ПОРТ (франц. port ад лац. portus гавань, прыстань),
участак берага мора, возера, ракі з зацішнай прылеглай воднай плошчай (акваторыяй) для падыходу і стаянкі суднаў, з інжынернымі будынкамі і збудаваннямі для прычалу, пагрузачна-разгрузачных работ і інш.
Паводле прызначэння П. бываюць ваен., гандл., прамысл., П.-сховішчы, П.-марскія станцыі, суднарамонтныя і суднабудаўнічыя. На Беларусі рачныя П.: Гомельскі, Брэсцкі, Віцебскі, Гродзенскі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ж (ваен.),
1) паласа зямлі, зручная або прыстасаваная для вядзення баявых дзеянняў (Р. абароны, процітанкавы Р. і інш.).
2) Умоўная лінія, з якой адлічваюць пачатак (канец) або чарговы этап якіх-н. дзеянняў войск, сіл, сродкаў. Пры падрыхтоўцы і правядзенні баявых дзеянняў устанаўліваюць Р. рознага прызначэння (Р. разгортвання войск, Р. радыёлакацыйнага выяўлення цэлей, Р. пуску ракет, Р. уводу ў бой і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КРУТ (ням. Rekrut ад франц. recruter набіраць войска),
асоба, прынятая на ваен. службу па найме або павіннасці. Тэрмін (ужываецца з 17 ст.) атрымаў шырокае распаўсюджанне ў 18—19 ст. у сувязі са стварэннем у шэрагу краін пастаяннага рэгулярнага войска. У рас. арміі ў 1705—1874 асоба, залічаная ў армію паводле рэкруцкай павіннасці. У 1874 з увядзеннем у Расіі ўсеагульнай воінскай павіннасці тэрмін «Р.» заменены словам «навабранец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎТГЕ́МПТАН (Southampton),
горад на Пд Вялікабрытаніі. Вядомы з 10 ст. Каля 220 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, буйны пасаж. порт у праліве Ла-Манш; у зал. Солент — нафтавы і ваен. аванпорт Каншот-Касл. Прам-сць: суднабуд., эл.-тэхн., аўтамаб., харчовая. Ун-т. Руіны саксонскіх і нарманскіх збудаванняў. Арх. помнікі 12—14 ст. Кліматычны прыморскі курорт. Паблізу буйны нафтаперапр.з-д, нафтахім. і авіябуд. прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЫ,
старажытнабалтыйскі племянны саюз, які займаў да пач. 13 ст.тэр. па левым беразе р. Даўгава, на Пд — сучасную Латвію і часткова сумежны раён на ПнУ сучаснай Літвы. Паліт. і ваен. цэнтр С. — умацаванае гарадзішча (з 6 ст.н.э.) і пасад Селпілс на беразе Даўгавы. С. вялі барацьбу з нямецкімі крыжакамі, але ў 1208 трапілі ў залежнасць ад іх. С. ўвайшлі ў склад латышскай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́Н (позналац. capitaneus военачальнік ад лац. caput галава),
1) воінскае званне (чын) афіцэрскага складу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў з сярэдніх вякоў да нашых дзён. Напачатку вядома ў Францыі як назва начальніка ваен. акругі, з 1558 яго сталі называць генерал-К., а камандзіра роты — К. У апошнім значэнні званне (чын) К. існавала ў арміях еўрап. краін, у т. л.ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. У ваен. флатах званне (чын) К. паходзіць ад назвы пасады начальніка каманды карабля і звычайна мае некалькі ступеней. У рас. арміі існавалі званні (чыны): К. (16 ст. — 1917), К.-паручнік (1705—98) і штабс-К. (1801—1917); у ВМФ — К. камандор (1707—32, 1751—64, 1798—1827, у 1764—98 наз. К. брыгадзірскага рангу), К. 1-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 2-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 3-га рангу (1713—32), К. 4-га рангу (1713—17), К. карабля (1701—13), К.-лейтэнант (1713—1884, 1909—11). У 1935 ва ўзбр. сілах СССР адноўлены воінскія званні К. для каманднага складу сухап. войск, ВПС і берагавых часцей ВМФ, а таксама К. 1, 2, 3-га рангаў і К.-лейтэнант для камандзіраў карабельнага складу ВМФ. Ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў інш. сілавых структурах дзяржавы званне К. адносіцца да малодшых афіцэраў. У ваен. флатах Рас. Федэрацыі, Украіны, Германіі і многіх інш. дзяржаў для афіцэраў карабельнага складу існуюць званні К. 1, 2, 3-га рангу (старшыя афіцэры) і К.-лейтэнант (малодшыя афіцэры).
2) Званне малодшага афіцэрскага складу міліцыі (паліцыі) у шэрагу краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
3) На суднах гандлёвага і рыбалоўнага (марскога і рачнога) флоту — старшая асоба ў экіпажы, на якую ўскладзена кіраванне суднам.
4) У Францыі ў 1622—1775 пасада камандзіра конных гвардзейцаў караля — каралеўскіх мушкецёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,
забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн.сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Панцеляймон Кандратавіч) (9.8.1902, хутар Шалкоўскі Беларэчанскага р-на Краснадарскага краю, Расія — 18.1.1984),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну. Ген.-лейт. (1943). Скончыў Маск. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932). У 1918 і 1932—36 у Чырв. Арміі. З 1922 на камсам. рабоце. У 1936 ва Усесаюзным эл.-тэхн. ін-це. З 1937 у апараце ЦКВКП(б). У 1938—47 1-ы сакратар ЦККП(б)Б, адначасова з вер. 1939 чл.ваен. Савета Бел. асобай ваен. акругі. У Вял.Айч. вайну чл.ваен. саветаў Зах., Цэнтр., Бранскага франтоў. У 1942—44 нач.Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання. Адзін з распрацоўшчыкаў і кіраўнік аперацыі «рэйкавая вайна». У 1944 — вер. 1948 Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У першыя пасляваен. гады шмат зрабіў для аднаўлення і развіцця разбуранай вайной нар. гаспадаркі Беларусі. У 1948—53 сакратар ЦКВКП(б), адначасова ў 1950—53 міністр нарыхтовак СССР. У 1953—54 міністр культуры СССР. У 1954—55 1-ы сакратар ЦК КП Казахстана. З 1955 на дыпламатычнай рабоце. У 1961—62 прадстаўнік СССР у Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі ў Вене. У 1965—78 на выкладчыцкай рабоце. Чл.ЦККП(б)Б у 1938—49, Бюро ЦККП(б)Б у 1938—48. Чл.ЦККПСС у 1939—61, Прэзідыума ЦККПСС з 1952, канд. у чл. Прэзідыума ЦККПСС у 1953—56. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—51, Вярх. Савета СССР у 1940—58. Даследчык гісторыі партыз. руху і падп. барацьбы ў Айч. вайну. Аўтар кніг «Партызанскі рух у Вялікай Айчыннай вайне» (1943), «Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 1941—1944» (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш.Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш.ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл.Партызанская зона).
П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл.Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял.Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр.СССР — Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.
У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл.Тэрарызм).