кары́нфскі

(гр. korinthos);

к. ордэр — архітэктурны ордэр, які склаўся ў старажытнагрэчаскім горадзе Карынфе; вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі, што падтрымліваюць вуглы абака.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

го́тыка

(іт. gotiko = гоцкі, ад ням. Got = гот)

архітэктурны стыль позняга еўрапейскага сярэдневякоўя (12—16 ст.), які характарызаваўся лёгкасцю высокіх спічастых збудаванняў, зграбнасцю разнастайнай каменнай разьбы, вітражамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.​Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.​Рушчыца, Я.​Булгака, Ю.​Клоса, Я.​Ромера і інш.). У Вял. Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.

В.​В.​Гліннік.

Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКІМО́ВІЧ Юрый Аляксандравіч (13.10.1946, Мінск — 7.2.1994),

бел. гісторык архітэктуры, педагог. Сын Алеся Якімовіча. Канд. архітэктуры (1979). Скончыў БПІ (1969). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (з 1969), з 1980 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». З 1986 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Даследаваў гісторыю бел. архітэктуры, творчасць мастакоў 19 ст. (Н.​Орды, Ю.​Пешкі, Дз.​Струкава і інш.). Вылучыў Палескія школы дойлідства, паказаў асаблівасці іх развіцця ў 17—19 ст. Адзін з аўтараў артыкулаў у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, Мн., 1984—88), «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 9, М., 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, Мн., 1987) і інш. Аўтар рэканструкцый асобных сядзібна-палацавых і замкавых пабудоў 16—17 ст.

Тв.:

Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн.,1978;

Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 7;

Магілёўскі архітэктурны дэкор XIX — пачатку XX ст. // Там жа. 1986. № 6;

З віленскай калекцыі // Там жа. 1989. № 11;

Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. (разам з Р.​В.​Баравым) // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985;

Деревянное зодчество Белоруссии // Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М.,1987;

Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

анса́мбль

(фр. ensemble = сукупнасць)

1) стройнае спалучэнне частак у адно цэлае (напр. архітэктурны а.);

2) група выканаўцаў, якія выступаюць як адзіны мастацкі калектыў (напр. а. песні і танца).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

іані́чны

(гр. ionikos);

і. ордэр — архітэктурны ордэр, які склаўся ў іанічных абласцях Стараж. Грэцыі; вызначаецца наяўнасцю базы, валюты на капітэлі і антаблементам без метопаў і трыгліфаў (параўн. дарычны, карынфскі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

по́мнік м. Dénkmal n -s, -e і -mäler; Monumént n -(e)s, -e;

паста́віць по́мнік ein Dénkmal erríchten (каму-н. D); Grábstein m -(e)s, -e (на могілках); Báudenkmal n (архітэктурны)

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

дары́чны

(гр. dorikos);

д. ордэр — архітэктурны ордэр, які склаўся ў дарыйскіх абласцях Стараж. Грэцыі; вызначаецца адсутнасцю базы ў калон, простай формай капітэлі, а таксама наяўнасцю трыгліфаў і метопаў у фрызе (параўн. іанічны, карынфскі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анса́мбль, ‑я, м.

1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».

2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.

3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».

[Фр. ensemble — разам.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

О́РДЭР архітэктурны,

пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст. выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.

С.​А.​Сергачоў.

Ордэры архітэктурныя. Грэчаскія: 1 — дарычны; 2 — іанічны; 3 — карынфскі. Рымскія: 4 — тасканскі; 5 — дарычны; 6 — іанічны; 7 — карынфскі.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)