мезазо́й
(ад меза- + -зой)
чацвёртая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, сярэдняя паміж палеазоем і кайназоем; працягвалася 160—170 млн. гадоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГЕРЦЫ́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ, варысцыйская складкавасць, варыская складкавасць,
эра тэктагенезу, які адбываўся ад сярэдзіны дэвону да сярэдзіны трыясу на ўсіх мацерыках зямнога шара. Выявілася ва ўтварэнні астраўных дуг, у вулканізме, намнажэнні магутных тоўшчаў граўвакавага флішу, утварэнні складкавых гор (герцынід, варыцыд), фарміраванні структур новага тыпу — краявых і перыклінальных прагінаў і запаўненні іх маласавымі фармацыямі (гл. Маласы). Герцынская складкавасць мела некалькі фаз: акадскур, брэтонскую, судэцкую, астурыйскую, заальскую. На большай ч. абласцей герцынская складкавасць ў пермскім перыядзе сфарміраваўся платформавы рэжым. У Паўд. Еўропе, на Алтаі і ў Мангола-Ахоцкай сістэме гораўтварэнне завяршылася ў раннім трыясе. У час герцынскай складкавасці ўзніклі складкавыя структуры Урала, Мугаджараў, Цянь-Шаня, Цэнтр. Казахстана, Зах. і Цэнтр. Еўропы (паўд. Англія, Французскае плато, Вагезы, Шварцвальд, Ардэны, Рэйнскія Сланцавыя горы, Багемскі масіў, Судэты), Паўн. Амерыкі (Апалачы, Канадскі архіпелаг), Паўд. Амерыкі (Анды), Усх. Аўстраліі, Паўн. Афрыкі і інш.
Г.У.Зінавенка.
т. 5, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СТАЎ ((Rostow) Уолт Уітмен) (н. 7.10.1916, Нью-Йорк),
амерыканскі сацыёлаг і эканаміст. Скончыў Іельскі і Оксфардскі ун-ты. У 1951—60 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1969 — Тэхаскага ун-та. Дарадчык прэзідэнтаў Дж.Кенэдзі і Л.Джонсана. Адзін са стваральнікаў тэорыі індустрыяльнага грамадства. Аўтар тэорыі стадый эканам. росту. У працах «Стадыі эканамічнага росту. Некамуністычны маніфест» (1960), «Палітыка і стадыі росту» (1971) вылучаў 5 асн. этапаў, праз якія праходзіць кожнае грамадства: традыцыйнае грамадства (агр. грамадства з прымітыўным узроўнем вытв-сці, навукі і тэхнікі); пераходнае грамадства (першапачатковае накапленне капіталу, узнікненне цэнтралізаванай дзяржавы); стадыя зруху (перыяд прамысл. рэвалюцыі); стадыя сталасці (індустр. грамадства); эра высокага масавага спажывання (праблемы спажывання пераважаюць над праблемамі вытв-сці, гал. кірункі вытв-сці — паслугі і тавары масавага спажывання). Адзін з гал. прадстаўнікоў канвергенцыі тэорыі ў саветалогіі. Навук. працы Р. паслужылі адной з крыніц постіндустрыяльнага грамадства тэорыі.
т. 13, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кайназо́й
(ад гр. kainos = новы + zoe = жыццё)
самая новая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая распачалася 67 мільёнаў гадоў таму назад.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
палеазо́й
(ад палеа- + -зой)
трэцяя эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай эры і падзяляецца на 6 перыядаў (кембрый, ардовік, сілур, дэвон, карбон, перм).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,
сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.Міля, Ж.Б.Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.Голбрэйт, Ф.Перу, Р.Арон, Р.Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.Стрэйчы, Дж.Коўл, У.Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».
Літ.:
Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969.
В.І.Боўш.
т. 14, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пратэразо́й
(ад гр. proteros = першы, больш ранні + -зой)
другая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая пачалася 2600 млн. гадоў таму назад і працягвалася 2000 млн. гадоў, а таксама пласты горных парод, што ўтварыліся ў той час.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Democratic Party),
адна з дзвюх асноўных паліт. партый у ЗША. Утворана ў 1828 прыхільнікамі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Э.Джэксана як пераемніца антыфедэралістаў і Дэмакр.-рэсп. партыі Т.Джэферсана. Да сярэдзіны 19 ст. абапіралася пераважна на саюз дробных фермераў і заможных плантатараў-рабаўладальнікаў, выступала за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы, абмежаванне ўлады Нац. банка ЗША, легалізацыю дзейнасці рабочых арг-цый, захаванне сістэмы рабства неграў, актыўную знешнюю палітыку. У грамадз. вайну 1861—65 падтрымлівала мяцежныя паўд. (рабаўладальніцкія) штаты. У 2-й пал. 19—20 ст. эвалюцыя праграмных установак партыі ішла ў кансерватыўна-ліберальным кірунку, пашырылася яе сац. база. Прэзідэнты ЗША ад Д.п. ўзначальвалі ўладу ў 1829—41 (Э.Джэксан і М.Ван Бурэн), 1845—49 (Дж.Н.Полк), 1853—61 (Ф.Пірс і Дж.Б’юкенен), 1885—89 і 1893—97 (С.Г.Кліўленд), 1913—21 (Т.В.Вільсан), 1933—53 (Ф.Д.Рузвельт і Г.Трумэн), 1961—69 (Дж.Ф.Кенэдзі і Л.Б.Джонсан), 1977—81 (Дж.Э.Картэр) і з 1993 (У.Дж.Клінтан). Партыя не мае пастаяннага членства, яе лідэр — дзеючы або былы прэзідэнт ЗША ці кандыдат у прэзідэнты. Раз у 4 гады склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; паміж з’ездамі парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал Д.п. — выява асла.
Літ.:
Романова Н.Х. Реформы Э.Джексона, 1829—1837. М., 1988;
Галкин И.В. На пути в Белый дом: из истории дем. партии США (1920-е—1933 rr.). М., 1991;
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США, 1933—1952. М., 1990.
т. 6, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
архе́й
(ад гр. archaios = даўні + aion = век, эпоха)
самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая распачалася больш за 3500 млн. гадоў таму назад і працягвалася 900 млн. гадоў, а таксама пласты горных парод, што ўтварыліся ў той час.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)