АНО́САЎ Павел Пятровіч (1799, С.-Пецярбург — 25.5.1851),

рускі металург. Скончыў Горны кадэцкі корпус (1817). Працаваў на златаустаўскіх і алтайскіх з-дах. Раскрыў страчаны ў сярэднія вякі сакрэт вырабу булатнай сталі (1837). Распрацаваў новыя спосабы атрымання высакаякаснай сталі праз навугляроджванне жалеза ў тыглі. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў на ўласцівасці сталі. Адкрыў метады мікрааналізу структуры металаў з дапамогай мікраскопа.

Тв.:

Собл. соч. М., 1954.

Літ.:

Прокошкин Д.А. П.​П.​Аносов, 1799—1851. М., 1971.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГРЫБ (араб. захад),

1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на З ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).

2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах. ч. Міжземнага мора.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СХІ́ЗМА (грэч. schisma раскол),

раскол у выніку супярэчнасцей унутры хрысц. царквы. У Новым Запавеце гэта паняцце ўвогуле азначае царк. падзелы і разлады. Найчасцей пад С. разумеецца канфлікт паміж зах. і ўсх. хрысц. цэрквамі, які пачаўся ў 867 і прывёў у 1054 да падзелу хрысціянства на каталіцызм і праваслаўе (гл. Падзел цэркваў). У сярэднія вякі ў Зах. Еўропе С. таксама называлі выпадкі адначасовага абрання 2 ці 3 пап рымскіх, асабліва ў перыяд 1378—1418 («Вялікая С.»).

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНДЗІБО́ЛА (франц. frondibale ад fronde прашча + грэч. ballō кідаю),

тып ваеннай кідальнай машыны навяснога дзеяння ў сярэднія вякі. Мела разнаплечы рычаг, які паварочваўся паміж дзвюма стойкамі; на доўгім канцы рычага мацавалася фронда (пятля ў выглядзе прашчы, у якую клалі снарад), а на кароткім — процівага. Ф. кідала каменныя ядры масай да 100 кг на 40—70 м, 30 кг — на 140—210 м. Выкарыстоўвалася да 15 ст. гал. чынам пры аблозе і абароне крэпасцей.

Франдзібола.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

магі́стр, ‑а, м.

1. Першая вучоная ступень у некаторых зарубежных краінах і дарэвалюцыйнай Расіі. // Асоба, якая мае такую ступень.

2. Другая акадэмічная ступень, якая прысвойваецца ў вышэйшых навучальных установах ЗША і Англіі. // Асоба, якая мае такую ступень.

3. У сярэднія вякі — тытул кіраўніка каталіцкага духоўна-рыцарскага ордэна. // Асоба, якая мела такі тытул.

[Ад лац. magister — настаўнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),

канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.

Балкон жылога дома на вул. Камсамольскай у Мінску. Мастацкае ліццё.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.

2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.

Дыятанічныя гамы: 1 — мажорная; 2 — мінорная; 3 — мінорная гарманічная; 4 — мінорная меладычная.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСУ́МА, Мактэсума,

Матэкусома (Montezuma, Moctezuma, Motecuhzoma),

імя правіцеляў індзейцаў-ацтэкаў у сярэднія вякі.

Мантэсума I (?—1469), правіцель ацтэкаў у 1440—69. Пры ім ацтэкі, цэнтрам якіх быў г. Тэначтытлан (цяпер Мехіка), канчаткова падпарадкавалі інш. індзейскія плямёны Цэнтр. Мексікі.

Мантэсума II (каля 1466—30.6.1520), правіцель ацтэкаў у 1502—20 (паводле інш. звестак, правіў з 1503). Праўнук Мантэсумы I. Намагаўся захаваць адзінства імперыі ацтэкаў сілай зброі. Пасля высадкі ў Мексіцы заваёўнікаў-іспанцаў паланёны паводле загаду Э.Картэса. Забіты паўстаўшымі індзейцамі за заклікі падпарадкавацца іспанцам.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

менестрэ́ль

(фр. ménestrel)

1) вандроўны паэт-музыкант у Францыі і Англіі ў сярэднія вякі, а ў 14—18 ст. — музыкант-прафесіянал;

2) перан. спявак, паэт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)