МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Дзейнічала ў 1899—1918. Адкрыта як 8-класная (8-ы клас педагагічны). Утрымлівалася за кошт сродкаў гар. думы і платы за навучанне. Выкладаліся: рус., ням., франц. і лац. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, музыка, танцы, гімнастыка. Выкладчыцкі корпус: начальнік, гал. наглядчыца і 15 класных, 3 законанастаўнікі, 20 выкладчыкаў. У гімназіі працавалі выхаванцы ун-таў Пецярбурга, Юр’ева, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскай духоўнай акадэміі і жаночай гімназіі, Царскасельскага жаночага вучылішча, Херсонскіх пед. і Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пензенскага маст. вучылішча. Сярод навучэнцаў С.М.Станюта.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў 1916—19 у Бабруйску. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. У 1916 навучаліся 34 выхаванкі. Выкладаліся прадметы: рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, мінералогія, геалогія, хімія, гісторыя і геаграфія, псіхалогія і педагогіка, дзіцячае чытанне, методыка выкладання прадметаў, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, рукадзелле, Закон Божы і інш. У 1918/19 навуч. г. ўведзена беларусазнаўства, польск. мова, гігіена. Пры семінарыі было ўзорнае пач. вучылішча, дзе выхаванкі праходзілі практыку. З кастр. 1918 — пяцікласная, рыхтавала выкладчыкаў для адзінай прац. школы 1-й ступені. Пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў Оршы ў 1911—19. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Мела падрыхтоўчы клас і ўзорнае пач. вучылішча, у якім семінарысткі праходзілі практыку. Навучалася 113 выхаванак (1914). Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, педагогіка, псіхалогія, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), методыка навуч. прадметаў, ручная праца, рукадзелле, спевы, музыка, сельская гаспадарка, фізічныя практыкаванні і інш. У ліп. 1917 семінарыя рэарганізавана ў сярэднюю пед. навуч. ўстанову для асоб абодвух полаў. З 1918 рыхтавала выкладчыкаў для 1-й ступені адзінай прац. школы. У 1919 пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,

атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.

Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб. часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)

Л.​А.​Яновіч.

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алгары́тм

(с.-лац. algorithmus, ад ар. al-Chwârizmi = імя матэматыка)

сукупнасць правіл, якія дазваляюць чыста механічна рашыць любую задачу з класа аднатыповых задач.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

га́ус

[ням. C. Gauss = прозвішча ням. матэматыка (1777—1855)]

адзінка магнітнай індукцыі ў СГС сістэме адзінак, роўная 104 вебера на 1 м​2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.

Праваслаўная духоўная гімназія засн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.​І.​Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.

Літ.:

Викеньтев В.​П.​Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;

Знаменский П.В. Духовные школы в России до реформы 1808 г. Казань, 1881;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІЯ ЖАНО́ЧЫЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1907—18 у г. Слуцк Мінскай вобл. (Віленская навуч. акруга).

Слуцкая жаночая прыватная гімназія А.​А.​Струкоўскага засн. ў 1907. Мела 7 асн. і падрыхтоўчы клас. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне. У 1911 у ёй вучыліся 352 дзяўчыны. Штат складаўся з дырэктара, гал. наглядчыка, 3 законанастаўнікаў, 13 выкладчыкаў і класных наглядчыц, урача і дантыста — выхаванцаў ун-таў Кіева, Масквы, Юр’ева, Віленскага яўр. настаўніцкага ін-та, Пецярб. вышэйшых жаночых курсаў, Вышэйшых Маск. пед. курсаў. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням., франц. мовы, прыродазнаўства, геаграфія, рукадзелле, матэматыка, чыстапісанне, гісторыя, фізіка, касмаграфія, маляванне. Закрыта ў 1912 у сувязі з адкрыццём у Слуцку жаночай гімназіі.

Слуцкая жаночая гімназія адкрыта 11.8.1912. Мела 7 асн. і падрыхтоўчы клас. Пры 1, 6 і 7-м класах былі паралельныя аддзяленні. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і дапамогі ад казны. У 1915 вучылася 410 дзяўчат. Штат складаўся з начальніка, гал. наглядчыка, 5 законанастаўнікаў, 13 выкладчыкаў, 7 класных наглядчыц, урача і дантыста — выхаванцаў ун-таў Харкава і Пецярбурга, Віленскага яўр. настаўніцкага ін-та, Пецярб. гіст.-філал. ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пінскага рэальнага вучылішча, Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пецярб. духоўнай акадэміі, Строганаўскага маст.-прамысл. вучылішча і інш. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. франц. мовы, асновы педагогікі, прыродазнаўства, геаграфія, рукадзелле, матэматыка, чыстапісанне, гісторыя, фізіка, касмаграфія, спевы, маляванне, гімнастыка. Пры гімназіі быў платны курс закона яўр. веры. Закрыта ў 1918.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912.

А.​Ф.​Самусік.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ГІМНА́ЗІІ,

сярэднія навуч. ўстановы паўвайсковага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 ст. для дзяцей дваран, пераважна афіцэраў. Утвораны ў 1863—65 на базе кадэцкіх карпусоў. У некаторыя ваенныя гімназіі прымалі юнакоў і недваранскага паходжання. Тэрмін навучання 6, з 1873 — 7 гадоў. Мелі агульнаадук. праграму, але захоўвалі традыц. для кадэцкіх карпусоў паўвайсковы ўклад і вайсковую форму. Выкладаліся Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, чыстапісанне і маляванне. У параўнанні з кадэцкімі карпусамі ў ваенных гімназіях была павялічана колькасць цывільных выкладчыкаў. У Рас. імперыі дзейнічала 18 такіх гімназій, у т. л. Полацкая. У 1882 ваенныя гімназіі зноў рэарганізаваны ў кадэцкія карпусы (існавалі да 1918).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1915—33 у мяст. Баруны Ашмянскага пав. (Гродзенская вобл.). Рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Засн. як рус. настаўніцкая семінарыя. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў г. Ціхвін Наўгародскай губ. У 1920 у Барунах у будынку б. манастыра базыльян адкрыта бел. настаўніцкая семінарыя, стваральнікам і дырэктарам якой быў С.А.Рак-Міхайлоўскі. У 1921 бел. семінарыя зачынена польск. ўладамі. На яе аснове створана польск. мужчынская настаўніцкая семінарыя. Выкладаліся польск., ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, фізіка, матэматыка, музыка і спевы, рэлігія, батаніка, заалогія, анатомія і фізіялогія чалавека, фізкультура і інш. Пры семінарыі працавала пач. школа (з 1922), у якой семінарысты праходзілі практыку. Семінарыя скасавана ў выніку школьнай рэформы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)