БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (БСДРП),
арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.Р.Чарвякоў, І.В.Лагун, Ю.У.Памецка, У.В.Скарынка, А.Х.Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр. узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.Р.Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ Канстанцін Веньямінавіч (жн. 1896, С.-Пецярбург — 25.2.1939),
савецкі парт. дзеяч. У Кастр. Рэвалюцыю 1917 і грамадз. вайну старшыня Пскоўскага губвыканкома, сакратар Пскоўскага губкома РКП(б). З 1922 заг. арганізац. аддзела Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б). З 1923 сакратар Свярдлоўскага губкома, з 1925 заг. арганізац. аддзела ЦК ВКП(б), чл. Выканкома Прафінтэрна. З 3.1.1930 да 18.1.1932 1-ы сакратар і чл. Бюро ЦК КП(б)Б. З 1932 сакратар Маскоўскага к-та ВКП(б). З 1934 упаўнаважаны Камісіі сав. кантролю пры СНК СССР па Узбекістане, з 1937 — па Горкаўскай вобл. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1924—34. Чл. ЦВК БССР у 1930—32. На пасадзе 1-га сакратара ЦК КП(б)Б прымаў актыўны ўдзел у барацьбе супраць т.зв. нацдэмаўшчыны, пры ім быў сфальсіфікаваны працэс па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
М.Ф.Шумейка.
т. 5, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
У.М.Міхнюк.
т. 4, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР Саламон Танхелевіч (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл. ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦК КПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.Р.Валевіч). Скончыў самагубствам.
М.С.Сташкевіч.
т. 10, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ГІСТПА́РТ,
першая ў Беларусі камісія па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастр. рэвалюцыі 1917 і РКП(б). Існаваў у снеж. 1920—27 як гіст.-рэв. аддзел пры Гомельскім губ. к-це РКП(б). Падтрымліваў сувязі з удзельнікамі рэв. руху і грамадз. вайны, арганізоўваў выстаўкі, лекцыі, вечары ўспамінаў, фарміраваў архіў па гісторыі бальшавізму і рэв. руху ў губерні. Друкаваў матэрыялы ў час. «Известия Гомельского губкома...». Выдаў зборнік артыкулаў і ўспамінаў «Рэвалюцыйная барацьба ў Гомельскай губерні» (1921), брашуры Г.Лялевіча «Кастрычнік у стаўцы», «Стракапытаўшчына», «Лідзія Язерская...» (усе 1922), кнігу матэрыялаў па гісторыі с.-д. і рабочага руху ў 1893—1905 на Гомельшчыне «1905 год у Гомелі і Палескім раёне» (1925), рыхтаваў зб-кі дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў «Кастрычнік у Магілёўскай губерні», «1918 год» (пра падп. работу і партыз. рух на Гомельшчыне ў перыяд ням. акупацыі), «Да гісторыі грамадзянскай вайны» (пра стракапытаўскі мяцеж і інш.), зборнік біягр. матэрыялаў пра змагароў за сав. ўладу і інш.
У.М.Міхнюк.
т. 5, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДАШ Аляксандр Аляксандравіч (сапр. Шэпшэль Шэпшэлевіч; 1896, Мінск — ліп. 1951),
дзярж. і прафсаюзны дзеяч Беларусі. З сак. 1917 узначальваў прафсаюз дрэваапрацоўшчыкаў у Мінску. У час герм. акупацыі чл. Мінскага падп. райкома РКП(б). У 1918—20 чл. мінскіх губкома партыі і губ. ВРК, К-та абароны Мінска, камісар Асобнага рабочага палка, старшыня Мінскага губ. савета прафсаюзаў, в.а. нар. камісара працы Літ.-Бел. ССР. З 1921 старшыня Савета, з 1924 — Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. З 1925 на прафс. рабоце ў РСФСР. У 1931—37 кіраўнік сектара кадраў, нач. упраўлення навуч. устаноў Наркамата фінансаў СССР, з 1939 нам. упраўляючага справамі Наркамата (Мін-ва) земляробства СССР. З 1947 нач. адм.-гасп. аддзела Галоўводгаспадаркі Мін-ва сельскай гаспадаркі СССР. Чл. ЦВК БССР у 1920—25, чл. ЦБ КП(б)Б у 1921—24, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—25. У лют.—маі 1924 чл. Часовага бел. Бюро ЦК РКП(б) і канд. у чл. яго Прэзідыума.
Э.Р.Іофе.
т. 17, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»,
клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАТАЕ́ВІЧ Мендэль Маркавіч (22.3.1893. г. Гомель — 1.2.1939),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1913 чл. Палескага к-та РСДРП. У 1914 арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1917 кіраўнік Гомельскай арг-цыі РСДРП(б), з вер. — чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б), чл. выканкома Гомельскага Савета. У 1919 старшыня Гомельскага пав.-гар. к-та РКП(б), чл. Гомельскага рэўкома. У 1920 на Зах. фронце. З 1921 сакратар Гомельскага, з 1923 — Адэскага губкомаў РКП(б). У 1924—25 у апараце ЦК ВКП(б). З 1925 сакратар Татарскага абкома, з 1928 Сярэдняволжскага крайкома ВКП(б). З 1932 сакратар ЦК КП(б)У, адначасова з 1933 Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. З 1937 2-і сакратар ЦК КП(б)У. У 1932—37 чл. Палітбюро ЦК КП(б)У. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1925—27, канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1927—30, чл. ЦК у 1930—37. Чл. ВЦВК (з 1922), з 1930 чл. ЦВК СССР. У 1937 рэпрэсіраваны, 27.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
т. 16, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XI канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся ў Мінску 25.2—2.3.1921
(паводле некат. крыніц завяршыў работу 1.3.1921). Прысутнічала 110 дэлегатаў з рашаючым і 42 з дарадчым голасам ад 6 павятовых арг-цый і армейскіх часцей, што размяшчаліся на тэр. ССРБ. Яны прадстаўлялі 3000 чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (І.А.Вайнер),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б, Кантрольнай камісіі КП(б)Б, ЦК ЛКСМБ (Кузняцоў); даклады: Сацыяліст. рэспубліка ў капіталіст. акружэнні (А.Р.Чарвякоў); прафсаюзы, іх роля і задачы; пытанні парт. будаўніцтва (В.Г.Кнорын); міліцыйная сістэма і Чырв. Армія; Галоўпалітасвета і агітац.-прапагандысцкая работа (Кнорын); выбары. З’езд адзначыў неабходнасць умацавання сав. улады ва ўмовах капіталіст. акружэння, наладжвання больш цеснай работы парт. арг-цый з саюзамі моладзі і ўсямернай дапамогі ім. Асаблівая ўвага звернута на ўмацаванне парт. дысцыпліны, абавязковасць для «ўсіх арганізацый бясспрэчна кіравацца Статутам, дакладна і своечасова выконваць усе распараджэнні ЦБ». З’езд канстатаваў, што Чырв. Армія працягвае заставацца апорай сав. улады, але яна павінна быць рэарганізавана, колькасна скарочана і якасна палепшана. Асн. задачай Галоўпалітасветы павінна стаць «масавая камуністычная прапаганда і агітацыя»; усе паліт.-асв. аддзелы пры наркаматах падлягалі скасаванню. Гал. рашэнні з’езда прымаліся на аснове матэрыялаў, распрацаваных у ЦК РКП(б) і апублікаваных як праекты рэзалюцый X з’езда РКП(б). У іх праглядаецца курс на барацьбу з апазіцыяй і іншадумствам у партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 11 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 канд. у чл., 5 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам на X з’езд РКП(б).
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
В.Ф.Кушнер.
т. 17, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ ЦК КПСС»,
«Известия Центрального комитета Коммунистической партии Советского Союза», савецкі інфармацыйны часопіс. Выдаваўся ў Маскве ў 1919—29 [пад назвамі «Известия ЦК РКП(б)» і «Известия ЦК ВКП(б)»] і ў 1989—91. Друкаваліся рашэнні вышэйшых органаў партыі, інфармацыя аб бягучай дзейнасці ЦК КПСС, яго кіруючых органаў, паведамленні пра кадравыя перамяшчэнні, біяграфіі асобных парт. функцыянераў, дакументы з архіваў партыі і інш.
т. 7, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)