БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св.Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св.Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл.гл. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;
Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц АГІ́НСКАГА.
Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.
Літ.:
Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.
А.М.Кулагін.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ ЗАПАВЕДНІК, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік «Заслаўе». Створаны ў 1986 у г. Заслаўе Мінскага р-на на базе гіст.-археал. запаведніка (засн. ў 1967). Уключае Заслаўскі замак, гарадзішча «Вал», «Замэчак» 10—11 ст., заслаўскія курганныя могільнікі, Заслаўскі фарны касцёл, рэшткі сядзібы 17—19 ст. На тэр. запаведніка музеі «Млын», «Хата завознікаў», «Кузня», «Свіран» (усе пач. 20 ст.), музейна-выставачны комплекс, у якім размешчаны выстаўкі муз. інструментаў (177 экз.), дываноў «Мара аб Заслаўі», габеленаў. Пл. запаведніка 1,13 км², пл. экспазіцыі 375 м², 9,4 тыс. экспанатаў (1997), у т. л. 256 твораў жывапісу, 196 — графікі, 1,81 тыс. прадметаў этнаграфіі, каля 3,9 тыс. археалогіі, 612 тамоў друк. выданняў. У 1978—90 на тэр. запаведніка дзейнічаў музей рамёстваў і нар. промыслаў (размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы 16 ст.). Удзельнік міжнар. руху «За новую музеялогію».
А.М.Каўбаска.
Млын 1910 на тэрыторыі Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ШЫН,
гарадскі пасёлак у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пінск—Івацэвічы. За 28 км ад горада і чыг. ст. Пінск, 203 км ад Брэста. 3 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1552 у Пінскім пав.ВКЛ. У 17 ст. мястэчка, цэнтр староства; належаў Радзівілам, пазней Агінскім, Любецкім. З 1643 меў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі воўк на ласіных нагах. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. У 1940—62 цэнтр Лагішынскага раёна. З 27.6.1941 да 15.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне каля 2 тыс.чал. З 22.12.1959 гар. пасёлак. З 1962 у Пінскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква, Лагішынскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА.
Склалася ў 17—18 ст. у грамадскім і культавым дойлідстве Магілёва. Ландшафтныя ўмовы забудовы горада абумовілі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы Магілёўскага замка, Магілёўскай ратушыінш.). У 17 ст. на творчасць майстроў школы ўплываў стыль рэнесанс, у 18 ст. — барока, які павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Найб. значныя дасягненні школы ў мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Для іх характэрны сінтэз структур стараж.-рус. 3-апсідных крыжова-купальных храмаў і зах.-еўрап. 3-нефавых базілік. Найб. выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай. Асн.маст. ролю ў інтэр’ерах адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і інш. элементы ў традыцыях беларускай рэзі. У 2-й пал. 18 ст. школа заняпала. Захаваўся помнік М.ш.д. — Мікалаеўская царква (гл. ў арт.Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс).
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973. С. 13—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ БАРО́КА,
арх.-маст. сістэма, якая склалася ў манум. культавай архітэктуры ВКЛ у сярэдзіне 18 ст. Як самастойны стыль вылучаны і распрацаваны ў 1930-я г. ў мастацтвазнаўстве Зах. Беларусі. Арх. помнікі віленскага барока вызначаюцца вытанчанасцю прапорцый, скульпт. пластычнасцю фасадаў і інтэр’ераў, маляўнічасцю сілуэта, утворанага шмат’яруснымі ажурнымі вежамі і фігурнымі атыкавымі франтонамі. Выкарыстанне прынцыпаў віленскага барока ў архітэктуры уніяцкіх храмаў вызначыла не толькі іх пластычныя, але кампазіцыйныя асаблівасці ў выніку спалучэння раманскіх і візант.маст. уплываў, сімволікі каталіцкай і правасл. царквы, літургічных патрабаванняў. Лепшыя ўзоры віленскага барока на Беларусі: уніяцкія храмы — Полацкі Сафійскі сабор, Барунскі манастыр базыльян, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл базыльян у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілёве, касцёлы ў Гродне, Оршы, Слоніме і інш. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць І.К.Глаўбіца.
Т.В.Габрусь.
Да арт.Віленскае барока. Сафійскі сабор у Полацку.Да арт.Віленскае барока. Фрагмент фасада касцёла базыльян у в. Вольна Баранавіцкага раёна.Да арт.Віленскае барока. Царква кляштара базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГА,
горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед.ін-т. Драм.тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага.
Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага (1967, арх. Р.Бархін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ МУЗЕ́Й-ЗАПАВЕ́ДНІКЗасн. ў 1967 як гісторыка-археал. запаведнік ў г. Полацк Віцебскай вобл., які ўключаў тэр.Полацкага Ніжняга замка, Полацкага Верхняга замка, Полацкі Сафійскі сабор. У 1985 да запаведніка далучаны ўсе помнікі археалогіі, гісторыі і культуры, Полацкі краязнаўчы музей. У 1990 атрымаў статус рэспубліканскага, з 1997 сучасная назва, з ліп. 2000 Нацыянальны. Пл. каля 1,8 км², каля 75 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У складзе запаведніка Запалоцце (паселішча 1-га тыс. да н.э.), селішча і гарадзішча 6—8 ст., Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, падмуркі храма-пахавальні 12 ст. і комплексу Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Ніжні і Верхні замкі, дом Пятра I, Полацкі Богаяўленскі манастыр, Брацкая школа (18 ст.), Ефрасіннеўская царква (19 ст.), Крыжаўзвіжанская царква (19—20 ст.), рэшткі Полацкага езуіцкага калегіума; працуюць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора (з 1987), музей-бібліятэка Сімяона Полацкага (з 1994), Полацкі краязн. музей, Полацкі музей баявой славы, музей-кватэра Героя Сав. Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі (з 1987), стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (з 1998), музей традыц. ручнога ткацтва Паазер’я (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ МАНАСТЫРЫ́,
праваслаўныя манастыры ў Полацку ў 16 ст. Вядомы з дакументаў і асабліва з рэестра 1583 Скуміна царкоўных сёл, перададзеных Стафанам Баторыем Полацкаму езуіцкаму калегіуму. У іх ліку названы: Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр; Багародзіцкі мужчынскі, засн. ў 12 ст.Ефрасінняй Полацкай; Полацкі Богаяўленскі манастыр; Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; Сафійскі мужчынскі; Гарадзецкі св. Міхаіла, якому ў 1583 належалі 10 вёсак (64 дымы) і 20 дымоў у горадзе; Лучанскі св. Мікалая, меў 6 вёсак (40 дымоў); Козьма-Дзям’янаўскі мужчынскі, знаходзіўся за р. Палата, спыніў існаванне ў час Лівонскай вайны 1558—83; Пятроўскі мужчынскі, знаходзіўся у замку, разбураны пры ўзяцці Полацка Стафанам Баторыем; Іаана Прадцечы, на в-ве Экіманскі на р.Зах Дзвіна, вядомы з 12 ст., адсюль паходзяць 2 Полацкія евангеллі, у 1583 манастыру належала 8 вёсак, 120 дымоў у Полацку, разбураны ў час Лівонскай вайны; Троіцкі мужчынскі за р. Палата, вядомы з 12 ст., адсюль паходзіць адно з Полацкіх евангелляў, спыніў існаванне ў Лівонскую вайну; Праабражэнскі Запалоцкі; св. Юрыя, у полі за горадам; Машонацкі Уваскрэсенскі, знаходзіўся ў Ніжнім Замку, яму належалі 3 вёскі і 5 дворышчаў у Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл.Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).