1900—13 рознічны тавараабарот на Беларусі павялічыўся на 70,5%. і дасягнуў 163 млн.руб. Каля 80% рознічнага тавараабароту даваў прыватны гандаль.
У перыяд 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі настаў востры таварны голад на харч. прадукты і інш. тавары першай неабходнасці, рэзка скарацілася вытворчасць прадметаў спажывання, а гандл.-эканам. сувязі з унутр. губернямі Расіі мелі эпізадычны характар. Цяжкасці з харч. прадуктамі актывізавалі каап. рух. Толькі ў Магілёўскай губ. ў 1917 узнікла 446 спажывецкіх т-ваў. Ствараліся губернскія, павятовыя і валасныя харч. камітэты. З утварэннем БССР у студзені 1919 створаны Наркамхарч БССР, у распараджэнне якога перайшлі нацыяналізаваныя гандл. прадпрыемствы, склады, абсталяванне, тавары. Буйны аптовы гандаль быў сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. У 1921—22 пачалі дзейнічаць дзярж.гандл. фірмы «Захадлес», Камерцыйны аддзел Савета нар. гаспадаркі БССР і гандл. органы яго ўпраўленняў, «Дзяржгандальбел», «Віцебскгандаль», «Белмедгандаль», «Цэнтрземсклад». У вёсцы арганізацыя рознічнага гандлю была ўскладзена на спажывецкую кааперацыю. Існаваў і прыватны гандаль, на долю якога ў 1923—24 прыпадала 11% аптовага і 71% рознічнага тавараабароту. У 1925/26 рознічны тавараабарот рэспублікі на 9% перасягнуў узровень 1913. Да 1930-х г. прыватны гандаль быў амаль выцеснены сацыяліст. сектарам. Калі ў 1923/24 удзельная вага дзярж. і каап. гандлю ў рознічным тавараабароце БССР складала 28,7%, то ў 1932—99,9%; удзельная вага прыватнага гандлю скарацілася адпаведна з 71,3 да 0,1%. У 1928 агульны тавараабарот гандлю ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 1,8 раза, а ў 1940 — у 3,2 раза. Для забеспячэння прамысловасці сыравінай, а насельніцтва харч. прадуктамі ўведзены абавязковыя пастаўкі с.-г. прадукцыі; таварная прадукцыя, якая заставалася ў калгасах пасля абавязковых паставак, прадавалася дзяржаве ці кааперацыі па цэнах, вышэйшых за нарыхтоўчыя, частка яе рэалізавалася на калгасных рынках. Узнікла новая форма сав. гандлю — калгасны гандаль. Вядучым стаў дзярж. гандаль, доля якога ў рознічным тавараабароце ў 1940 дасягнула 63%, каап. і калг. сектары давалі 37%. У гады Вял.Айч. вайны матэрыяльна-тэхн. база сав. гандлю на Беларусі была амаль знішчана. Агульныя страты, прычыненыя дзярж. гандлю, склалі 0,7 млрд.руб., кааперацыі — 1,9 млрд.руб. (у дзярж. цэнах 1941). Да канца 1940-х г. тавараабарот на душу насельніцтва на 8% перасягнуў узровень 1940. Гэтаму садзейнічалі адмена ў 1947 картачнай сістэмы на харч. і прамысл. тавары, зніжэнне цэн у 1949 і 1950 на многія тавары нар. спажывання, рост аплаты працы насельніцтва.
Развіццё эканомікі БССР у пасляваен. гады забяспечыла хуткі рост прамысл. і с.-г. вытворчасці, прырост нац. даходу, што стварыла матэрыяльныя перадумовы для развіцця гандлю. Больш хуткімі тэмпамі развіваўся дзярж. гандаль, на долю якога ў 1973 прыпадала амаль 2/3 рознічнага тавараабароту. За 1950—75 удзельная вага магазінаў у тавараабароце дзярж. і каап. гандлю вырасла з 64,7 да 80,5%, пабудаваны сучасныя гандл. прадпрыемствы. Колькасць магазінаў і палатак павялічылася з 15 да 25 тыс. У спажывецкай кааперацыі на сельскую гандл. сетку прыпадала амаль 2/3 усіх магазінаў (1975). З’явіліся новыя метады абслугоўвання, у т. л. самаабслугоўванне. У 1974 на самаабслугоўванні працавала 51,5% магазінаў Мін-ва гандлю БССР, на долю якіх прыпадала 64,7% рознічнага тавараабароту, у спажывецкай кааперацыі — адпаведна 77,4 і 83,9%. Прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання забяспечваліся сучасным гандл., халадзільным і тэхнал. абсталяваннем, паляпшалася іх складская гаспадарка з 99 тыс. у 1965 да 150 тыс. у 1975 павялічылася колькасць работнікаў дзярж. гандлю, спажывецкай кааперацыі — адпаведна з 44 да 60 тыс.чал. У сістэме Мін-ва гандлю БССР утвораны канторы па аптовым гандлі прадметамі спажывання: «Белабутакгандаль», «Белтэкстыльгандаль», «Белгандальадзенне», «Белмясарыбагандаль», «Белбакалея», «Белгаспгандаль», «Белкультгандаль», «Белгалантарэя». Рознічная сетка дзярж. гандлю была прадстаўлена сістэмай мясц. органаў гандлю ў гарадах. Аб’яднанне «Белювеліргандаль» ажыццяўляла рознічны гандаль праз сетку універсальных і спецыялізаваных магазінаў, аддзелы і органы рабочага забеспячэння абслугоўвалі рабочых некаторых мін-ваў і інш. Адкрываліся аптовыя магазіны па продажы сродкаў вытворчасці, дзейнасць якіх каардынавалі Гал. ўпраўленне матэрыяльна-тэхн. забеспячэння БССР і «Белсельгастэхніка». У гандл. сетцы спажывецкай кааперацыі БССР працавала 16 тыс. магазінаў і палатак, якія давалі каля 40% ад тавараабароту дзярж. і каап. гандлю. Дзяржава ажыццяўляла функцыі эканам. рэгулявання калгаснага гандлю, доля якога складала каля 2% ад рэсп. тавараабароту.
У 1970—80-я г., калі ў СССР у цэлым знізіліся паказчыкі развіцця эканомікі ў параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем, на Беларусі тэмпы зніжэння былі некалькі меншыя, чым у інш. саюзных рэспубліках. Колькасць насельніцтва ў гэты перыяд дасягнула даваеннага ўзроўню, гар. насельніцтва зраўнялася з сельскім, а потым і перавысіла яго, выраслі нац. даход рэспублікі, вытворчасць тавараў нар. спажывання, рэальныя даходы насельніцтва, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі. Гэта абумовіла рост тавараабароту рознічнага гандлю, які павялічыўся з 5,2 млрд.руб. у 1970 да 9,9 млрд.руб. у 1980, тавараабарот на душу насельніцтва вырас у 1,8 раза. Калі ў 1970 у разліку на душу насельніцтва прададзена харч. тавараў на суму 314 руб., а нехарч. — на 265 руб., то ў 1980 рэалізавана прадуктаў харчавання на 524 руб., а нехарч. тавараў — на 553 руб. Аднак захоўваўся значны разрыў паміж аб’ёмам пакупак гар. і сельскага насельніцтва. Аб’ём тавараабароту каап. гандлю за гэты перыяд павялічыўся ў 1,6 раза, а яго доля ў агульным тавараабароце краіны знізілася з 33,8% да 33,7%. Рэалізацыя тавараў сельскім спажыўцам у разліку на душу насельніцтва ў 1980 склала 674 руб. пры сярэднім па краіне аб’ёме сярэднедушавога спажывання 1680 руб. Гэты разрыў быў абумоўлены больш нізкімі даходамі сельскага насельніцтва, дыспрапорцыямі ў размеркаванні таварных рэсурсаў паміж гандлюючымі сістэмамі, вузкасцю асартыменту тавараў, высокімі трансп. расходамі і інш. Колькасць магазінаў за дзесяцігоддзе павялічылася на 3752 адзінкі пры росце гандл. плошчы з 1221 м² у 1970 да 1863 тыс.м² у 1980. У 1,4 раза вырасла колькасць работнікаў рознічнага гандлю і склала ў 1980 (з улікам грамадскага харчавання) 264,2 тыс.чал. Узмацнялася спецыялізацыя гандл. сеткі, зніжаліся выдаткі абарачэння, павышалася рэнтабельнасць, аднак пры гэтым стала павялічвацца неадпаведнасць паміж пакупніцкім попытам і прапановай тавараў нар. спажывання, павялічыўся аб’ём незадаволенага попыту.
У 1980-я г., нягледзячы на значныя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прамысл. і с.-г. прадукцыі, шырокае развіццё кааператываў і індывід.-прац. дзейнасці тавараабарот у супастаўных цэнах вырас толькі на 50% і ў 1990 дасягнуў 18,7 млрд.руб. (гл.табл. 1). З 46,9% да 44,92% у тавараабароце знізілася доля харч. тавараў (цукру, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, круп, кансерваў, рыбапрадуктаў і інш.); адпаведна павялічылася доля продажу нехарч. тавараў, найперш дарагіх, складанай быт. тэхнікі і буд. матэрыялаў. Значна павялічыліся памеры незадаволенага попыту. Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання ў 1990 дасягнула 42,9 тысячы. Гандл. плошча ў разліку на 1000 жыхароў склала 231 м². У сістэме рознічнага гандлю арганізацыі дзярж. сектара складалі 32,8%, прыватнага — 67,2, з іх спажывецкай кааперацыі — 67,2%. Высокімі тэмпамі развіваўся аптовы гандаль. У 1990 аптовыя прадпрыемствы дзярж. гандлю забяспечвалі каля 60% рознічнага тавараабароту. Адставанне тэмпаў аб’ёму тавараабароту ад прапановы тавараў было абумоўлена наяўнасцю і перавышэннем афіц. і «скрытага» вывазу тавараў над увозам (адмоўнае сальда склала 3,9 млрд.руб.), заключэннем бартэрных здзелак і вывазам тавараў за межы рэспублікі па абменных аперацыях, ростам цэн і зберажэнняў ва ўстановах ашчаднага банка, дэфіцытам тавараў, пераарыентацыяй буйнога опту з гандл. функцый на размеркавальныя. Для абароны ўнутранага рынку ў 1990 уведзены талоны на тавары першай неабходнасці. У гэты перыяд адбывалася зніжэнне долі спажывецкай кааперацыі ў агульным аб’ёме тавараабароту (да 33,1% у 1990).
У 1990-я г., ва ўмовах развіцця рыначных пачаткаў у эканоміцы, росту кошту жыцця і цэн на спажывецкія тавары, адбываліся істотныя змены ў галіне гандлю, пашыралася прыватызацыя і арэнда гандл. прадпрыемстваў, дэцэнтралізаваўся аптовы гандаль, ажыццяўлялася палітыка стварэння роўных умоў для існавання дзярж. і прыватных структур. У выніку рэфармавання кіравання гандлем гандл. арганізацыям прадастаўлена дадзена* самастойнасць у выбары форм уласнасці, павялічыўся аб’ём таварнай прапановы, абнавіўся асартымент айч. тавараў, палепшылася якасць абслугоўвання. У 2000 у гандл. сетцы прадпрыемстваў рознічнага гандлю працавала 25,9 тыс. магазінаў з агульнай гандл. плошчай 2,7 млн.м², у т. л. 5,3 тыс. магазінаў дзярж. і 20,5 тыс. — прыватнай формы ўласнасці, з іх 13,5 тыс. — спажывецкай кааперацыі (гл.табл. 2). Аб’ём продажу гандл. прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці вырас з 6,4 млрд.руб. у 1990 да 3119 млрд.руб. (з улікам дэнамінацыі) у 2000, або 74% ад агульнага тавараабароту (гл.табл. 1). Пераўтварэнне форм уласнасці ў гандлі ажыццяўлялася шляхам стварэння акц. т-ваў, продажу магазінаў на аукцыёнах і па конкурсе, выкупу арандаванай маёмасці прац. калектывамі. Створана канкурэнтнае асяроддзе ў выглядзе традыц. арганізаванай сеткі, неарганізаванай сеткі (рэчавыя і харч. рынкі), фірменных магазінаў і электроннага гандлю. Разам з тым з-за недасканаласці заканад. базы і адсутнасці належнага кантролю за якасцю абслугоўвання насельніцтва былі ліквідаваны некаторыя прагрэс. формы гандлю, адвольна мянялася спецыялізацыя гандл. прадпрыемстваў і іх інфраструктура. У агульным аб’ёме продажу значна павялічылася доля харч. тавараў (62% у 2000 супраць 45% у 1990) пры зніжэнні спажывання больш якасных і разнастайных прадуктаў. Урадавая падтрымка гандлю ажыццяўлялася шляхам выдзялення мэтавых крэдытаў прадпрыемствам дзярж. гандлю спажывецкай кааперацыі для закладкі на міжсезонны перыяд прадуктаў харчавання, стварэння адпаведных запасаў да школьнага сезона, павышэння стаўкі за карыстанне крэдытамі.
Перыяд з 2000 адзначаецца стабілізацыяй сітуацыі на спажывецкім рынку і тэндэнцыяй да ўстойлівага развіцця гандл. сферы. У 2003 у краіне працавала 26,7 тыс. магазінаў рознічнага гандлю з агульнай плошчай 2560 тыс.м². Дзярж. магазіны складалі 16,3% ад агульнай колькасці магазінаў. Дзейнічала 22,2 тыс. прыватных магазінаў з гандл. плошчай 2073 м², у т. л. 11,2 тыс. магазінаў спажывецкай кааперацыі плошчай 1040 м² (гл.табл. 2). Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах) у 2003 складаў 15 170 млрд.руб., у т. л. прадпрыемстваў дзярж. формы ўласнасці 2791 і прыватнай — 12 103 млрд.руб., з іх 1541 млрд.руб. у спажывецкай кааперацыі (гл.табл. 3). Доля дзярж. формы ўласнасці ў тавараабароце склала 18,4%, прыватнай — 79,8% і замежнай — 1,8%. У 2003 гандл. сетка галіны ўключала 26,7 тыс. магазінаў (з іх 10,3 тыс. ў сельскай мясцовасці), 9 тыс. арганізацый грамадскага харчавання, 1949 агульнагандл. складоў, 296 рынкаў на 70 тыс. месц. Пры гэтым 84% магазінаў і 67% аб’ектаў грамадскага харчавання працавала на недзярж. форме ўласнасці. Прырост аб’ёму рознічнага тавараабароту ў параўнанні з 2000 склаў 9,9%. Па большасці таварных пазіцый быў збалансаваны аб’ём попыту насельніцтва з аб’ёмам таварнай прапановы; пры гэтым захоўвалася асартыментна якасная незбалансаванасць таварных рэсурсаў з характарам попыту насельніцтва. Аб’ём куплі тавараў у індывід. прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харч. рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, павялічыўся за 2000—03 у 4,4 раза і склаў 35,5% ад агульнага аб’ёму тавараабароту. Удзельная вага прадуктаў харчавання ў агульным аб’ёме тавараабароту ў 2003 склала 62%, або 5,5 трлн. руб., што ў супастаўных цэнах на 8,1% больш, чым у 2002. Павялічыўся продаж спажывецкіх тавараў доўгатэрміновага карыстання, у т. л. тэлевізараў на 48,6%, пральных машын — на 22, электрапыласосаў — на 62, легкавых аўтамабіляў — на 31, матацыклаў — на 133, фотаапаратаў — на 68%. Удзельная вага тавараў айч. вытворчасці ў агульным аб’ёме продажу склала 75,5%, а па адзенні і абутку 84—90%. У 2002 у краіне дзейнічала 10 229 арганізацый аптовага гандлю, у якіх працавала 128,9 тыс.чал. Абарот аптовага гандлю склаў 10 051 млрд.руб., таварныя запасы на канец года склалі 787,4 млрд.руб., што адпавядала 29 дням гандлю гэтымі таварамі. Павялічыўся продаж асобных відаў прадукцыі (тавараў) арганізацыямі аптовага гандлю, у т. л. піламатэрыялаў на 44%, каўбасных вырабаў — на 59, алею — на 48,5, цукру — на 50, макаронных вырабаў — на 61, круп — на 52, рыбы і рыбапрадуктаў — на 25%. З мэтай актывізацыі дзейнасці гандл. арганізацый праводзяцца выстаўкі продажу тавараў, укараняюцца аўтаматызаваныя комплексы для ўліку руху тавараў і грашовых сродкаў, ажыццяўляюцца меры па ўмацаванні аптовага звяна, павышэнні забяспечанасці насельніцтва гандл. плошчамі, ліцэнзаванні рознічнага гандлю на рынках, укараненні сучасных гандл. тэхналогій, стварэнні гандлёва-культ. цэнтраў і комплексаў, сістэмы гандл. абслугоўвання сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, абароны правоў спажыўцоў і інш.
Літ.:
Михневич Л.М. Торговля Белоруссии (1900—1970 гг.). Мн., 1973;
Проблемы развития товарных рынков в Республике Беларусь: Сб. науч. трудов. Мн., 1997;
Петрович М.В. Государственное регулирование потребительского рынка. Мн., 2001;
Шелег Н.С. Потребительский рынок Беларуси: этапы, проблемы, перспективы. Мн., 2001;
Качуровский Е.П., Астапченко Ю.Л. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2002;
Проходченко О.И. Белорусский потребительский рынок: спрос, предложение и цели. Мн., 2002;
Торговля в экономической системе: теория и практика. Мн., 2002.
Р.П.Валевіч.
Табліца 1 Асноўныя паказчыкі рознічнага гандлю
1990
1995
20001
2002
2003
Рознічны тавараабарот (у фактычна дзеючых цэнах), млрд.руб. у т. л. па формах уласнасці2
18,7
46 853
4197
11 910
15 170
дзяржаўная
12,3
17 634
1044
2 433
2791
прыватная
6,4
29 107
3119
9292
12 103
з яе
спажывецкая кааперацыя
6,2
7531
584
1314
1541
купля ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рэчавых, змешаных, харчовых рынках і ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях
0,2
8692
1178
4313
5764
замежная
—
112
34
185
276
Колькасць прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
29,1
30,0
30,8
29,6
31,1
Колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання (на канец года)
13,8
9,3
8,7
8,8
8,7
Колькасць занятых у рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, тыс.чал.
305,3
378,1
409,1
438,5
452,0
1 Вартасныя паказчыкі за 2000 прыведзены з улікам дэнамінацыі (памяншэння ў 1000 разоў).
2 Даныя па формах уласнасці прыведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Табліца 2 Гандлёвая сетка прадпрыемстваў рознічнага гандлю (на канец года)
1990
1995
2000
2002
2003
Усяго магазінаў, тыс.
22,3
23,2
25,9
24,9
26,7
Іх гандлёвая плошча, тыс.м²
2367
2522
2695
2544
2560
у т. л. па формах уласнасці дзяржаўная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс.
6,7
5,6
5,3
4,8
4,4,
удзельная вага дзяржаўных магазінаў у агульнай іх колькасці, у %
30,0
24,2
20,5
19,3
16,3
прыватная ўласнасць, колькасць магазінаў, тыс.
15,6
17,6
20,5
20,0
22,2
у т. л. спажывецкая кааперацыя, колькасць магазінаў, тыс.
15,6
14,1
13,5
11,6
11,2
замежная, колькасць магазінаў, тыс.
—
0,0
0,1
0,1
0,1
Усяго палатак, тыс.
6,8
6,8
4,9
4,7
4,4
з іх з дзяржаўным гандлем
2,7
2,2
2,4
2,5
2,5
Табліца 3 Размеркаванне рознічнага тавараабароту па формах уласнасці ў 2003
млрд.руб.
У працэнтах да выніку
Рознічны тавараабарот, усяго
15 170
100
у т. л. па формах уласнасці
дзяржаўная
2791
18,4
рэспубліканская
1612
10,6
камунальная
1179
7,8
прыватная
12 103
79,8
змешаная ўласнасць без замежнага ўдзелу
1164
7,7
змешаная ўласнасць з замежным удзелам
433
2,8
замежная
276
1,8
Мінск. Універмаг «Беларусь».Гандлёвы цэнтр у Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),
навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб.вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.
З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.Рэя, швед. К.Лінея, франц. Ж.Бюфона і Ж.Б.Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.М.Бэра, А.А. і У.А.Кавалеўскіх, І.І.Мечнікава, К.Ф.Рулье, А.М.Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.
На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст.Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.І.Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.М.Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.У.Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.Ц.Арзамасава, Г.А.Галкоўскай, Г.Г.Вінберга, М.С.Долбіка, П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, І.К.Лапаціна, В.І.Мержаеўскай, М.М.Пікуліка, Л.М.Сушчэні, І.М.Сяржаніна, Э.І.Хацько, Н.М.Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.
Літ.:
Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;
Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб.шыр. 9,8 км, найб.глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн.м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУвыш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс.т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп. — пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р.Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн.ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая стварае асн.вытв. фонды прам-сці шляхам узвядзення прамысл. прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў. У працэсе П.б. выконваецца ўвесь комплекс буд.-мантажных работ, уводзяцца ў дзеянне новыя, пашыраюцца ці рэканструююцца дзеючыя прадпрыемствы. Пачынаецца з распрацоўкі тэхн. праекта, размяшчэння заказаў, пастаўкі на буд. пляцоўку буд. матэрыялаў і абсталявання. Пры гэтым выконваецца вял.аб’ём падрыхтоўчых і асн. работ, звязаных з планіроўкай тэрыторыі, адводам грунтавых вод, падвядзеннем трансп. і энергет. камунікацый (дарог, ЛЭП, водаправода), будучых наземных і падземных камунікацый. Паралельна ідзе падрыхтоўка кадраў для эксплуатацыі прадпрыемства. Цыкл П.б. заканчваецца апрабаваннем і прыёмам зманціраванага абсталявання з выпускам прадугледжанай праектам прадукцыі і поўным асваеннем вытв. магутнасцей.
П.б. ў БССР пачалося ў 1920—30-я г. Да 1926 у асн. адбудоўваліся прадпрыемствы, разбураныя ў часы 1-й сусв. вайны, герм. і польскай акупацый. Новае П.б. пачалося ў 1927 з буд-ва буйной на той час БелДРЭС у Аршанскім р-не. Да 1941 на Беларусі пабудавана больш за 1700 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку станкабудаўнічыя ў Мінску, Віцебску і Гомелі, штучнага валакна ў Магілёве, с.-г. машын у Гомелі, цэментны ў Крычаве, ільнокамбінат у Оршы, ф-кі «КІМ» у Віцебску, «Камунарка» ў Мінску, а таксама каля 200 торфазаводаў, 68 ільнозаводаў, каля 500 прадпрыемстваў малочнай прам-сці. Пасля 2-й сусв. вайны вялося адбудаванне разбураных прадпрыемстваў; за 1945—90 пабудавана больш за 880 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку з-ды аўтамаб., трактарны, гадзіннікавы, шарыкападшыпнікавы, маторны, аўтам. ліній і ЭВМ у Мінску, нафтаперапр. ў Наваполацку і Мазыры, азотных угнаенняў у Гродне, хім. ў Гомелі, Бел. металургічны ў Жлобіне, штучнага валакна ў Светлагорску, Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, камбінаты салігорскія калійныя, «Лаўсан» у Магілёве, баваўняна-папяровы ў Баранавічах. З 1990 П.б. занята пераважна заканчэннем буд-ва прадпрыемстваў, пачатых у папярэднія гады, рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых магутнасцей.
У 1990—98 у Рэспубліцы Беларусь уведзены ў дзеянне магутнасці на Бел. цэментным з-дзе ў Касцюковічах, Бел. металургічным з-дзе ў Жлобіне, праведзена рэканструкцыя Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.; у 1993—98 — новыя прамысл. магутнасці па перапрацоўцы 69 т мяса за змену, 37,4 т. каўбасных вырабаў за змену, 215,9 т хлебабулачных вырабаў за суткі, 28,8 тыс.т кандытарскіх вырабаў, 30,2 млн. умоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў, 6404,1 тыс. дал. безалкагольных напіткаў, 20,65 т жывёльнага масла за змену.
Асн. задачы рэфармавання П.б. — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай буд. прадукцыі пры пераходзе да рыначнай эканомікі і стварэнне нац. сістэмы тэхн. нарміравання, стандартызацыі і сертыфікацыі, забеспячэнне ўстойлівасці і даўгавечнасці будынкаў і збудаванняў і іх пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, эканомія энергарэсурсаў. П.б. ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць буд. арг-цыі Мін-ва архітэктуры і буд-ва. Праектаванне прамысл. прадпрыемстваў вядуць праектныя ін-ты «Белпрампраект», «Агртэхбудмаш», «Нафтахімпраект», Дзіпрасельбуд у Мінску, Дзярж.ін-т праектавання прадпрыемстваў машынабудавання Мін-ва прам-сці Рэспублікі Беларусь у Гомелі, Белнафтахімпраект у Наваполацку і інш.