сімані́я

(с.-лац. simonia, ад ст.-яўр. Simon = імя біблейскага вешчуна)

продаж і купля царкоўных пасад, распаўсюджаныя ў сярэднія вякі ў Зах. Еўропе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ма́ўры, ‑аў; адз. маўр, ‑а, м.; маўрытанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. маўрытанкі, ‑нак; ж.

1. У старажытнасці і ў сярэднія вякі — еўрапейская назва карэннага насельніцтва Паўночнай Афрыкі (акрамя Егіпта) і арабаў, якія ў 8 ст. заваявалі Паўночную Афрыку і большую частку Пірэнейскага паўвострава.

2. Арабскае насельніцтва сучаснай Маўрытаніі.

[Лац. Mauri ад грэч. maurós — цёмны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыядэ́ма, ‑ы, ж.

1. Галаўная павязка грэчаскіх жрацоў, а таксама галаўны ўбор цароў у старажытнасці і ў сярэднія вякі.

2. Жаночае галаўное ўпрыгожанне з дарагіх камянёў у выглядзе невялікай кароны. На .. [князёўне] была дыядэма з сапраўдных брыльянтаў. Самуйлёнак. У чатырох пахаваннях былі сустрэты медныя дыядэмы — дарагія жаночыя упрыгожаны. Штыхаў.

[Грэч. diádēma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),

канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.

Балкон жылога дома на вул. Камсамольскай у Мінску. Мастацкае ліццё.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.

2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.

Дыятанічныя гамы: 1 — мажорная; 2 — мінорная; 3 — мінорная гарманічная; 4 — мінорная меладычная.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСУ́МА, Мактэсума,

Матэкусома (Montezuma, Moctezuma, Motecuhzoma),

імя правіцеляў індзейцаў-ацтэкаў у сярэднія вякі.

Мантэсума I (?—1469), правіцель ацтэкаў у 1440—69. Пры ім ацтэкі, цэнтрам якіх быў г. Тэначтытлан (цяпер Мехіка), канчаткова падпарадкавалі інш. індзейскія плямёны Цэнтр. Мексікі.

Мантэсума II (каля 1466—30.6.1520), правіцель ацтэкаў у 1502—20 (паводле інш. звестак, правіў з 1503). Праўнук Мантэсумы I. Намагаўся захаваць адзінства імперыі ацтэкаў сілай зброі. Пасля высадкі ў Мексіцы заваёўнікаў-іспанцаў паланёны паводле загаду Э.Картэса. Забіты паўстаўшымі індзейцамі за заклікі падпарадкавацца іспанцам.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНГЛІ́РАВАННЕ (ад франц. jongler),

жанр цыркавога мастацтва, заснаваны на ўменні падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Адрозніваюць Ж.: партрэтнае — на цыркавым дыване з булавамі, кольцамі і інш. прадметамі; на конях, на дроце, матацыклах, драбінах; сілавое; Ж. т.зв. антыпадыстаў (жангліруюць нагамі).

Мастацтва Ж. вядомае са стараж. часоў (у Стараж. Егіпце, ант. Грэцыі і Рыме). У сярэднія вякі з Ж. выступалі вандроўныя нар. акцёры: жанглёры ў Францыі, мімы ў Італіі, шпільманы ў Германіі, хугляры ў Іспаніі, франты ў Польшчы, скамарохі ў Беларусі і Расіі. З 19 ст. Ж. — цыркавы жанр.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКТА́ (араб., літар. надзел),

у сярэднія вякі ўмоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваен. ці грамадз. службу ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу (накшталт бенефіцыя ў Еўропе). У араб. крыніцах вядомы з канца 7 ст., найб. пашыраны ў 8—10 ст. пры Абасідах. З 9 ст. І. наз. таксама падараванне халіфам вобласці ў намесніцтва эміру, з правам збору на сваю карысць усіх ці часткі падаткаў. У імперыі Вялікіх Маголаў наз. джагір, у Асманскай імперыі — зеамет, цімар. Рост зямель І. і змяншэнне фонду дзярж. зямель — адна з прычын феад. раздробленасці.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́СЫ (ісп. cortes ад corte каралеўскі двор),

1) саслоўна-прадстаўнічыя сходы ў Іспаніі і Партугаліі ў сярэднія вякі. Назва «К.» ўпершыню сустракаецца ў Кастыліі ў 1137. Развіліся з прадстаўніцтва дваранства і духавенства пры каралю. Пазней права прадстаўніцтва атрымалі гарады (у Леоне з 1188, Каталоніі з 1218, Кастыліі з 1250, Партугаліі з 1254, Арагоне з 1274, Навары з 1300). Вял. ролю адыгрывалі ў 13—14 ст., садзейнічалі росту ўплыву гарадоў і абмежаванню самавольства феадалаў. З усталяваннем абсалютызму страцілі сваё значэнне.

2) У Партугаліі да 1911, у Іспаніі сучасная назва парламента.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)