А́МБРА (франц. ambre ад араб. анбар),

воскападобнае духмянае рэчыва, якое выдзяляецца кішэчнікам кашалота. Бывае ад шэрага, чорнага, карычневага да залацістага і белага колераў. Зрэдку амбру знаходзяць у вадзе або па берагах Індыйскага і Ціхага акіянаў.

Кавалкі амбры маюць круглаватую форму, масу ад некалькіх кілаграмаў да 400 кг. Добра раствараецца ў спірце, эфіры, алеях. Выкарыстоўваюць у парфумерыі як замацавальнік пахаў духоў. Замяняюцца штучнымі замацавальнікамі.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕСУА́Р (франц. accessoire),

1) прыналежнасць чаго-н.; пабочныя з’явы, дэталі, якія дапаўняюць гал. элемент кампазіцыі.

2) У тэатры — прадметы бутафорыі або рэквізіту.

3) У выяўленчым мастацтве — прадметы другараднага значэння, дапаможныя дэталі гал. выявы, якія паглыбляюць яе характарыстыку, часам нясуць сэнсавую і эмац. нагрузку, выконваюць функцыю, уласцівую атрыбуту ці сімвалу. У партрэце гэта дэталі інтэр’ера, касцюма, што дапаўняюць задуму аўтара твора.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАНА́НС (ад франц. assonance сугучнасць),

паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў; від гукапісу. Паэт. твору, як і алітэрацыя, з якой ён звычайна спалучаецца, надае мілагучнасць і сэнсава-эмац. выразнасць. У вершы Я.​Купалы «Летам» асананс стварае радасны, бадзёры настрой: «Звоніць поле доляй, воляй, // Звоніць поле ў каласкі...». У сучаснай паэзіі часта ўжываецца асанансная (недакладная) рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІЯ НАВІ́НЫ»,

штомесячная грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 25.12.1945 да 1947 у Парыжы на бел. мове аб’яднаннем бел. работнікаў пры Цэнтр. Франц. хрысц. сіндыкаце. Рэдактар Л.​Рыдлеўскі. Інфармавала аб жыцці і дзейнасці бел. эміграцыі, друкавала артыкулы на гіст. і эканам. тэмы, аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі, творы Я.​Купалы, Л.​Геніюш, Н.​Арсенневай, А.​Зязюлі, А.​Салаўя і інш.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Габрыэль Эміль) (17.5.1867, Парыж — 20.6.1962),

Французскі біяхімік, хімік, батанік, бактэрыёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі і Парыжскай АН (1923). Праф. (1908). Замежны чл.-кар. Расійскай АН і АН СССР (1924). Скончыў Вышэйшую фармацэўтычную школу ў Парыжы. З 1900 у Сарбоне, адначасова ў Пастэраўскім ін-це. Навук. працы па энзімалогіі. Распрацаваў колькасныя метады выяўлення цукрыдаў (1906) і мікраэлементаў раслін і жывёл.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ ТУ́РСКІ [Grégoire de Tours; Gregorius Turonensis; сапр. Георгій Фларэнцый (Georgius Florentius); 30.11.538 ці 539, г. Клермон-Феран, Францыя — 594 ці 595],

французскі храніст. Празваны бацькам франц. гісторыі. Епіскап Тура з 573, уплывовая духоўная асоба дзяржавы Меравінгаў. Аўтар «Гісторыі франкаў» (на лац. мове, у 10 кн.), гал. крыніцы паліт. гісторыі Франкскай дзяржавы 5—6 ст., а таксама некалькіх дагматычных і агіяграфічных твораў.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІЗІЁН (франц. division ад лац. divisio дзяленне, раздзяленне),

асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій, а таксама ў ВМФ. Уваходзіць у склад часці (злучэння), можа быць асобным. Звычайны склад Д. ракетных войск і артылерыі — 2—4 агнявыя батарэі і падраздзяленні кіравання і забеспячэння. У ВМФ — злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (мінаносцаў, тарпедных катэраў і да т.п.).

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛА́МБР ((Delambre) Жан Батыст Жазеф) (19.9.1749, г. Ам’ен, Францыя — 19.8.1822),

французскі астраном, геадэзіст і метролаг. Чл. Франц. (1791) і Пецярбургскай (1810) АН. У 1792—97 прымаў удзел у градусных вымярэннях дугі мерыдыяна ад г. Дзюнкерк (Францыя) да г. Барселона (Іспанія), што стала падставай для ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Вылічыў табліцы бачных рухаў Сонца, вял. планет і спадарожнікаў Юпітэра. Аўтар працы па гісторыі астраноміі.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАРТА́МЕНТ (франц. département),

1) асноўная адм.-тэр. адзінка ў Францыі і шэрагу інш. краін.

2) У Рас. імперыі і ў некат. замежных краінах Д. — аддзел вышэйшай адм. або суд. установы; адм. падраздзяленне ў апараце некат. міжнар. арг-цый (напр., ААН).

3) У некаторых дзяржавах, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, — назва ведамства, мін-ва; дзяржаўны Д. — мін-ва замежных спраў ЗША’.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́ГА (франц. garique, garrigue, праванс. garriga),

зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)