УЗБРО́ЕНЫЯ СІ́ЛЫ ААН, сілы ААНпа падтрыманні міру, міратворчыя сілы,
міжнародныя вайсковыя фарміраванні, якія ствараюцца ААН у адпаведнасці з яе Статутам (гл.Статут ААН). Складаюцца з кантынгентаў армій краін-членаў арганізацыі. Прызначаны для прадухілення ці ліквідацыі пагрозы міру ў рамках калектыўнай бяспекі. Выкарыстанне У.с. ААН ажыццяўляецца паводле рашэння Савета Бяспекі ААН шляхам сумесных дзеянняў (ваен. дэманстрацыя, блакада, назіранне і інш.), калі меры эканам. і паліт. характару аказваюцца недастатковымі. У.с. ААН вылучаюцца па патрабаванні Савета Бяспекі паводле спец. пагадненняў з урадамі краін-членаў ААН. Міратворцы носяць ваен. форму сваіх дзяржаў, прыналежнасць да сіл ААН вызначаецца па блакітнай касцы або берэце і значку. Кадравыя ваенныя і цывільныя паліцэйскія служаць пад аператыўным кантролем ААН, але застаюцца служачымі нац.узбр. сіл. Аперацыямі па падтрыманні міру кіруе Ген. сакратар ААН звычайна цераз свайго спец. прадстаўніка. Для спец. падрыхтоўкі вайск. персаналу ААН у розных краінах існуюць міжнар. трэніровачныя цэнтры (Польшча, Фінляндыя, Швецыя і інш.).
З моманту разгортвання ў 1948 першай міратворчай місіі ААН 123 краіны добраахвотна вылучылі ў распараджэнне арганізацыі больш за 750 тыс.чал. ваеннаслужачых і цывільнага паліцэйскага персаналу. У якасці міжнар. назіральнікаў вайскоўцы ААН дзейнічалі ў Палесціне (1948; прадстаўлялі 20 краін, у т. л.СССР), на Кіпры (1964) і інш. У.с. ААН удзельнічалі ў Карэйскай вайне 1950—53, у аперацыях у Конга (1960—63), Югаславіі (1992), у раз’яднанні егіпецкіх і ізраільскіх войск на Сінайскім п-ве пасля кастр. вайны 197.3 (гл.Ізраільска-арабскія войны) і інш. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 паводле рэзалюцыі ААН былі створаны Шматнац. сілы для вызвалення Кувейта і інш. Нобелеўская прэмія міру (1988).
Літ.:
Кривчикова Э.С. Вооруженные силы ООН. М., 1965;
ООН как инструмент по поддержанию и укреплению мира. М., 1980;
Михеев Ю.Я. Применение принудительных мер по Уставу ООН. М., 1967;
Организация Объединенных Наций: Основные факты: Справ. М., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАКТ ПАШТО́ВЫ (польск. trakt ад лац. traktus літар. — валачэнне),
у Рэчы Паспалітай і Расіі шырокая палепшаная грунтавая дарога (шлях), якая злучала найважнейшыя населеныя пункты. Мела станцыі (пастаялыя двары) і верставыя слупы. Па Т.п. ішлі рэгулярныя перавозкі пасажыраў, грузаў, пошты (паштовыя Т.п. з паштовымі станцыямі). З 19 ст. Т.п. з цвёрдым пакрыццём наз. шашой (гл. таксама Шашэйная дарога).
Т.п. на Беларусі з’явіліся ў 16 ст. ў час стварэння пошты. У 1583 адкрыты паштовыя зносіны па Т.п. Варшава—Беласток—Гродна. У сувязі з адкрыццём у 1596 у Варшаве паштамта Т.п. звязалі Варшаву з усімі гарадамі Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй была ўстаноўлена паштовая сувязь Маскоўскай дзяржавы зЗах. Еўропай. Т.п. працягнуўся ад Масквы праз Смаленск—Магілёў—Мінск да Вільні. У канцы 17 ст. ў ВКЛ пачалі пракладваць новыя дарогі, будаваць станцыі, але Паўночная вайна 1700—21 перашкодзіла давесці работы да канца. Паляпшэнне Т.п. пачалося пасля прыняцця вял.кн.ВКЛ і каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім у 1764 Генеральнага рэгламенту. У 1772 адкрыты часовы Т.п. Пскоў—Полацк, потым С.-Пецярбург—Нарва—Пскоў—Полацк—Талачын—Магілёў, на якім былі створаны 134 паштовыя станцыі (пазней Т.п. працягнуты да Кіева і Адэсы). У пач. 19 ст. ўсе дарогі Рас. імперыі былі падзелены на разрады: гал. паштовыя і пабочныя паштовыя (уласна гэта былі Т.п.), вял. праезджыя, ваен. і інш., якія таксама атрымалі нумары. Напр., паштовая дарога С.-Пецярбург—Екацярынаслаў, вядомая як Беларускі Т.п., мела №148. Зкрас. 1827 па Т.п. Беларусі пайшлі першыя дыліжансы. З 1830-х г.бел. Т.п. брукавалі каменнем. З развіццём чыг. транспарту значэнне Т.п. знізілася. Іншаземцы ў час войнаў на бел. землях таксама будавалі Т.п. Гл. таксама Пошта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ВА,
самае вял. возера ў Японіі, на в-ве Хонсю. Пл. 716 км². Глыб. да 86 м. Сцёк пар. Юда ў заліў Осака Ціхага ак. Злучана каналамі з гарадамі Осака і Кіёта. Суднаходства. Рыбалоўства. Турызм. На паўд. беразе — г. Оцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬБО́Т (ад англ. whale-boat кітабойная шлюпка),
быстраходная 4—8-вёславая мараходная шлюпка з вострымі носам і кармой. Весляры размяшчаюцца па аднаму на банцы (сядзенні), кожны вяслуе адным двухлопасцевым вяслом. Вельботы бываюць раз’язныя і выратавальныя. Як кітабойныя вельботы зараз не выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАТЭЛЕФО́Н, відэафон,
абаненцкая відэаакустычная прылада, з дапамогай якой абаненты бачаць адзін аднаго ў час тэлеф. размовы. Аб’ядноўвае звычайную тэлеф. сувязь і перадачу відарысаў (кожнага абанента па асобным канале, як у тэлебачанні). Выкарыстоўвае тэлевізійныя каналы міжгародняй сувязі. Устанаўліваюць пераважна на перагаворных пунктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫЯ (грэч. hydria ад hydōr вада),
старажытнагрэчаская пасудзіна для вады, найчасцей керамічная. Падобная на амфару, але з моцна расшыраным уверсе тулавам, больш вузкім і высокім горлам. Мела 2 гарызантальныя па баках і 1 вертыкальную ручкі. Сценкі гідрыі часта ўпрыгожвалі размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНО́МАН (грэч. gnōmon),
старажытны астранамічны інструмент, які складаецца зверт. стрыжня, пастаўленага на гарыз. пляцоўку. Па даўжыні і напрамку ценю стрыжня можна вызначыць вышыню і азімут Сонца, напрамак паўдзённай лініі і інш. астранамічныя даныя. Выкарыстоўваецца ў выглядзе сонечных гадзіннікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРУ́ШЫН Аляксей Аляксандравіч (31.1.1865, Масква — 7.6.1929),
рускі тэатр. дзеяч. На аснове сабраных ім матэрыялаў па гісторыі рус.т-ра ў 1894 стварыў музей (гл.Тэатральны музей імя Бахрушына). З 1918 старшыня музейна-архіўнай секцыі пры Тэатр. аддзеле Наркамасветы РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫНА́Л (ад лац. cardinalis галоўны),
у царкоўнай іерархіі каталіцкай царквы 2-і пасля папы рымскага чын. Бліжэйшыя саветнікі і памочнікі папы па кіраўніцтве царквой, маюць сан епіскапа. Назначаюцца са згоды кансісторыі — сходу кардынальскай калегіі. На канклавез К. выбіраецца папа рымскі.