ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.

Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.

Літ.:

Люминесцентный анализ. М., 1961;

Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.

Г.​П.​Гурыновіч, Б.​М.​Джагараў.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШУ́К (Барыс Анатолевіч) (н. 2.10.1946, Берлін),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лазернай фізіцы і фатоніцы малекул. Распрацаваў метады даследавання механізмаў звышхуткіх міжмалекулярных працэсаў складаных арган. структур у кандэнсаваных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ, вібрацыйныя спектры,

спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага ваганнямі іх атамаў; спектры атамаў, іонаў і іх груп у крышталях і вадкасцях. Складаюцца з асобных спектральных палос. Адрозніваюць вагальныя спектры паглынання (гл. Інфрачырвоная спектраскапія) і камбінацыйнага рассейвання святла ў блізкай і сярэдняй інфрачырвоных абласцях спектра. Гл. таксама Спектры крышталёў, Малекулярныя спектры.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕПТЫДА́ЗЫ,

пратэалітычныя ферменты, якія адшчэпліваюць канцавыя амінакіслотныя астаткі ад малекул бялкоў і пептыдаў. У адпаведнасці з характарам уздзеяння на субстраты адрозніваюць амінапептыдазы (адшчэпліваюць амінагрупу), дыпептыдазы (каталізуюць гідроліз дыпептыдаў да свабодных амінакіслот) і карбоксіпептыдазы (адшчэпліваюць карбаксільную групу). У страўнікава-кішачным тракце сумеснае дзеянне групы П. раскладае бялкі ежы да свабодных амінакіслот.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

капсаме́р

(ад лац. capsa = каробачка + -мер)

структурная адзінка капсіда, якая складаецца з адной або некалькіх бялковых малекул.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

малекуля́рны

(ад малекула)

які адносіцца да малекулы, звязаны з вывучэннем малекул (напр. м. рух, м-ая фізіка).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аві́днасць

(ад лац. avidus = прагны)

уласцівасць антыгенаў і антыцел, якая вызначае трываласць звязвання камплементарных участкаў іх малекул.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)∙10​−23 Дж/К.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІДАЗО́Л, 1,3-дыазол,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C3H4N2. Бясколерныя крышталі, tпл 90 °C, tкіп 257 °C. Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Мае ўласцівасці араматычных злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем гліаксаля з аміякам і фармальдэгідам. Структурны фрагмент малекул гістаміну, гістыдзіну, вітаміну B12 і інш. прыродных біялагічна актыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць вытворныя І. як лек. прэпараты (дыбазол, прыскол, нірванол і інш.).

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)