ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.

Да арт. Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

патра́ва, ‑ы, ж.

1. Знішчэнне, псаванне травы, пасеваў і пад. жывёлай. [Павал:] — Вы думаеце, калі я не ўспеў прыбраць усяго свайго аўса, калі я трохі запазніўся з аўсом, дык думаеце, я так і пакінуў на патраву вашым коням, каб вы іх павывалаквалі!? Чорны.

2. Абл. Страва, яда. Незайздросная патрава: Бульба ды куцейка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́шар ’корм для скаціны’ (Карскі, Труды, 415; Скарбы), ’грубы корм для жывёлы’ (Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ; воран., Шатал.), ’зялёная маса сумесна пасеяных вікі і аўса’ (Шчарб.), ’адходы, смецце’ (лід., Сл. ПЗБ), перан. ’тытунь’ (пасі., Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, патур (< пошыр < пошар) ’пацяруха’ (Мат. Гом.; Сцяшк. Сл.). З літ. pašaras ’корм’ < šerti ’карміць’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 49). Гл. таксама пашары.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праця́гласць, ‑і, ж.

1. Адлегласць (даўжыня, шырыня ці вышыня), занятая чым‑н. Працягласць трубаправода. □ Велізарны масіў аўса межаваў з жытам, бульбай і на працягласці 300 м — з канюшынай. «Весці».

2. Час, перыяд, тэрмін, на працягу якога што‑н. дзейнічае, адбываецца, існуе. Працягласць урока — сорак пяць хвілін. Працягласць камандзіроўкі — месяц. □ Працягласць нерасту залежыць ад тэмпературы вады. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі смачны. Ласы кусок.

2. на што, да каго‑, чаго‑н. Які мае асаблівую цягу да каго‑, чаго‑н.; прагны, сквапны. Жвавы, гладкі конік рупліва перабіраў нагамі і весела ёкаў: відаць, не толькі сенам кормлены, але і да аўса ласы. Новікаў. Ласы на чужыя прыпасы. Прыказка. // Разм. Які выражае ахвоту, захапленне, прагнасць; ахвочы. Гаспадар .. таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мэ́ндлік, ‑а, м.

Пяць снапоў ячменю, аўса, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху. Перад.. [Сцёпкам] раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ непрыбраныя мэндлікі аўсоў. Колас. // Тое, што і бабка ​2 (у 6 знач.). Досвіткам.. [Густаў] дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Чорны. За лесам жытні палетак, устаўлены мэндлікамі без шапак. Мурашка.

[Ням. Mandel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Тое, што і мятла. А вілы, граблі і мяцёлкі,.. Каля варот адны стаялі — Таксама працы ўжо чакалі. Колас.

2. Спец. Суквецце некаторых раслін, якое нагадвае па форме мятлу. Бездапаможна пнуцца ўгару сіва-зялёныя мяцёлкі аўса. Брыль.

3. Абл. Мятліца. Улетку па гэтай дарозе вазілі з паплавоў сена, мяккае, як воўну, жыта напалам з гірс[о]й і мяцёлкай. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Трасучы, абіваючы, акалаціць усё, многае. Дзеці перакалацілі ўсе яблыкі ў садзе.

2. што. Абмалаціць нанава, яшчэ раз; перамалаціць, перабіць. Перакалаціць снапы аўса.

3. што. Абмалаціць усё, многае.

4. што. Трасучы, пераварочваючы, перабраць, перагледзець у пошуках каго‑, чаго‑н. Паліцыянты перакалацілі, перавярнулі ўсё дагары нагамі, але нічога і нікога не знайшлі. Сабаленка.

5. безас. каго. Перастаць, скончыць калаціць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уво́лю, прысл.

1. Колькі хочацца, удосталь. Нагнуўся Андрэй і напіўся ўволю крынічнай вады. Якімовіч. У цырку Вараны быў у жанглёра... Уволю еў аўса, не знаў на працы зморы. Корбан. Насмяяўшыся ўволю, студэнты .. павалілі ў актавую залу. Карпюк.

2. Многа, у поўным дастатку. Людзі шчыты пастаўлялі на полі, каб затрымаць вас [снягі], Мець вільгаці ўволю. Лужанін. // у знач. вык. Многа, даволі. У хаце дастатак завёўся: хлеба і грошай уволю. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАВУ́К,

прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел. нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Я.​М.​Сахута.

Т.​Агафоненка. Павук.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)