ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),

сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл. Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.

Літ.:

Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;

Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШУ́БСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (лехіцкая падгрупа). Пашырана ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяв. Польшчы. Блізкая да польскай мовы (некат. мовазнаўцы лічаць яе польск. дыялектам). Мае 2 дыялекты: паўночны і паўднёвы. Спецыфічныя асаблівасці: ужыванне галоснага «i» замест «ę», часам захаванне праслав. «tǎrt» без пераходу ў «trot», зацвярдзенне мяккіх «ś», «ź», «ć», і інш. На працягу 13—20 ст. зазнала значны ўплыў нямецкай мовы. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца канцом 16 ст., выдавалася рэліг., маст. л-ра, рабіліся спробы ўнармавання літ. мовы. Сучасная літ. мова ўжываецца абмежавана.

Літ.:

Atlas językowy kaszubszczyzny i dialektów sąsiednich. Z. 1—15. Wrocław etc., 1964—78;

Sychta B. Słownik gwar kaszubskich na tle kultury ludowej. T. 1—7. Wroclaw etc., 1967—76;

Popowska-Taborska H. Kaszubszczyzna. Warszawa, 1980;

Popowska-Taborska H., Boryś W. Leksyka kaszubska na tle słowiańskim. Warszawa, 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́Н ((Mazon) Андрэ) (7.9.1881, Парыж — 13.7.1967),

французскі філолаг-славіст. Чл. Акадэміі надпісаў і прыгожага пісьменства (1941). Замежны чл. АН СССР (1928), інш. замежных акадэмій. Вучыўся ў Сарбоне і Пражскім ун-це. Выкладчык франц. мовы Харкаўскага (1905—08), праф. слав. філалогіі Страсбурскага (1919—23) ун-таў, Калеж дэ Франс (1924—51). У 1909—14 працаваў у Ін-це жывых усходніх моў. У 1937—59 ганаровы прэзідэнт Ін-та слав. даследаванняў Парыжскага ун-та. Аўтар прац па слав. філалогіі: «Марфалогія трыванняў рускага дзеяслова» (1908), «Граматыка чэшскай мовы» (1921), «Славянскія казкі паўднёва-заходняй Македоніі» (1923), «Парыжскія рукапісы Івана Тургенева» (1930), «Дакументы, славянскія казкі і песні паўднёвай Албаніі» (1936), «Слова аб палку Ігаравым» (1940), «Граматыка рускай мовы» (1943) і інш. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар час. «Revue des études slaves» («Часопіс славянскіх даследаванняў», з 1921). У 1958—67 віцэ-старшыня Міжнар. камітэта славістаў.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыктафо́н

(ад лац. dictare = дыктаваць + гр. phone = голас)

апарат для запісу на магнітную стужку і ўзнаўлення вуснай мовы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БАЗЫЛЕ́НКА (Ганна Мартынаўна) (4.4.1908, г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобласці — 16.1.1980),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1952). Скончыла БДУ (1931). Працавала ў Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі (1933—38), БДУ (1944—70). Аўтар манаграфіі «Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1964), шэрагу навук. артыкулаў па праблемах сучаснай бел. мовы. У 1920-я г. друкавала пад сваім прозвішчам і псеўд. Ганна Арахоўская вершы, апавяданні і аднаактовыя п’есы.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група чэркескай падгрупы), блізкая да кабардзінскай мовы. Пашырана ў Адыгеі, а таксама ў Лазараўскім і Туапсінскім р-нах Краснадарскага краю. Мае 4 дыялекты: абадзехскі, бжэдугскі, тэміргойскі (аснова літаратурнай мовы) і шапсугскі.

Паводле ладу аглюцінатыўная мова з рысамі полісінтэтызму. Фанетыка характарызуецца багатай сістэмай зычных (да 70 фанем) і простай — галосных (2 фанемы), сінтаксіс — наяўнасцю эргатыўнай канструкцыі. Пісьменства створана ў 1918 на аснове араб., у 1927 — лац., у 1938 — рус. графікі.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СКІН ((Leskien) Аўгуст) (8.7.1840, г. Кіль, Германія — 20.9.1916),

нямецкі мовазнавец; адзін з заснавальнікаў младаграматызму. Акад. Берлінскай і Мюнхенскай АН. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Вучыўся ва ун-тах Кіля, Лейпцыга, Іены, Гётынгена. Праф. ун-таў Іены (1869), Лейпцыга (1870—1916). Вывучаў фаналогію балт. і слав. моў, садзейнічаў стварэнню іх параўнальнай граматыкі. Асн. працы: «Скланенне назоўнікаў славянска-літоўскіх і германскіх моў» (1876), «Граматыка старабалгарскай мовы» (1909), «Граматыка сербахарвацкай мовы» (1914) і інш. Выдаў зборы слав. і літоўскага фальклору.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШЧАНКА (Міхаіл Ісакавіч) (н. 27.2. 1930, в. Стараселле Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959). З 1963 выкладае ў Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы раманістыкі і агульнага мовазнаўства. Аўтар манаграфій «Змяненне семантыка-сінтаксічнай спалучальнасці французскіх дзеясловаў (XVI—XX стст.)» (1971), «Віртуальны і актуальны аспекты сказа» (1988), вучэбных дапаможнікаў па граматыцы і стылістыцы франц. мовы («Граматыка французскай мовы», 1997, і інш).

І.​К.​Германовіч.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

літо́та

(гр. litotes = прастата)

разнавіднасць метаніміі: зварот мовы, процілеглы гіпербале; замена якога-н. выразу іншым, раўназначным.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

семітало́гія

(ад семіты + -логія)

сукупнасць навук, якія вывучаюць семіцкія мовы, культуры, літаратуры і гісторыю семітамоўных народаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)