рынапітэ́к

(н.-лац. rhynopithecus)

танкацелая малпа шакаладна-карычневай, шараватай або залаціста-аранжавай афарбоўкі, якая водзіцца ў горных лясах Паўд. Кітая і Паўн. В’етнама.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэфа́нія

(н.-лац. stephania, ад гр. stephanos = вянок)

ліяна, якая пашырана ў трапічных і субтрапічных горных раёнах Паўд. Кітая, Японіі, Бірмы, В’етнама, Індыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,

адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст. партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН ДЫК ТХАНГ (Tôn Đú’c Tháng; 20.8.1888, прав. Лангсюен, В’етнам — 30.3.1980),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1912 жыў у Францыі. Служыў у франц. ВМФ, удзельнік паўстання франц. ваен. маракоў у Севастопалі ў 1919. Пасля вяртання ў 1920 у В’етнам удзельнічаў у антыкалан. руху, чл. Т-ва в’етн. рэв. моладзі. У 1929—45 зняволены ў франц. турму, дзе ў 1930 далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (з 1951 Партыя працоўных В’етнама, ППВ). Чл. ЦК ППВ з 1951. З 1949 нам., з 1955 старшыня Пастаяннага к-та Нац. сходу Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ). З 1960 віцэ-прэзідэнт ДРВ, у 1969—76 прэзідэнт ДРВ. З 1976 прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1955.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕНГ САМРЫ́Н (н. 25.5.1934, в. Как, Камбоджа),

палітычны і дзярж. дзеяч Камбоджы (у 1976—89 Кампучыя). Чл. Нар. (да 1991 Нар.-рэв.) партыі Камбоджы з 1959; чл. яе Выканкома (з 1977), ген. сакратар (1981—91), ганаровы старшыня (з 1991) ЦК. Удзельнік узбр. барацьбы супраць праамер. рэжыму ген. Лон Нола (з 1970), пасля яго падзення (1975) у арміі рэжыму «чырвоных кхмераў»: паліт. камісар і камандзір дывізіі, нам. нач. штаба Усх. ваен. зоны (1976—78). У 1978 узначаліў паўстанне вайск. часцей (падтрымана в’етн. войскамі) супраць улады Пол Пота. З канца 1978 старшыня ЦК Адзінага фронту нац. выратавання Кампучыі. Старшыня Нар. рэв. савета (1979—81), Дзярж. савета (1981—91) Камбоджы. Ва ўмовах фактычнага кантролю В’етнама над краінай і зацяжной грамадз. вайны з прыхільнікамі Пол Пота праводзіў курс на пабудову сацыялізму на в’етн. ўзор.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,

палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял. Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс. чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.

Літ.:

Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;

Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.

У.С.Кошалеў.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОРД (Ford) Джэральд Рудольф (н. 14.7.1913, г. Омаха, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Мічыганскі (1935) і Іельскі (1941) ун-ты. У 1942—46 служыў у ВМФ (удзельнік 2-й сусв. вайны на Ціхім ак.), потым займаўся юрыд. практыкай. У 1948—73 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, з 1965 лідэр фракцыі рэспубліканцаў у палаце. У час паліт. крызісу 1973—74 (гл. «Уотэргейт») прызначаны віцэ-прэзідэнтам краіны (зацверджаны на пасадзе кангрэсам 6.12.1973), а пасля вымушанай адстаўкі Р.Ніксана 9.8.1974 стаў прэзідэнтам ЗША. Працягваў паліт. курс папярэдняй адміністрацыі, у т. л. на разрадку міжнар. напружанасці (ад імя ЗША падпісаў 1.8.1975 Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, пры ім у крас. 1975 з Паўд. В’етнама выведзены апошнія вайск. кантынгенты ЗША).

Літ.:

Американские президенты: 41 ист. портрет от Джорджа Вашингтона до Билла Клинтона: Пер. с нем. Ростов н/Д;

М., 1997. С. 507—511.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т МАЛАДЗЁЖНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ БЕЛАРУ́СІ (КМА Беларусі),

незалежнае грамадскае аб’яднанне маладзёжных і дзіцячых арганізацый у 1958—95. Створаны ў кастр. 1958 як КМА БССР. Заклаў падмурак міжнар. супрацоўніцтва бел. моладзі, наладзіў сувязі з маладзёжнымі арг-цыямі Польшчы, Венгрыі, Югаславіі, В’етнама, ФРГ, Бельгіі, ЗША і інш. КМА БССР быў адзінай арг-цыяй, якая ва ўмовах сав. сістэмы давала бел. моладзі магчымасць выязджаць за мяжу. Асн. мэты: развіццё навук., тэхн. і маст. творчасці моладзі; абарона паліт., сац.-эканам., асабістых правоў, свабод і законных інтарэсаў маладзёжных арг-цый Беларусі; стварэнне і развіццё новых маладзёжных рухаў і арг-цый, прадстаўленне іх інтарэсаў на міжнар. арэне; развіццё рэгіянальнага міжнар. супрацоўніцтва і інш. У кастр. 1991 зарэгістраваны як КМА Беларусі. У сак. 1995 перарэгістраваны як Бел. нац. к-т маладзёжных арг-цый (БНКМА). Вышэйшы орган — сход прадстаўнікоў арганізацый-членаў, выканаўчы — прэзідыум БНКМА. У складзе БНКМА 28 арганізацый-членаў і 6 арганізацый-наглядальнікаў (1997).

А.​М.​Шавель.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́МІН Валерый Віктаравіч (н. 16.8.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1980). Герой Венгрыі, Герой Працы В’етнама, Герой Кубы (1980). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд. тэхн. навук. Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1966). З 1973 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. З 1987 нам. ген. канструктара ракетна-касм. карпарацыі «Энергія». Кіраўнік праграм «Мір—НАСА», «Мір—Шатл» (1994—98), дырэктар праграмы «Міжнар. касм. станцыя» (ад Расіі). Здзейсніў (як бортінжынер) палёты: 9—11.10.1977 з У.​В.​Кавалёнкам на касм. караблі (КК) «Саюз-25»; 25.2—19.8.1979 з У.​А.​Ляхавым на КК «Саюз-32», «Саюз-34» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6»; 9.4—11.10.1980 з Л.​І.​Паповым на КК «Саюз-35», «Саюз-37» і АС «Салют-6»; 3—12.6.1998 у складзе экіпажа КК «Дыскаверы» (стыкоўка з АС «Мір»). У космасе правёў 371,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Дзярж. прэмія СССР 1984.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

су

(фр. sou)

французская разменная манета, роўная 1/20 ліўра, а з 1799 г. — 5 сантымаў (знята з абароту ў 1947 г.);

2) разменная манета В’етнама, роўная 1/100 донга.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)