гістарычная вобласць у ВКЛ. Упамінаецца ў хроніках Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, у лацінамоўных дакументах ВКЛ з 14 ст. Адрознівалася ад інш.гіст. вобласці Літвы — Жамойці. Аўкштайцію (Аўкштоту) у 1420 упамінае вял.кн. Вітаўт у лісце да герм. імператара. Стараж.-рус. летапісы і дакументы ВКЛ на старабел. мове тэрмін Аўкштайція не ўжывалі, хоць звычайна адрознівалі Жамойць і Літ. зямлю. У Літве 19—20 ст. пад Аўкштайціяй разумелі цэнтр і ўсх. частку сучаснай Літ. рэспублікі, заселеную адной з дзвюх асн.этнагр. груп літоўцаў — аўкштайтамі. Паходжанне назвы звязваюць з літ. словам aukštas (высокі), якое, напэўна, абазначала верхнюю (адносна цячэння Нёмана) усх. групу літ. плямёнаў. Археалагічна Аўкштайція, найб. верагодна, суадносіцца з культурай усходнеліт. курганоў. Частка археолагаў, пачынаючы з А.Таўтавічуса (1968), звязвае Аўкштайцію з групай грунтавых могільнікаў у сярэднім цячэнні Нёмана і вадазборы р. Нявежыс і лічыць аўкштайтаў племем, асобным і ад жамойтаў, і ад літоўцаў у вузкім сэнсе. Падставай для гэтага служыць паведамленне хронікі П.Дузбурга (каля 1294—1300) пра падуладную Літве зямлю Аўстэхія (Austechia), аднак яе атаясамліванне з Аўкштайціяй небясспрэчнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЮ́ (Аўгуст) (3.5.1771, г. Гродна — 26.7.1824),
бел. ўрач. Д-р філасофіі і медыцыны (1793), праф. (1806). Вучыўся ў Гродне і Кёнігсбергу. З 1797 у Вышэйшай школе Літвы (з 1803 Віленскі ун-т). Адзін з першых у Беларусі і Літве пачаў вакцынацыю супраць воспы. Навук. працы па шпітальнай справе і гігіене дзіцячага ўзросту.
Літ.:
Bieliński J. Uniwersytet Wileński, 1579—1831. T. l—2. Kraków, 1899—1900.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
газета. Выдавалася з 30.3 да 18.5.1919 у Гродне на бел. мове. Орган Цэнтр.бел. рады Гродзеншчыны. Асвятляла культ. жыццё горада, пісала пра бел. школу, літ.-муз. вечары, бел. настаўніцкі рух і інш. Друкавала матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Пад рубрыкай «У нашых суседзяў» змяшчала інфармацыю пра падзеі ў Польшчы, на Украіне і ў Літве. Друкавала агляд міжнар. жыцця. Вяла рубрыку «Мясцовая хроніка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ (Вітольд Феафілавіч) (1837?, Навагрудскі пав. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, інж.-прапаршчык рус. арміі. Належаў да ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З сак. 1863 у Беларусі, у крас. ўзначаліў сфарміраваны ў Налібоцкай пушчы паўстанцкі атрад Навагрудскага пав. і на чале яго 3 чэрв. ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 (Слонімскі пав.). Пазней атрад разбіты, М. арыштаваны і сасланы ў Сібір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сітцо́ ‘сузор’е Плеяды’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк.; паст., лях., шальч., узд., Сл. ПЗБ), сі́тцы ‘тс’ (Касп.), сітцо́ ‘сузор’е Дзевы’ (Жд. 3), сі́тко ‘тс’ (Сержп. Грам.), сі́цечка ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.) ‘тс’, сі́тка, сі́тко́, сі́точка, сі́тца ‘сузор’е Вялікая Мядзведзіца’ (смарг., паст., віл., шчуч., гродз., Сл. ПЗБ; ЛА, 2). Да сіта (гл.); сузор’і названыя па скапленні невялікіх зорак, параўн. “…гусценька-гусценька звёзды садзяць” (Сл. ПЗБ). Паводле Машынскага (Atlas, 1, 3), назвы з такой матывацыяй вядомыя ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і інш. краінах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
«ГАБДА́НК», «Абданк»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 280 родаў, у т. л. Гарабурды, Гаштольды, Скарбкі, Халецкія. У чырвоным полі сярэбраны знак у выглядзе літары W; клейнод — над прылбіцай з каронай такі самы знак (герб «Габданк I») або палова залатога льва, які трымае ў лапах такі знак («Габданк II»). Існуюць шматлікія варыянты герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ распаўсюдзіўся пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з крас. 1911 да мая 1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прымыкала да мясц. аддзела Саюза рус. народа. Выступала супраць с.-д. руху і левых кадэтаў, мясц.газ.«Полесье» і інш.дэмакр. выданняў. Змяшчала афіц. ўрадавыя матэрыялы, тэатр. і літ. агляды, бібліяграфію і публіцыстыку, прапагандавала палітыку П.А.Сталыпіна, яго зямельную рэформу ў Беларусі і Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫФ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧ,
адм.-гасп. комплекс з некалькіх вёсак з фальваркамі ці без іх у Беларусі, Польшчы і Літве ў 16—19 ст. Існавалі ў дзярж. і прыватных уладаннях. На К., як правіла, падзяляліся дзярж. эканоміі. К. мог быць часова вылучаны з латыфундыі і перададзены ў залогавае ці арэнднае трыманне; у гэтым выпадку адміністрацыя ўласніка на яго не распаўсюджвалася. Часам К. называлі староствам. У адм.-гасп. адносінах К. быў падобны да войтаўства.