капэ́ла

(польск. kapela, ад с.лац. capella = капліца)

1) хор, а таксама ансамбль, інструментальны ці змешаны (са спевакоў і музыкантаў);

2) хор пеўчых;

3) каталіцкая ці англіканская капліца ў выглядзе асобнага збудавання, прыбудоўкі да касцёла або ў самім касцёле.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анса́мбль, ‑я, м.

1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».

2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.

3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».

[Фр. ensemble — разам.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.

паспява́ць 2, ‑ае.

Незак. да паспець ​1.

паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да паспець ​2.

2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«ПЕ́СНЯ ПРА РАЛА́НДА»

(«Chanson de Roland»),

помнік французскага гераічнага эпасу. Дайшоў у некалькіх рэдакцыях, найб. ранняя і поўная — Оксфардская (каля 1065), упершыню надрук. ў Парыжы (1837). У аснове паэмы — рэальны гіст. факт разгрому баскамі ў Рансевальскай цясніне ў Пірэнеях ар’ергарда войск Карла Вялікага (778), які творча інтэрпрэтаваны фантазіяй спевакоў-сказіцеляў (жанглёраў) у велічную і трагічную карціну патрыят. подзвігу на славу «мілай Францыі». Эпічны вобраз Раланда, адважнага, мужнага, вернага воіна, які цаной свайго жыцця абараніў радзіму, караля, хрысц. веру ад маўраў-мусульман, проціпастаўлены ў паэме вобразу здрадніка Ганелона, што ўвасабляе свавольства. «П.п.Р.» вылучаецца шырынёй адлюстравання падзей, манументальнасцю вобразаў, напружаным драматызмам апавядання. Яе паэтыка блізкая да фальклорнай. Італьян. паэты Л.​Пульчы, М.​Баярда, Л.​Арыёста ў сваіх творах перапрацоўвалі паданне пра Раланда ў духу гуманіст. ідэй Адраджэння.

Публ.: Рус. пер. — Песнь о Роланде; Коронование Людовика; Нимская телега; Песнь о Сиде; Романсеро. М., 1976.

Літ.:

Смирнов А.А. Французский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978;

Волкова З.Н. Эпос Франции. М., 1984;

Михайлов А.Д. Французский героический эпос: Вопр. поэтики и стилистики. М., 1995.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дуэ́т

(іт. duetto, ад лац. duo = два)

1) музычны твор або эпізод у оперы, араторыі і інш. для двух выканаўцаў (спевакоў, музыкантаў) з самастойнымі партыямі ў кожнага;

2) выкананне двума галасамі або двума інструментамі музычнага твора, а таксама самі выканаўцы;

3) удзельнікі парнага спартыўнага выступлення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анса́мбль

(фр. ensamble = сукупнасць)

1) стройнае спалучэнне частак у адно цэлае (напр. архітэктурны а.);

2) мастацкая зладжанасць у выкананні (драматычным, музычным, харэаграфічным);

3) група выканаўцаў, якая выступае як адзіны мастацкі калектыў (напр. а. песні і танца);

4) музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.

1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.

2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.

3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл. Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.​Ліста (гл. Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.​Рахманінава, «Паэма памяці С.​Ясеніна» Г.​Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.​Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.​Цікоцкага (1944), «Попел» С.​Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.​Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.​Вагнера, «Янка Купала» В.​Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.​Наско, «Зямля» Э.​Казачкова, «Памяці маці» У.​Кур’яна, «Настальгія» Г.​Ермачэнкава і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУПІ́ЦКІЯ МУЗЫ́КІ»,

бел. фальклорны ансамбль. Створаны ў 1982 пры Крупіцкім цэнтр. Доме культуры Мінскага р-на, у 1986 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік У.Гром, балетмайстар Г.Чорны. Уключае інстр. ансамбль (16 музыкантаў), вак. (5 спевакоў) і танц. (12 выканаўцаў) групы. Сярод нар. інструментаў басэтля, колавая ліра, дуда, акарына, «салавей» і інш. У рэпертуары апрацоўкі нар. песень і танцы розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Крупіцкая полька», «Журавель», «Герань», харэаграфічная замалёўка «Пава», мініяцюра «Люстэрка», творы муз. спадчыны 18—19 ст. (А.​Абрамовіча, А. і М. Ельскіх, В.​Казлоўскага, Мацея Радзівіла, Ю.​Шадурскага), сучасных бел. кампазітараў. Зрабіў больш за 100 запісаў на Бел. радыё. Даследуе і захоўвае бел. нар. муз. інструменты (больш за 100 інструментаў). Займаецца дабрачыннай дзейнасцю: з яго ўдзелам у в. Крупіца пабудаваны сучасны Цэнтр здароўя. Пра яго зняты кіна- і відэафільмы. Удзельнік 1-й Сусв. фалькларыяды (г. Брунсюм, Галандыя, 1996), Дзён бел. культуры ў Японіі (г. Нагоя, 1995). Лаўрэат і дыпламант многіх міжнар. фалькл. фестываляў, у т. л. ў Італіі (г. Сабаўдыя, 1988, Гран пры), Югаславіі (г. Нові-Сад, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.

І.​Дз.​Назіна.

Інструментальная група ансамбля «Крупіцкія музыкі».

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​К.​Агінскага,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Засн. ў 1958. Размешчана ў будынку, у якім жыў Міхал Клеафас Агінскі (у 1993 вучылішчу прысвоена яго імя). Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, выкладчыкаў дзіцячых муз. школ. У 1999/2000 навуч. г. працуюць аддзяленні: фп.; баяна і акардэона; духавых і ўдарных інструментаў; нар. струнных; струнных смычковых інструментаў; спеваў; хар. дырыжыравання; тэорыі музыкі; дэкар.-прыкладнога мастацтва (з 1995). Пры вучылішчы працуе дзіцячая муз школа. Сярод творчых калектываў: Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, нар. аркестры рус. нар. і духавых інструментаў (у 1975—96 дзейнічаў таксама нар. камерны аркестр нар. інструментаў); жаночы хор і хор студэнтаў тэарэт. аддзялення; вак. ансамбль «Аніма», камерныя ансамблі. У розны час у вучылішчы выкладалі: Л.​Гуцін, Я.​Дзягцярык, В.​Іваноў, М.​Казінец, В.​Карэтнікаў, Т.​Мдывані, Л.​Свердэль, Ф.​Севасцьянаў, І.​Хадоска, Г.​Цэпава; яго ўзначальвалі Р.​Грышаеў, І.​Сушкевіч, Л.​Школьнікаў, А.​Шунтаў, Ю.​Шпадарук, Э.​Кірыленка, Р.Сарока (з 1980 дырэктар). Сярод выпускнікоў: Ю.Антонаў, А.Елісеенкаў, Л.Колас, Л.Нікольскі, Т.Раеўская, А.Ціхановіч і інш. На будынку вучылішча ўстаноўлена мемар. дошка Агінскаму (скульпт. В.​Янушкевіч).

Літ.:

Маладзечанскае музычнае вучылішча. Маладзечна, 1996.

Л.​В.​Ляшчэвіч.

Будынак Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.​К.​Агінскага.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)