ТЫЯНАФТО́ЛЫ, нафталінтыолы,

вытворныя нафталіну агульнай ф-лы C10H7SH; адносяцца да тыяфенолаў. Найб. пашыраны 2-Т. (2-нафталінтыол). Цвёрдае крышт. рэчыва, tпл81 °C, шчыльн. 1550 кг/м³. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры. Атрымліваюць аднаўленнем 2-нафталінсульфакіслаты C10H7SO3H. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, як паскаральнік пластыфікацыі каўчукоў (у сумесі з воскам), стабілізатар палімераў (гл. Антырады).

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́МПЫ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,

адносіны велічыні эканам. паказчыка за дадзены перыяд да велічыні яго папярэдняга аналагічнага перыяду, узятага за базу параўнання. Вымяраюцца ў працэнтах або ў адносных велічынях (каэф. росту). Абагульненую характарыстыку інтэнсіўнасці эканам. развіцця за некалькі гадоў даюць сярэднегадавыя Т.э.р., якія разлічваюцца як сярэдняя геаметрычная з гадавых тэмпаў. Паказчыкі Т.э.р. выкарыстоўваюць пры эканам. аналізе.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УЯ́ЎНАЯ СМЕРЦЬ»,

з’ява здранцвення птушанят некат. палярных птушак пры адсутнасці корму ці ахаладжэнні; прыстасавальная рэакцыя арганізма. Калі дарослыя птушкі, напр., кайры, адлятаюць за кормам, птушаняты часова дранцвеюць. Але як толькі бацькі накормяць іх, яны ажываюць (аднаўляецца нармальны абмен рэчываў і т-ра цела). Такое прыстасаванне дазваляе птушанятам палярных птушак пераносіць голад і холад.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЯ А́ФРЫКА (Afrique Equatoriale Française; ФЭА),

палітыка-адм. аб’яднанне франц. калан. уладанняў у Зах. Афрыцы, ген.-губернатарства. Створана ў 1910. Адм. цэнтр — г. Бразавіль. Скасавана ў 1958, пасля таго як калоніі ФЭА — Сярэдняе Конга (цяпер Рэспубліка Конга), Габон, Убангі-Шары (цяпер Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка) і Чад атрымалі статус аўт. рэспублік у складзе Франц. Супольніцтва.

т. 16, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРА́ТЫ,

солі хларнаватай к-ты HClO3.

Крышталічныя, большасць раствараецца ў вадзе і некат. арган. растваральніках. Раскладаюцца пры награванні або ў прысутнасці каталізатараў з выдзяленнем кіслароду. Акісляльнікі; з рэчывамі, якія лёгка акісляюцца, утвараюць выбуховыя сумесі. Найб. вядомы: берталетава соль (гл. Калію злучэнні), Х. натрыю NaClO3 і магнію Mg(ClO3)2. Выкарыстоўваюцца як акісляльнікі, гербіцыды. Таксічныя.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́РНАЯ ВА́ПНА,

складаны комплекс гіпахларыту і хларыду кальцыю, гашанай вапны і крышталізаванай вады. Мае 28—38% актыўнага хлору і каля 10% вады.

Белы гіграскапічны парашок з пахам хлору. Моцны акісляльнік. Атрымліваюць узаемадзеяннем газападобнага хлору з гашанай вапнай. Пры захоўванні запаволена раскладаецца, страчвае каля 10% актыўнага хлору за год. Выкарыстоўваюць як сродак дэзінфекцыі, дэгазацыі і адбельвання.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦО́КАЛЬ (ад італьян. zoccolo),

ніжняя частка вонкавай сцяны будынка, збудавання, помніка, што ляжыць на фундаменце. Вядомы са старажытнасці ў манум. грамадскіх і культавых будынках. Узнік як умацаванне (патаўшчэнне) ніжняй ч. сцяны, калоны, пілястры, партала і інш. Часта апрацоўваецца рустыкай, профілямі, дэкар. абліцоўкай. У ордэрнай архітэктуры звычайна меў выгляд п’едэстала з 3-часткавым чляненнем.

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛАПРАПА́Н, трыметылен,

вуглевадарод ацыклічнага раду.

Бясколерны газ, мал. м. 42,8, tпл 126,9 °C, tкіп 32,8 °C, шчыльн. 720 кг/м³. Раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе, лёгка ўзгараецца. У сумесі з паветрам выбуханебяспечны. Атрымліваюць дзеяннем цынку на 1,3-дыгалагенпрапан. Выкарыстоўваецца ў медыцыне як сродак для інгаляцыйнага наркозу. Эфіры цыклапрапанкарбонавай к-ты — сродак аховы раслін.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСЕ́КІЙ (Exēkias),

старажытнагрэчаскі ганчар і вазапісец 2-й пал. 6 ст. да н.э. Працаваў у Атыцы. Найбуйнейшы майстар вазапісу чорнафігурнага стылю. Ствараў кампазіцыі як эпічна спакойныя, так і напоўненыя дынамікай, арганічна падпарадкаваныя форме пасудзіны: «Геракл у барацьбе з ільвом», «Аякс з целам Ахіла», «Караблі», «Дыяніс у ладдзі» і інш.

Эксекій. Дыяніс у ладдзі.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЮ́,

скарочаная назва еўрапейскай валютнай адзінкі (англ. European Currency Unit, ECU), якая дзейнічала ў 1979—98 у межах Еўрапейскага саюза і па назве супадала са старой франц. манетай экю. У 1999 замест ЭКЮ уведзены «еўра» (з 2002 і як наяўныя манеты і банкноты, якія замянілі сабой нац. валюты краін — удзельніц Еўрапейскага валютнага саюза).

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)