«ЛІТО́ЎСКАЯ КАПЭ́ЛА»,

аркестравы калектыў сярэдзіны 16 — пач. 17 ст.; адзін з найбольш ранніх на тэр. Беларусі. Засн. ў Гродне ў 1543. У 1601 у склад капэлы ўваходзілі 15 музыкантаў і спевакоў: Хакон Бланк, Ян (Ганс) Браўн, Пётр Гертсан (Ортсан), Войцех (Альберт) Кулакоўскі, Мацей Кавянчук, Пётр Лаўрэнцій, Магнус, Ян Міхаловіч, Ян Няркоўскі (Ніркоўскі), Якуб Пэль, Якуб Пташкоўскі, Станіслаў Рагейскі, Эрык Том, Эрык Торсцін, Генрых Фін. Звесткі наконт складу інструментаў і характару рэпертуару не выяўлены.

А.​Л.​Капілаў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійныя навуч. ўстановы, якія рыхтуюць прадаўцоў, кандытараў, афіцыянтаў і інш. работнікаў для сістэмы дзярж. гандлю, грамадскага харчавання і спажывецкай кааперацыі. Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 1—3 гады. У 1996/97 навуч. г. на Беларусі падрыхтоўку спецыялістаў гэтага профілю ажыццяўлялі: Баранавіцкі, Гомельскі, Гродзенскі, Маладзечанскі, Мінскі, Полацкі вучэбна-вытв. комплексы (ПТВ-тэхнікумы) Магілёўскае і Нарачанскае каап. прафес.-тэхн. вучылішчы, гандл. вучылішчы ў Бабруйску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Мінску, а таксама Мінскае вышэйшае прафесійнае вучылішча гандлю і інш.

т. 5, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гродне ў 1956 як вячэрні філіял Мінскага політэхнічнага тэхнікума. З 1964 Гродзенскі вячэрні палітэхнікум, з 1966 сучасная назва. Аддзяленні: буд., мех., электрамеханічнае. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): прамысл. і грамадз. буд-ва; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; стандартызацыя і сертыфікацыя якасці прадукцыі; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці; вытв-сць буд. вырабаў і канструкцый. На камерцыйнай аснове — банкаўская справа; правазнаўства. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1650—1754 пры езуіцкай калегіі ў Гродне. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах. Захаваліся звесткі пра 26 пастановак т-ра. Аўтарамі іх былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі. Яны выкарыстоўвалі сюжэты са свяшчэннага пісання, агіяграфій, ант. міфалогіі і гісторыі. Большасць драм суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Найб. актыўна т-р дзейнічаў у 1711—28, калі былі пастаўлены 17 лац. п’ес і польская драма «Альтэка мудрасці» (1720).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 133—135, 142.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

М.​П.​Клімец.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Павел Паўлавіч) (н. 9.3.1942, в. Ваўкаўня Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. ваенны дзеяч. Ген.-палк. (1992). З 1994 ген.-лейт. Скончыў Ташкенцкае агульнавайсковае каманднае вучылішча (1965), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1974) і Генштаба (1987). Служыў у Сярэднеазіяцкай, Маскоўскай, Закаўказскай, Паўн.-Каўказскай ваен. акругах на камандна-штабных пасадах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 камандуючы 28-й агульнавайсковай арміяй у Гродне. З 1991 нач. штаба — 1-ы нам. камандуючага войскамі БВА. У 1992—94 міністр абароны Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР ((Krüger) Освальд) (каля 1598, Усх. Прусія — 6.4.1655),

матэматык, архітэктар, астраном, філолаг ВКЛ. Д-р філасофіі і вольных навук (1632). Вучыўся ў Рыме і Вільні. Чл. ордэна езуітаў (1618). З 1634 выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (гл. Віленскі універсітэт). З 1648 выкладчык матэматыкі і маральнай тэалогіі ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, з 1653 яго рэктар. Архітэктар адбудовы Нясвіжскага замка пасля пажару. У 1655 каралеўскі інжынер у Гродне. Аўтар кніг на лац. мове па матэматыцы, оптыцы, астраноміі і інш.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач. чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХА́ЛЬСКІ (Андрэй) (1767?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Прыгонны падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У жн. 1778 удзельнічаў у якасці саліста ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. У 1785—90 у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступаў на каралеўскіх сцэнах, у т. л. ў замку ў балеце «Лукас і Калінета» (1785) і ў Нац. т-ры.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНФІ́РАВА (Вольга Аляксандраўна) (2.5.1917, г. Самара, Расія — 13.12.1944),

удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыла Батайскую ваен. авіяшколу (1942). На фронце з мая 1942. Камандзір эскадрыллі 46-га Таманскага начнога лёгкабамбардзіровачнага жаночага авіяпалка. Капітан С. ў час Беларускай аперацыі 1944 бамбіла тэхніку праціўніка каля Магілёва, Гродна, на пераправе цераз р. Пціч. На яе рахунку 630 баявых вылетаў. Пры вяртанні з баявога задання яе самалёт падбіты, загінула на мінным полі. У Гродне яе імем названа вуліца.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)