ГУЛЯ́ЕЎ (Дзмітрый Цімафеевіч) (5.11.1915, с. Іванаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 5.9.1943),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Чаркаскі дарожна-буд. тэхнікум (1934), вучыўся ў Маскоўскім ваенна-паліт. вучылішчы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 у партызанах: да крас. 1942 камісар, потым камандзір атрада, з чэрв. 1943 камандзір 101-й партыз. брыгады імя Аляксандра Неўскага, якая дзейнічала на тэр. Старобінскага р-на Мінскай вобл. Загінуў у баі. На месцы гібелі ў в. Калініна Слуцкага р-на пастаўлены помнік.

Дз.Ц.Гуляеў.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). У Вял. Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.

Тв.:

Перад захадам сонца: Выбр. вершы. Мн., 1977.

І.Б.Непачаловіч.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Мінская дыяцэзія,

адм.-тэр. адзінка каталіцкай царквы ў канцы 18—20 ст. Засн. ў 1798 паводле імператарскага ўказа. Тэрыторыя супадала з межамі Мінскай губерні. З 1798 дзейнічала духоўная семінарыя. У 1842 епархіі нададзены 3-і клас. У 1869 епархія скасавана, яе тэрыторыя ўключана ў Віленскую рымска-каталіцкую епархію. З 1883 касцёлы і адзіны дзеючы Слонімскі кляштар бернардзінак б. епархіі падпарадкаваны Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі. У ліст. 1917 дзейнасць М.р.-к.е. адноўлена. У 1925 на частцы яе тэрыторыі, што адышла да Польшчы, створана Пінская рымска-каталіцкая епархія. Землі БССР па-ранейшаму ўваходзілі ў Мінскую епархію, але яна практычна не функцыянавала, хоць кананічна не была скасавана. У 1991 створана Мінска-Магілёўская рымска-каталіцкая епархія, якая з’яўляецца пераемніцай Мінскай і Магілёўскай епархій, з 2000 ахоплівае тэр. Мінскай і Магілёўскай абл.

Літ.:

Kumor B. Ustróy i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.

В.​В.​Грыгор’ева, А.​М.​Філатава.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ЎКА (Арсен Рыгоравіч) (25.7.1911, в. Цітва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.7.1994),

бел. вучоны ў галіне гідралогіі. Д-р геагр. н. (1973). Скончыў БДУ (1954). З 1933 на гідралагічных станцыях Беларусі. У 1946—54 нач. сектара вывучэння гідралагічнага рэжыму і нам. начальніка Упраўлення Гідраметэаслужбы БССР. З 1954 дырэктар Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі, у 1961—81 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск). Выкладаў у БДУ. Навук. працы па гідралогіі Беларусі і тэорыі воднага балансу.

Тв.:

Влияние осушения болот на элементы водного баланса рек Белорусского Полесья. М., 1961;

Водный баланс речных водосборов. Л., 1971;

Водные ресурсы и человек. Мн., 1976.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),

удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),

піянер-партызан.

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.​К.​Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен. карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.

М.І.Казей.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Валерый Іванавіч) (н. 25.7.1949, в. Паўстынь Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). У 1973—76 выкладчык Грозаўскай школы-інтэрната (Капыльскі р-н Мінскай вобл.). З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1992 вучоны сакратар). Даследуе дэкар.-прыкладное мастацтва. Аўтар кніг: «Сучасная беларуская кераміка. Тэндэнцыі развіцця» (1984), «Традыцыі і наватарства ў беларускім савецкім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве» (1985) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996 (за ўдзел у выданні «Гісторыі беларускага мастацтва», т. 1—6, 1987—94).

Н.​В.​Грэская.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў 1917—18. Утворана паводле пастановы Усерас. нарады Саветаў (сак. 1917) на з’ездзе Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. у чэрв. 1917 як часовае аб’яднанне губерняў з мэтай цэнтралізаваць кіраўніцтва мясц. Саветамі. Цэнтр — г. Мінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 З.в. стала адм.-тэр. адзінкай у складзе Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У сувязі з акупацыяй большай ч. Беларусі ням. войскамі (люты 1918) цэнтр вобласці перанесены ў Смаленск. Паводле пастановы 2-га з’езда Саветаў Зах. вобласці (10—14.4.1918) у склад З.в. ўключана і Смаленская губ. У вер. 1918 перайменавана ў Заходнюю камуну.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАКО́ВІЧЫ Філон і Елізар, бел. дойліды 17 ст. Жылі ў в. Грычына (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.). З дойлідамі Ільёй і Антонам Зезгуламі і Маркам будавалі сядзібы і палацы Койданаўскага графства.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ МАНУФАКТУ́РА ШАЎКО́ВЫХ ПАЯСО́Ў.

Дзейнічала ў г. Нясвіж Мінскай губ. ў 1-й пал. 18 ст. Працавала больш за 50 прыгонных.

Прадукцыя не вытрымала канкурэнцыі са слуцкімі паясамі і была закрыта.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)