ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ МАЯ́К,

наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) прыёмна-перадавальная радыёстанцыя, якая працуе сумесна з устаноўленай на рухомым аб’екце (самалёце, судне і інш.) радыёлакацыйнай станцыяй. Пад уздзеяннем сігналаў бартавой станцыі Р.м. уключаецца і выпраменьвае кадзіраваныя сігналы, па якіх вызначаюцца напрамак на маяк і адлегласць да яго. Можа служыць і радыёмаяком.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЯНКО́Ў Васіль Васілевіч (н. 3.5.1931, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. і рас. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). З 1957 у Маскве. З 1969 трэнер па цяжкай атлетыцы. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым). Чэмпіён СССР (1959, 1960, 1961). Рэкардсмен Еўропы, СССР.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРАСКО́П (ад спектр + ...скоп),

найпрасцейшая са спектральных прылад для візуальнага назірання спектраў выпрамянення. Звычайна робіцца па схеме прызмавага спектрографа, у факальнай плоскасці якога змяшчаецца матавае шкло. З дапамогай флюарэсцэнтнага акуляра візуальна назіраюць ультрафіялетавы спектр, з дапамогай электронна-аптычнага пераўтваральніка — блізкую інфрачырвоную вобласць спектра. Выкарыстоўваецца для якаснага спектральнага аналізу рэчываў у хіміі, металургіі і г.д.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́НЦЫЯ ТЭХНІ́ЧНАГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ,

прадпрыемства для тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Бываюць універсальныя (выконваюць комплексныя работы па абслугоўванні аўтамабіляў розных марак і мадэлей) і спецыялізаваныя (абслугоўваюць пэўныя мадэлі аўтамабіляў). Аўтамаб. з-ды таксама ствараюць С.т.а. (сервісныя аўтацэнтры), дзе акрамя тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў дадзенага з-да выконваюць іх гарантыйны рамонт, замену агрэгатаў і інш. работы.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТРАДА́ННІ»,

бел. бытавы парна-масавы танец рус. паходжання. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Мае своеасаблівы лірычны характар. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар, часта пад прыпеўкі. Складаецца з некалькіх простых фігур: крок з прытупам, пераходы партнёраў, кружэнне пар. Існуе ў розных варыянтах. На Беларусі вядомы ў Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абл.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЛЬФЕР (англ. telpher ад тэле... + греч. phero нясу),

грузападымальнае ўстройства (таль з электрычным прыводам), якое перамяшчаецца па аднарэйкавым падвесным пуці. Бываюць самаходныя (з прывадной хадавой цялежкай) грузападымальнасцю 1—5 і 7,5—10 т і несамаходныя (цялежка перамяшчаецца ўручную), грузападымальнасцю 0,1—0,5 т. Выкарыстоўваюцца на прадпрыемствах для цэхавых, міжцэхавых і складскіх перамяшчэнняў грузаў.

т. 16, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЮКСМЕ́ТР (ад лац. fluxus цячэнне + ...метр), веберметр,

прылада для вызначэння змен магнітнага патоку па эрс, што індуцыруецца ў вымяральнай шпулі. Найб. пашыраны Ф. магнітаэл. (магнітаэлектрычная прылада з рухомай часткай — лёгкай бескаркаснай рамкай, якая знаходзіцца ў нейтральнай раўнавазе) і фотаэл. (магнітаэл. гальванометр з люстэркам на рухомай рамцы, да якой падключаецца вымяральная шпуля). Выкарыстоўваецца пры лабараторных вымярэннях.

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ХВІНСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,

адзін з водных шляхоў Расіі, што злучае р. Волга з Балтыйскім морам. Адкрыта ў 1811. Пачынаецца каля Рыбінскага вадасховішча, праходзіць па рэках Чагадошча, Гарун, Сомінка, Ціхвінскім злучальным канале, рэках Ціхвінка, Сясь, Прыладажскім абводным канале, р. Нява. Састарэла, выкарыстоўваецца для мясц. перавозак. Ніжняя яе. ч. ўваходзіць у Волга-Балтыйскі водны шлях.

т. 17, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛ (ад галанд. jol),

адносна кароткая і шырокая вёслава-ветразевая суднавая шлюпка з транцавай (плоскай) кармой. Мае ад 2 да 8 вёслаў (па іх колькасці наз. двойкай, чацвёркай і г.д.). Усе Я., акрамя двойкі, аснашчаны ветразямі. Выкарыстоўваюць для сувязі карабля (судна) з берагам, работ каля борта, перавозкі лёгкіх грузаў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)