пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.
Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.
І.І.Леановіч.
Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ, водны слалам,
адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГІ (ад англ. dog сабака),
догападобныя сабакі, група парод службовых сабак. Выкарыстоўваліся як паляўнічыя, баявыя, вартавыя і ахоўныя, цяпер — як свойскія вартавыя і службовыя сабакі. Радзіма Д. — Тыбет; пашырыліся да Еўропы, Паўн. Афрыкі, Японіі. Ад тыбецкіх Д. узніклі сучасныя пароды — баксёры, бульдогі, мастыфы і інш. Назва «Д.» захавалася за ням., выведзеным у Германіі ў сярэдзіне 19 ст., стараж. байцоўскім бардоскім і белым паляўнічым аргенцінскім, выведзенымі ў 1920-я г.
Нямецкі Д. — самая вял. сярод інш парод сабак. Выш. ў карку 72—80 см, маса 70 кг і больш Канстытуцыя моцная, сухая, касцяк і мускулатура магутныя. Грудзі глыбокія, галава доўгая, з шырокімі масіўнымі сківіцамі, на доўгай шыі. Поўсць кароткая, густая, бліскучая. Масць чорная. мармуровая, палевая. тыгравая, блакітнавата-шэрая розных адценняў. Характэрны алюр — галоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ВІНТАС,
запаведнік у Алітускім р-не Літвы, у вярхоўях левага прытока р. Нямунас — Шашупе. Засн. ў 1946 для аховы месцаў пражывання вадаплаўных птушак, рэліктавых і рэдкіх раслін. Пл. 5428 га (1032 га займае воз. Жувінтас, якое знаходзіцца ў запаведным -рэжыме з 1937). Тыповыя ландшафты паўд.-зах. Літвы маюць у наяўнасці вярховыя і нізінныя балоты (каля 2900 га агульнай пл.), лясы (каля 1200 га) і лугі (каля 70 га). Флора ўключае 613 відаў вышэйшых раслін, з якіх 39 ахоўныя. У арнітафауне запаведніка ўлічана каля 250 відаў птушак, з якіх 139 гняздоўныя. Найб. каштоўны — натуральна акліматызаваны лебедзь-шыпун. Тэрыяфауна прадстаўлена 35 відамі: да фонавых належаць дзік, казуля, лось, характэрныя віды — заяц-русак, вавёрка звычайная, ліс, янотападобны сабака, барсук, лясная куніца, рачная выдра. У іхтыяфауне возера сярод 20 відаў рыб найб. шматлікі шчупак, звычайны лінь, краснапёрка, плотка, лешч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),
у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл. ад 0,3 да 26 тыс.га.
Літ.:
Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІМПСЕ́СТ (грэч. palin зноў + psao саскрабаю),
рукапіс на пісчым матэрыяле, з якога сцёрты або змыты першапачатковы тэкст. У антычнасці П. існавалі на папірусах, пазней пашыраны на пергаміне. Змест змытых тэкстаў сведчыць, што П. пераважна мелі літургічны характар. Гэты факт абвяргае думку пра наўмыснае знішчэнне царквой ератычных ці непажаданых сачыненняў. Сярод вядомых 23 слав. П. толькі 3 усх.-слав.: 2 лісты Архангельскага евангелля 1092 (Рас.дзярж.б-ка), 2 ахоўныя лісты з пераплёту Кірыла-Белазёрскага манастыра (Рас.нац.б-ка), першыя 24 лісты Савінай кнігі (Рас.дзярж. архіў стараж. актаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,
у Польшчы, ва ўсх.ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у т. л. пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у т. л. бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у т. л.ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧА́ЛЬНАЯ ТКА́НКА,
тканка арганізмаў жывёл і чалавека, якая складаецца з клетак і міжклетачнага рэчыва і ўтварае ўнутр. асяроддзе арганізма. Есць ва ўсіх органах і ў залежнасці ад функцыі мае розную будову. Яе стан і функцыі рэгулююцца нерв. і гумаральнымі механізмамі. Функцыі З.т.: механічная (утварае шкілет, абалонкі і апору ўнутр. органаў, злучае органы), трафічная (пераносіць пажыўныя і інш. рэчывы да функцыянальнай тканкі — парэнхімы і ад адных органаў да другіх), ахоўная (ажыццяўляе ахоўныя запаленчыя рэакцыі арганізма), пластычныя (удзельнічае ў рэгенерацыі, запаўняе дэфекты пры пашкоджанні органаў).
Паводле будовы падзяляецца на касцявую, храстковую, рэтыкулярную (складае аснову крывятворных органаў), тлушчавую і валакністую, якая пранізвае ўсе органы і ўтварае праслойкі паміж асобнымі органамі. У міжклетачным рэчыве валакністай З.т. ёсць валокны калагенавыя (моцныя, не расцягваюцца), эластычныя і тыкулінавыя (пераплятаюцца, утвараюць сетку). Прамежкі паміж валокнамі і клеткамі запоўнены студзінападобным рэчывам. Клеткі З.т.: камбіяльныя, фібрабласты, гістыяцыты, плазматычныя, пігментныя, тлушчавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш.Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл.Сталярныя работы, Цяслярныя работы).
Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.
Літ.:
Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;
Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.