МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в. Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс. чал., у палон трапіла 1 тыс. чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.

Л.У.Калядзінскі.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сталінградская бітва 1942—43 2/570; 3/245, 441; 4/279, 422; 5/349; 8/273; 10/33—35, 529; 12/162

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.

Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.

Літ.:

Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.

Кірхгольмская бітва.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.

Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,

генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.

Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер. франц. войскі (каля 40 тыс. чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс. чал., 46 гармат).

У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс. чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс. чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадз рас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс. чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс. чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).

Літ.:

Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;

Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.

У.Я.Калаткоў.

Да арт. Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,

адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,

бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛ Міндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.

Г.М.Сагановіч.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКА́РСКАЯ БІ́ТВА 1402,

адбылася паміж войскамі сярэднеазіяцкага эміра Цімура і тур. султана Баязіда І пад Анкарой 28 (або 20) ліпеня. Цімуру ўдалося зайсці ў тыл тур. войскам, якія займалі абарону ў гарах, і акружыць Анкару. Атакі ўдвая меншага тур. войска, якое падышло да горада, былі адбіты. Пераход на бок Цімура анаталійскіх беяў паскорыў паражэнне Баязіда. Зыход бітвы прывёў да часовага распаду Турцыі.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.

Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЦКАЯ БІ́ТВА 1526.

Адбылася 29 жн. на правым беразе Дуная каля г. Мохач (Венгрыя) паміж тур. арміяй султана Сулеймана I Кануні (100 тыс. чал. і 300 гармат) і дваранскім войскам венг.-чэш. караля Лаяша II (25 тыс. чал. і 80 гармат). Скончылася разгромам войск Лаяша (загінуў пры адступленні). Пасля М.б. значная частка Венг. каралеўства захоплена Асманскай імперыяй; у Чэхіі ўмацавалася ўлада Габсбургаў.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)