БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БКЗ),
культурна-асветная арг-цыя, якая дзейнічала на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў студз. 1944 у Мінску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды герм. акупац. улад. Кіраўнік А.Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў М.Шчаглоў (М.Куліковіч), прапаганды і бел. культуры — У.Дудзіцкі (У.Гуцька), л-ры — Н.Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.Шукелайць. Мела на мэце аб’яднаць усе існуючыя на той час на Беларусі культ.-асв. ўстановы (тэатры, нар. дамы, б-кі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на бел. насельніцтва з мэтай прапаганды афіц. палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуніст. ідэалогіі і інш.
А.М.Літвін.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.Л.Бочак, А.Л.Валагжанін, В.П.Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,
палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.
С.В.Говін.
т. 4, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАКХА́ЛЕ (Гапал Крышна) (9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),
дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),
узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.Малоец, нач. Гал. штаба М.Спыхальскі (1942) і Ф.Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́Т (Пятрусь) (сапр. Івашэвіч Іван Пятровіч; 24.1.1909, в. Зачэпічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.1.1980),
бел. паэт. Скончыў Навагрудскае пед. вучылішча (1950). Удзельнік рэв.-вызв. барацьбы ў Зах. Беларусі і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. З 1927 працаваў брукаром. У 1939—41 старшыня сельсавета, у 1945—71 настаўнік. Друкаваўся з 1933. Большасць вершаў — публіцыстычныя творы, насычаныя бытавымі рэаліямі, у якіх выкрываў палітыку сац. і нац. ўціску польскіх улад. Захапленне жыццём у пасляваен. творах. Свет роднай прыроды эмацыянальна раскрыў у зб. для дзяцей «Сцяжынка» (1978).
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 66—70;
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 248—253.
А.М.Пяткевіч.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЛІ́ГА, Ірландская нацыянальная зямельная ліга (Irish National Land League),
масавая арг-цыя ірл. сялян і гар. беднаты ў канцы 19 ст. Створана ў 1879 у Дубліне М.Дэвітам і Ч.С.Парнелам. Налічвала каля 200 тыс. членаў, мела аддзяленні ў ЗША. Арыентавалася на памяркоўную праграму гамрулераў (гл. Гомруль). У барацьбе ірл. сялян супраць лендлордаў і англ. каланіяльных улад выкарыстоўвала байкот, радыкальная частка З.л. выступала за нацыяналізацыю зямлі, што павінна было прыспешыць адарванне Ірландыі ад Англіі. У 1881 ліга распушчана, яе кіраўнікі арыштаваны. У 1882 на месцы З.л. створана Ірл. нац. ліга, але і яна распушчана. С.-г. законы, прынятыя ў 1881 і пазней, часткова ўлічылі патрабаванні З.л.
т. 7, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ СПРА́ВА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася з 19.6 да 27.11.1926 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень замест закрытай газ. «Беларуская справа». Выдавец П.Мятла. Крытыкавала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, пісала пра стварэнне новых арг-цый, правядзенне павятовых з’ездаў БСРГ, пра эканам. і паліт. становішча ў БССР і інш. Падрабязна інфармавала насельніцтва Зах. Беларусі пра забастоўку вуглякопаў Англіі. Друкавала творы Цёткі, М.Васілька, А.Салагуба, П.Пестрака, Улад-Ініцкага, Я.Маланкі і інш., артыкулы пра Цётку і Я.Коласа. Адзначыла 20-годдзе выхаду газет «Наша доля» і «Наша ніва». Выйшла 39 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 11, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВОЕ ВАРША́ВСКОЕ У́ТРО»,
газета. Выдавалася ў 1915—17 у Мінску на рус. мове штодзённа, акрамя панядзелка. Належала М.Дворжацу. Да Лют. рэв. мела інфарм.-камерцыйны характар, з сак. 1917 набыла паліт. афарбоўку. Змяшчала ўрадавыя распараджэнні і загады мясц. улад. Асвятляла падзеі гар. жыцця (рубрыка «Мінск»), навіны з франтоў, пісала пра ўсталяванне нов. ладу, фарміраванне і дзейнасць нац. рухаў, партыйных, грамадска-паліт., прафесійных і інш. арг-цый, пра найб. важныя падзеі грамадска-паліт. жыцця Расіі. Праграмай сваёй дзейнасці абвясціла платформу Петраградскага Савета. На выбарах у гар. думу выступала ў падтрымку сацыял-дэмакратаў. Да Кастр. рэвалюцыі паставілася варожа. Спыніла існаванне ў снеж. 1917.
М.Я.Сяменчык.
т. 11, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІ ў Стоўбцах.
Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.Акінчыц, І.Гундзіловіч, М.Сабалеўскі і інш. Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.
т. 2, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)