ЗВЕ́РАВА (Наталля Маратаўна) (н. 16.4.1971, Мінск),

бел. спартсменка (тэніс). Засл. майстар спорту (1991). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), пераможца тэнісных турніраў: Уімблдонскага (Англія, двойчы), пяршынстваў Францыі, Аўстраліі і ў парным разрадзе. Неаднаразовая пераможца і прызёр інш. міжнар. турніраў.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 16.7.1969),

бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту міжнар. класа (1992). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія). У складзе каманды СКА (Мінск) уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1990). З 1993 у Германіі (гандбольны клуб «Ленцынггаўзен»).

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЁНАК (Дзмітрый Аляксандравіч) (н. 14.12.1971, Мінск),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1992). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 500 м (1992, Барселона), чэмпіён свету на дыстанцыі 200 м (1994). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з А.Масейкавым.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́ВА (Галіна Аляксееўна) (н. 29.4.1942, в. Лагачы Воткінскага р-на, Удмурція),

расійская спартсменка (лыжны спорт), трэнер. Засл. майстар спорту СССР (1970). Чэмпіёнка XI і XII зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія — на дыстанцыях 5 і 10 км і ў эстафеце 3×5 км; 1976, г. Інсбрук, Аўстрыя — у эстафеце 4×5 км). Прызёр X (1968, г. Грэнобль, Францыя, сярэбраны на дыстанцыі 5 км, бронзавы ў эстафеце 3×5 км), XII (бронзавы на дыстанцыі 10 км) і XIII (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША, сярэбраны ў эстафеце 4×5 км) Алімп. гульняў. Чэмпіёнка свету (1970, на дыстанцыі 5 км і эстафеце 3 × 5 км; 1974, на дыстанцыях 5 і 10 км і ў эстафеце 4×5 км). Чэмпіёнка СССР у 1967—81.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 19.10.1929, г. Дрэзна Маскоўскай вобл., Расія),

расійскі і армянскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1957), засл. трэнер СССР (1968), засл. дз. фіз. культ. Арменіі (1969). З 1972 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза сучаснага пяцібор’я і біятлона. Чэмпіён XVI і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія; 1964, Τόκιό) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у камандным і 1964 — у асабістым заліку). Чэмпіён свету ў асабістым і камандным (1957, 1958, 1959, 1961) і камандным (1962) заліку; сярэбраны прызёр у асабістым (1962, 1965) і камандным (1955, 1963, 1965) заліку; бронз. прызёр у асабістым заліку (1963). Чэмпіён СССР у асабістым заліку (1953, 1956, 1959, 1964).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аго́н

(гр. agon)

спаборніцтва, у тым ліку і музычнае (у спевах, ігры на кіфары), якое арганізоўвалася ў час урачыстых гульняў у Стараж. Грэцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,

від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.

Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц. міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.​Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.​Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.​Яўпоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.​Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.​Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.​Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).

Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).

Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.​Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.​Алісевіч, А.​Атрошчанка, С.​Бурага, Н.​Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пентатло́н

(гр. pentathlon, ад pente = пяць + athlon = змаганне, барацьба)

старажытнагрэчаскае пяцібор’е (бег, скачкі, кіданне дыска, кіданне кап’я, барацьба), што было абавязковым элементам алімпійскіх гульняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)