БЕТАІ́НЫ, цвітэр-іоны,

унутраныя солі хім. злучэнняў, якія маюць карбаксільную групу (-COOH) і чацвярцічны атам азоту ці трацічныя атамы кіслароду і серы, напр. (CH3)3N+CH2COO​; біпалярныя іоны арган. злучэнняў. Нейтральныя малекулы, у якіх процілеглыя эл. зарады прасторава раз’яднаны. Існуюць у прыродзе як форма амінакіслот у крышталях і водных растворах, як прамежкавыя рэчывы азоцістага абмену многіх раслін і жывёл. Сінт. бетаіны — паверхневаактыўныя рэчывы; выкарыстоўваюцца як эмульгатары палімерызацыі, дыспергатары, антыстатыкі, змочвальнікі ў папяровай, гарбарнай, тэкст. і металаапр. прам-сці.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ (ад аўта... + грэч. morphē форма),

глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г. расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАСАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст. грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).

Т.​Р.​Рамза.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

арганічныя і неарган. рэчывы, якія дазваляюць устанавіць канец хім. рэакцыі, вадародны паказчык асяроддзя па лёгка бачных зменах (звычайна па змене колеру раствору). Упершыню выкарыстаны англ. вучоным Р.​Бойлем (1663). І.х. карыстаюцца пераважна ў тытраметрычным аналізе для вызначэння канчатковага пункта тытравання (пункта эквівалентнасці). У адпаведнасці з тытраметрычнымі метадамі адрозніваюць кіслотна-асноўныя (напр., фенолфталеін), акісляльна-аднаўляльныя (напр., дыфеніламін, акісленая форма якога мае фіялетавы колер, адноўленая — бясколерная), адсарбцыйныя і камплексонаметрычныя.

Літ.:

Индикаторы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1976.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАРВІ́ЛЕЯ (Incarvillea),

род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Цэнтр. Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 2 віды і 1 форма: І. Дэлавэя (I. delavayi), І. шчыльная (I. compacta), І. буйнакветкавая (I. grandiflora).

Адна- і шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны з прамастойнымі простымі або галінастымі сцёбламі. Лісце перыста-рассечанае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі буйныя трубчастыя з 5-лопасцевым адгінам у канцавых гронках або мяцёлках. Цвіце ў чэрвені. Плод — каробачка.

Інкарвілея Дэлавэя.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛА́ (ад араб. распіска, абавязацельства),

1) гістарычная назва даўгавога абавязацельства ў шэрагу краін. У Расіі пашырана ў 15—17 ст. (з 16 ст. фіксавалася ў пісьмовай форме — т. зв. кабальныя граматы, кабальныя кнігі). Даўгавое абавязацельства існавала ў розных відах: пазыковая (беспрацэнтная або працэнтная), закладная (пад заклад маёмасці), служылая (адпрацоўка працэнтаў з доўгу), выкупная (купля-продаж нерухомай маёмасці або самога даўжніка) і інш. Адна з форм запрыгоньвання сялян (гл. Кабальныя халопы).

2) У пераносным значэнні — прыгнёт, цяжкая форма асабістай залежнасці.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫФІКА́ЦЫЯ (лац. codificatio) заканадаўства, форма сістэматызацыі заканадаўства, якая заключаецца ў стварэнні новага зводнага кадыфікацыйнага акта на аснове перапрацоўкі дзеючых норм, выключэння з іх супярэчнасцей і недахопаў, адмены неэфектыўных і ўстарэлых норм. У выніку замест вял. колькасці юрыд. нарматыўных дакументаў ствараецца адзіны зводны акт, чым дасягаецца большая дакладнасць і эфектыўнасць у прававым рэгуляванні. К. можа быць усеагульная (пераглядаецца ўсё заканадаўства дзяржавы), галіновая (перапрацоўваюцца нормы пэўнай галіны заканадаўства), спецыяльная (пераглядаюцца нормы якога-н. прававога інстытута). Гл. таксама Кодэкс, Інкарпарацыя.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГЧЫ́НА,

лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НУС ВЫ́НАСУ,

акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)