ПІРАМІ́ДА,

манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс. чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн. буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл. гл. таксама да арт. Егіпет Старажытны.

Літ.:

Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;

Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.

Я.​Ф.​Шунейка.

Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).
Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́Н Мартырос Сяргеевіч (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),

армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар. маст. СССР (1960). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Правадз. чл. АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.​Сярова і К.​Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.​Гагена і А.​Матыса. Чл. маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.​Сіманава, 1939; А.​Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.​Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.

І.​М.​Скварцова.

М.Сар’ян. Фінікавая пальма. Егіпет. 1911.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІКСО́СЫ,

група качавых плямён, якія каля 1700 да н.э. ўварваліся з Пярэдняй Азіі праз Суэцкі перашыек у Егіпет, захапілі яго і валодалі ім да 1570 да н.э. Пасяліліся ў Ніжнім Егіпце і заснавалі там сваю сталіцу Аварыс. Упершыню ўвялі ў Егіпце конегадоўлю і колавы транспарт (магчыма, вертыкальны ткацкі станок, аліву і гранат), спрасцілі егіпецкую пісьменнасць, стварылі алфавітнае пісьмо. Гіксосы парушылі ізаляванасць Егіпта і стварылі ўмовы для росквіту культуры Новага царства. У пач. 16 ст. да н.э. правіцелі Фіваў пачалі вызвал. барацьбу супраць гіксосаў і прымусілі іх адступіць у Палесціну.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНХАТЭ́П МАЛО́ДШЫ, Аменхатэп, сын Хапу (каля 1460, Атрыбіс, Ніжні Егіпет — каля 1380 да н.э.),

старажытнаегіпецкі архітэктар, быў на ваен. і дзярж. службе. Дарадца Аменхатэпа III, настаўнік малалетняга Аменхатэпа IV. Пабудаваў храм бога Амона-Ра ў Луксоры (разам з арх. братамі Горы і Суці), храмы ў Салебе і Седэінгу, грандыёзныя помнікі ў Карнаку — храм бога Хансу, храм багіні Мут, алею сфінксаў паміж Луксорам і Карнакам (захаваліся калосы Мемнана). Недалёка ад храма Тутмоса II узведзены храм у гонар Аменхатэпа Малодшага.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 182—183.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЙ Марк (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

Марк Антоній. Скульптура. 1 ст. да н.э.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН АЛЬ-ХАЙСА́М Абу Алі аль-Хасан ібн аль-Хасан (латынізаванае Альгазен; Alhazen; 965, г. Басра, Ірак — каля 1039),

арабскі вучоны. Жыў і працаваў у Каіры (Егіпет). Навук. працы ў галіне фізікі, астраноміі, матэматыкі, медыцыны і філасофіі. У рукапісным трактаце «Скарб оптыкі» (7 кн., перакладзены на лац. мову ў 12 ст., выд. ў 1572) выклаў найб. поўна на той час фізіял. і геам. оптыку, апісаў будову вока, прапанаваў тэорыю зроку, выказаў меркаванне аб тым, што святло распаўсюджваецца з канечнай скорасцю. Правёў грунтоўны аналіз «Асноў» Эўкліда.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 28—34.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕАМЕ́Н III (Kleomenēs; каля 260—219 да н.э.),

цар Спарты [235—221 да н.э.]. З дынастыі Агіядаў. Пасля смерці Агіса IV прадоўжыў пачатыя ім рэформы, імкнуўся аднавіць магутнасць Спарты і яе гегемонію ў Стараж. Грэцыі. Пры ім скасаваны даўгі, рэарганізаваны армія і сістэма дзярж. выхавання, вырасла колькасць паўнапраўных грамадзян, скасаваны герусія і пасады эфораў, уся зямля аб’яўлена дзярж. уласнасцю. У вайне з Ахейскім саюзам захапіў Фліунт, Трэзен, Клеоны, Аргас і інш. гарады. Пасля паражэння ў бітве каля Селасіі (221 да н.э.) з аб’яднанымі войскамі Арата і Антыгона III Досана ўцёк у Егіпет, дзе скончыў самагубствам.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУБА́РАК Мухамед Хосні (н. 4.5.1928, в. Кафр-эль-Мусейліха, Егіпет),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч Егіпта. Скончыў авіяц. вучылішчы ў Егіпце і СССР, Ваен. акадэмію імя Фрунзе ў Маскве (1957). У 1967—69 нач. Ваенна-паветр. акадэміі Егіпта. У 1969—72 нач. штаба, у 1972—75 камандуючы егіп. ВПС, нам. ваен. міністра. У 1976—81 нам. старшыні Нац.-дэмакр. партыі, са студз. 1982 яе ген. сакратар. У 1975—81 віцэ-прэзідэнт, з кастр. 1981 прэзідэнт Егіпта. Праводзіць прагматычны курс на эканам. развіццё Егіпта і на супрацоўніцтва як з індустрыяльнымі дзяржавамі, так і з краінамі, якія развіваюцца.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВІ́ЛЬСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна з асн. маст. школ Іспаніі ў 15—17 ст. з цэнтрам у г. Севілья. Творы мастакоў С.ш. А.​Фернандэса, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х. дэ Раэласа, Ф.​Пачэкі адметныя пачуццёвай дакладнасцю ў адлюстраванні рэчаіснасці. Найб. росквіту дасягнула ў 17 ст. ў творчасці Д.Веласкеса, Ф.Сурбарана, Б.Э.Мурыльё. Гэтаму перыяду ўласцівы глыбокі дэмакратызм вобразаў, канкрэтнасць маст. мовы, увага да праблем каларыту і і святлаценю.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Севільская школа жывапісу. Д.​Веласкес. Вакх. 1630.
Да арт. Севільская школа жывапісу. Б.​Э.​Мурыльё. Адпачынак на шляху ў Егіпет. 1665—70.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)