ДЭКСТРА́Н,

высокапалімерны поліцукрыд, які сінтэзуецца бактэрыямі роду Leuconostoc і блізкароднымі да іх з глюкозы ў асяроддзі з цукрозай. Мал. маса да 1∙10​6 а.а.м. і больш. Структура малекулы лінейная або разгалінаваная. Сухі Д. набракае ў вадзе і электралітах (у малекуле шмат гідраксільных груп ОН-) з утварэннем вязкіх раствораў. Часткова гідралізаваны Д. ужываецца як кровазаменнік, папярочнасшыты — у гель-фільтрацыі.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РПЦКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

феадальная дзяржава ў Лівоніі (тэр. паўд.-ўсх. ч. сучаснай Эстоніі з г. Тарту). Засн. ў 1224 рыжскім епіскапам Альбертам, які ўзначаліў агрэсію ням. крыжакоў у Прыбалтыку. На чале стаяў каталіцкі епіскап, буйны феадал-землеўладальнік. Феад. ўсобіцы, а таксама Рэфармацыя ў пач. 16 ст. аслабілі Д.е., і на пач. Лівонскай вайны 1558—83 яно перастала існаваць.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІФАКС, Халіфакс (Halifax),

горад на ПдУ Канады. Адм. ц. правінцыі Новая Шатландыя. Засн. Ў 1749. 320,5 тыс. ж. (1991). Адзіны порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў Канадзе, які не замярзае зімой. Канцавы пункт трансканадскай чыгункі. Важная рыбалавецкая база. Нафтаперапрацоўчая, рыбакансервавая, аўтамаб. прам-сць. Суднабудаванне. 3 ун-ты (першы заснаваны ў 1749). Царква св. Паўла (1750), кафедральны сабор (1820).

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАПЛА́СТЫКА (ад гальвана... + пластыка),

спосаб атрымання дакладных метал. копій вырабаў электралітычным асаджэннем. Выкарыстоўваецца для вырабу гальванастэрэатыпаў, хваляводаў, барэльефаў, штампаў грампласцінак і інш.

Робіцца нанясеннем на метал. або неметал. матрыцы слою металу (медзі, нікелю, жалеза), які затым аддзяляюць. Каб метал. слой не счапляўся з матрыцай, перад электролізам наносяць плёнку серабра або нікелю на метал. матрыцу ці дробналускаваты графіт на неметалічную.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЯ,

1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.

2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = ​1/96 залатніка = 0,0444 г.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЗА (ад ням. Druse шчотка),

форма мінер. агрэгата, прадстаўленага групай крышталёў, якія нараслі адным канцом (гранню або рабром) на агульную аснову — сценку поласці (жэоды, міяролы) або адкрытай трэшчыны ў горных пародах. Крышталі аграненыя з канца, які звернуты ў бок свабоднай прасторы. Найб. часцей трапляюцца Д. кварцу, кальцыту, розных сульфідаў (пірыту, галеніту і інш.), флюарыту.

Друза кварцу.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗО́Р,

у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАМАСТРО́Й»,

помнік стараж.-рус. л-ры 16 ст., збор жыццёвых правіл і павучанняў. Узнік у асяроддзі наўгародскага баярства. У сярэдзіне 16 ст. яго апрацаваў святар Сільвестр, прыбліжаны цара Івана Грознага. «Д.» — своеасаблівы маральна-этычны кодэкс, які адлюстроўваў прынцыпы тагачаснага патрыярхальнага побыту, сцвярджаў поўнае падначаленне ўладзе гаспадара ў сям’і і інш.

Да арт. «Дамастрой». Аркуш з застаўкай. Фрагмент.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н,

1) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай шляхціц, які служыў пры двары вял. князя ці караля (Д. гаспадарскі, Д. яго каралеўскай мосці). Зрэдку такая пасада існавала і пры дварах магнатаў. Вядомы з 15 ст. Звычайныя функцыі — выкананне розных спец. даручэнняў вял. князя, перш за ўсё судовых.

2) У Расійскай дзяржаве (з канца 18 ст. і ў Беларусі) прадстаўнік дваранства.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)