ПРЫСЕ́ВАК (Альберт Фаміч) (н. 19.8.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1998), праф. (1999). Скончыў Укр.ін-т інжынераў воднай гаспадаркі (1963; Кіеў). З 1971 у БПА. Навук. працы па асновах тэхналогіі машынабудавання, праблемах эфектыўных тэхналогій ахоўных пакрыццяў з павышанымі эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі, стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў.
Тв.:
Технология формирования газотермических водородостойких покрытий. Мн., 1998;
Математическое моделирование технологических задач в машиностроении. Мн., 2000 (разам з Ф.Ф.Клімовічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ СУ́ШЫ,
навука аб паверхневых водах сушы; раздзел гідралогіі. Падзяляецца на гідралогію рэк, азёразнаўства і балотазнаўства. Асн. раздзелы гідралогіі сушы: гідраметрыя, гідралагічныя разлікі, гідралагічныя прагнозы, гідрафізіка, гідрахімія, гідраграфія, дынаміка вод сушы, рэчышчавыя працэсы; да сярэдзіны 20 ст. ўключала і гляцыялогію. Гідралогія сушы даследуе працэсы фарміравання воднага балансу і сцёку, структуру рачной плыні, водаабмен у азёрах і вадасховішчах, рэчышчавыя і берагавыя працэсы, тэрмічныя і лядовыя з’явы, хімізм вод, распрацоўвае гідралагічныя прылады і інш. Звесткі гідралогіі сушы выкарыстоўваюць у воднай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ШЧАНКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 25.1.1951, Мінск),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн. работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ ГАСПАДА́РКА,
галіна гаспадаркі па вывучэнні, уліку, комплексным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў. Асн. задача — забеспячэнне вадой усіх галін гаспадаркі і патрэб насельніцтва, а таксама абарона насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей ад разбуральнага ўздзеяння вады. У воднай гаспадарцы выконваюцца работы па ўзвядзенні гідратэхн. збудаванняў, іх эксплуатацыі і кантролі за ўмовамі выкарыстання водных рэсурсаў пры водаразмеркаванні, водакарыстанні і водаспажыванні.
На Беларусі водная гаспадарка ў асобную галіну не вылучана. Выкарыстанне і ахова вод рэгулююцца водным заканадаўствам. Улік водных рэсурсаў, іх выкарыстанне і якасць вады апісаны ў водным кадастры. У 1994 спажыта 2327 млн.м³ свежай вады, з іх на гасп.-пітныя мэты 713 млн.м³, на вытв. водазабеспячэнне (без уліку сельскай гаспадаркі) 1294 млн.м³, на арашэнне і с.-г. водазабеспячэнне 320 млн.м³. Забрана вады з прыродных крыніц 2442 млн.м³, у т. л. падземных вод 1149 млн.м³. Аб’ём абаротнай і паслядоўна выкарыстанай вады склаў 85% ад агульнага аб’ёму на вытв. мэты.
Навук. даследаванні ў галіне воднай гаспадаркі выконваюць Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, навук.-вытв. аб’яднанне меліярацыі і лугаводства, Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т, праектна-пошукавыя работы — Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва і «Беларусьгеалогія» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАВЫ́Я ХВА́ЛІ,
складаныя ваганні вады на паверхні вадаёмаў, якія выклікаюцца ветрам. Назіраюцца ў верхнім слоі вады да глыб. ў сярэднім 50—60 м. Памеры ветраных хваль залежаць ад скорасці і даўжыні разгону ветру, працягласці яго ўздзеяння на водную паверхню, памераў воднай прасторы і глыбіні вадаёма. У глыбакаводных частках мораў вышыня ветраных хваль можа дасягаць 10 м і больш, у акіянах — ад 13—18 да 25 м, скорасць распаўсюджання да 14—15 м/с. На вадаёмах Беларусі вышыня хваль звычайна 0,25—0,5 м, максімальная да 1,5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ ЭНЕ́РГІЯ, гідраэнергія,
энергія вады, якая рухаецца ў патоках па зямной паверхні або назапашана ў азёрах і вадасховішчах, што знаходзяцца на некаторай вышыні над узр. м. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы; выражаецца ў кілаватах. Адрозніваюць поўную або кадастравую магутнасць воднай энергіі, якая залежыць ад расходу, вышыні падзення і ўдзельнай шчыльнасці вады, і тэхн. магчымую для выкарыстання. Энергетычныя рэсурсы рэк Беларусі адносна невялікія: поўная (патэнцыяльная) энергія іх каля 1 млн.кВт, або 7,5 млрд.кВт∙гадз за год. Тэхн. рэсурсы складаюць 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НА (Garonne),
рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл.бас. 56 тыс.км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДЫ́,
вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн.м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЛАВА, Рэзервовае вадасховішча. За 20 км на ПнЗ ад г. Мінск паміж вёскамі Крылава, Вішнёўка, Чаромуха, каля вытоку р. Поплаў (бас.р. Свіслач). Створана ў 1981. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 2 км, найб.глыб. 10 м, аб’ём вады 21,6 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 720 м. Напаўняецца за кошт перакіду вады з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; вадаскід на р. Поплаў. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,8 млн.м³. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),
птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.
Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.