ПЕРСЕ́Й (лац. Perseus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі П. — α (Мірфак) і β (Альголь), 1,8 і 2,2—3,5 візуальнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Зорка β П. — адна з найб. вядомых зацьменных пераменных зорак. У П знаходзіцца візуальна бачнае падвойнае рассеянае зорнае скопішча χ і η Персея. На тэр. Беларусі відаць увесь год, акрамя позняй вясны. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРКО́ЎСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ Знойдзены ў 1912 у в. Пяркі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Ухаваны ў 1653—54. Утрымліваў 1512 сярэбраных, білонных і медных манет, сярод якіх паўгрошы ВКЛ, грошы польскія, паўтаракі Рэчы Паспалітай. Ад інш. манетных скарбаў 17 ст. на тэр. Беларусі адрозніваецца вял. колькасцю торнераў Шатландыі (48 экз.). Трансільванскі драйпёлькер 1637 зберагаецца ў Эрмітажы, астатнія манеты перададзены для пераплаўкі ў Пецярбургскі манетны двор.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЬ ПРЫ́НЦЫПАЎ МІ́РНАГА СУІСНАВА́ННЯ, панча шыла (на мове хіндзі — пяць прынцыпаў),

прынцыпы міжнародных адносін: узаемная павага тэр. цэласнасці і суверэнітэту, ненапад, неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, роўнасць і ўзаемныя выгады, мірнае суіснаванне. Упершыню сфармуляваны ў прэамбуле інд.-кіт. пагаднення 1954, паводле якога Індыя прызнала суверэнітэт Кітая над Тыбетам. У далейшым атрымалі развіццё ў рашэннях Бандунгскай канферэнцыі 1955. Зрабілі ўплыў на ідэалогію Недалучэння руху.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́ЛА,

прылада працы стараж. чалавека, якая выкарыстоўвалася ў эпоху ніжняга палеаліту (шэльская і ашэльская культуры). Выраблялася з каменю двухбаковай адбіўкай. Мела міндале- або коп’епадобную, часам авальную форму. Адзін канец Р. быў завостраны з зігзагападобнымі лёзамі па баках, другі — авальны, часта неапрацаваны. Памеры да 20 см. Падобнае на Р. вастрыё знойдзена на адным з самых стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі — Бердыжы.

Ашэльскае рубіла (900—100 тыс. г. назад).

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),

пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.

Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.

Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.

В.​П.​Якушка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ВІРГІ́НІЯ (West Virginia),

штат на У ЗША. Пл. 62,8 тыс. км². Нас. 1825,8 тыс. чал. (1996), гарадскога каля 45%. Адм. ц.г. Чарлстан. Найб. гарады Хантынгтан і Уілінг. Большую ч. тэр. займаюць Апалачы і Алеганскае плато на З ад іх. Паверхня моцна парэзаная, паніжаецца з У (выш. да 1483 м) на З да даліны р. Агайо. Клімат умераны, цёплы і вільготны. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 да 5 °C, ліп. 23—25 °C. Ападкаў за год 900—1250 мм. Лясы займаюць ¾ тэр. штата. Гал. прыродны рэсурс — каменны вугаль, які здабываюць адкрытым і шахтавым спосабамі. Здабываюць таксама прыродны газ, нафту, вапняк, каменную соль. Буйная вытв-сць электраэнергіі на цеплавых электрастанцыях. Выплаўка чорных металаў, вытв-сць прамысл. абсталявання, угнаенняў, хім. валокнаў, сінт. каўчуку, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў. Лясная прам-сць, дрэваапрацоўка, вытв-сць мэблі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Пасевы пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, тытуню. Садоўніцтва (яблыкі, персікі, вішні). Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачное суднаходства па Агайо і яе прытоку Манангахіла. Значны рачны порт Хантынгтан.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1923. Цэнтр — г. Лепель. У 1793—96 уваходзіў у Полацкую, у 1802—1923 — Віцебскую губ. Утвораны на частцы тэр. Полацкага ваяв. ВКЛ, далучанай да Рас. імперыі ў выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У 1796 далучаны да Полацкага пав., у 1802 адноўлены. Уключаў больш за 330 маёнткаў, 14 мястэчак (Арэхаўна, Бабынічы, Бачэйкава, Бешанковічы, Варонеч, Ветрына, Заскаркі, Камень, Кублічы, Пышна, Селішча, Ула, Ушачы, Чашнікі). Пасля адмены прыгоннага права (1861) падзелены на 28 валасцей. Дзейнічалі 42 правасл. царквы, 11 касцёлаў (з іх да 1867 засталося 7). Пл. павета каля 3,5 тыс. км², насельніцтва 104 431 чал. (1880), у т. л. 82 963 праваслаўныя, 13 138 католікаў, 7490 іудзеяў, 812 старавераў, 24 пратэстанты, 4 мусульманіны. Да 7.11.1917 у павет уваходзілі 27 валасцей: Арэхаўская, Бабыніцкая, Бачэйкаўская, Бельская, Бешанковіцкая, Варонецкая, Воранская, Ветрынская, Гарадчэвіцкая, Гутаўская, Забалоцкая, Каменская, Копцевіцкая, Кубліцкая, Марцінаўская, Нацкая, Несінская, Пышнянская, Смалянецкая, Станіслаўская, Стрыжаўская, Ульская, Усайская, Ушацкая, Франопальская, Цяпінская, Чарсцвяцкая. У 1923 Л.п. перайменаваны ў Бачэйкаўскі павет.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.​Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс. км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1772—1919. Цэнтр — г. Магілёў. Утворана 8.6.1772. Уключала Аршанскую, Магілёўскую, Мсціслаўскую і Рагачоўскую правінцыі. 22.3.1777 падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (у 1852 перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 перайменаваны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 перайменаваны ў Быхаўскі), Чавускі і Чэрыкаўскі. 10.1.1778 М.г. перайменавана ў Магілёўскае намесніцтва, якое 23.12.1796 скасавана, а паветы ўвайшлі ў склад Беларускай губерні. М.г. адноўлена 11.3.1802 у складзе ранейшых 12 паветаў. Уваходзіла ў склад Віцебскага, Магілёўскага і Смаленскага ген.-губернатарства (гл. Беларускае генерал-губернатарства), у 1863—69 — Віленскага генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897 тэр. М.г. 42 134 кв. вярсты, нас. 1686, 7 тыс. чал. Паводле веравызнання: праваслаўных 1402,2 тыс., старавераў 23,3 тыс., католікаў 50,1 тыс., пратэстантаў 6,9 тыс., іудзеяў 203,9 тыс., мусульман 184 чал. З вер. 1917 губерня ў складзе Зах. вобл., з 1.1.1919 у БССР, з лют. ў РСФСР. 11.7.1919 М.г. скасавана, 9 яе паветаў увайшлі ў Гомельскую губ., Мсціслаўскі пав. перададзены Смаленскай, Сенненскі — Віцебскай губ.

А.​М.​Філатава.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, беларускае зледзяненне, ясельдзінскае зледзяненне,

першае раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Адбылося пасля брэсцкага перадледавікоўя каля 690—600 тыс. г. назад. Ледавік ахапіў амаль усю тэр. Беларусі за выключэннем некаторых участкаў на Пд. У час Н.з. ўзніклі астраўныя ўзвышшы на месцы сучасных Гродзенскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага і Мінскага ўзвышшаў, а таксама шматлікія лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Ледавіковыя (асноўная, канцавая і інш. марэны) водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады захаваліся пераважна ў межах Беларускай грады і ў днішчах лагчын. Магутнасць адкладаў да 50—70 м. Марэны складзены з супеску і суглінку са жвірам, галькай і валунамі, утвораны са скандынаўскага, прынесенага ледавіком, і мясц. матэрыялу, у т. л. адорвені палеагенавых, мелавых і інш. парод. У складзе абломкаў найбольш асадкавых парод (70—80%), сярод крышталічных пераважаюць ружовыя граніты, парфірыты і інш. Паводле інш. меркаванняў Н.з. магло складацца з 2 самаст. зледзяненняў — уласна нараўскага і ясельдзінскага, падзеленых карчоўскім міжледавікоўем. Н.з. або яго частка адпавядае гюнцкаму (або міндэльскаму-1) зледзяненню ў Альпах, эльстэрскаму-1 у Германіі, санскаму-1 у Польшчы, данскому ў еўрап. ч. Расіі.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)