у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.
Афіна. Скульптар Міран. Сярэдзіна 5 ст. да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГО́НА,
у грэчаскай міфалогіі дачка фіванскага цара Эдыпа. Не пакінула сляпога бацьку і ў выгнанні. Пасля яго смерці вярнулася ў Фівы і насуперак забароне дзядзькі — цара Крэонта, пахавала брата Палініка, які загінуў у барацьбе за ўладу ў Фівах. За гэта была жывая замуравана ў каменную пячору, дзе скончыла самагубствам. Міф пра Антыгону выкарысталі ў л-ры Сафокл, Ж.Расін, Б.Брэхт, у музыцы К.В.Глюк, Ф.Мендэльсон, К.Сен-Санс і інш.
Антыгона. Фрагмент размалёўкі апулійскай амфары. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл.Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХАБА́Д,
горад у паўн.ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс.ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш.гіст. помнікі. Ун-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЗІЯ (Alesia),
старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’І́НСКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1877 на гарадзішчы Тахці-Кувад у вярхоўях р. Амудар’я на Пд Таджыкістана. Датуецца 5—4 ст. да н.э. Захавалася 178 залатых і сярэбраных прадметаў: аб’ёмныя фігуркі, посуд, рэльефныя рэчы, пласцінкі з адціснутымі выявамі, пярсцёнкі і пячаткі, бранзалеты, дробныя ўпрыгожанні, манета Ахеменідаў. Большасць рэчаў зроблена майстрамі Ахеменідскай дзяржавы і Бактрыі. Асобныя рэчы адлюстроўваюць традыцыі мідыйскага мастацтва, звярынага стылю стэпавых плямёнаў Еўразіі. Захоўваецца ў Брытанскім музеі і Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВЫХ ПАХАВА́ННЯЎ КУЛЬТУ́РЫ,
агульная назва археал. культур, плямёны якіх з’явіліся ў Паўн. Германіі і Скандынавіі ў познім неаліце (2,5—2 тыс.г. да н.э.), а ў пач. бронзавага веку праніклі ў Прыбалтыку і на ПнЗ Беларусі (гл.Прыбалтыйская культура). Назва ад характэрных пахаванняў з адным нябожчыкам. Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — курганныя трупапалажэнні (на гарызонце, у насыпе, яме). Пашыраны каменныя баявыя сякеры і гліняны посуд, арнаментаваны адбіткамі шнура; гэта звязвае адзінкавыя пахаванні культуры з комплексам шнуравой керамікі культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕХІСТУ́Н (Behistun),
Бізітун, скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя I і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.
А.В.Іоў.
Агульны выгляд скалы Бехістун і прамалёўка рэльефу на ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯСКУ́РЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.П.Рубенс, А.Дзюрэр), музыцы (Ж.Ф.Рамо, Дж.Сарці).
Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІМЕ́Д,
у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, П.П.Рубенса, Рэмбранта і інш.).
Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.