Уяўная лінія, якая праходзіць вакол зямнога шэра на роўнай адлегласці ад абодвух полюсаў і падзяляе зямны шар (ці нябесную сферу) на Паўночнае і Паўднёвае паўшар’і. Грае май, Пояс сонечны выткаўшы За экватар даўжэй.Калачынскі.// Прылеглая да гэтай лініі мясцовасць.
•••
Магнітны экватар — лінія, якая злучае ўсе пункты Зямлі, дзе нахіленне роўна нулю.
Нябесны экватар — вялікі круг нябеснай сферы, які падзяляе яе на два паўшар’і, усе кропкі якога адыходзяць ад полюсаў свету на 90°.
[Лац. aequator ад aequus — роўны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страна́ж.
1.(местность, край) краі́на, -ны ж., край, род. кра́ю м., старо́нка, -кі ж.;
в жа́рких стра́нах у цёплых края́х;
2.(государство) краі́на, -ны ж.;
по всей стране́ па ўсёй краі́не;
стра́ны све́тагеогр. кіру́нкі све́ту.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук.матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.
Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, М.Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл.Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
плюралі́зм
(фр. pluralisme, ад лац. pluralis = множны)
1) філасофскае вучэнне, паводле якога ў аснове свету ляжыць мноства незалежных духоўных сутнасцей (параўн.дуалізм, манізм);
2) прызнанне права на існаванне множнасці метадаў, падыходаў, партый, напрамкаў (напр. п. думак).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
нонадаранты́зм
(ад лац. non = не + adorantes = якія пакланяюцца)
рэлігійна-філасофскі рух на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., паслядоўнікі якога адмаўляліся пакланяцца Хрысту, лічылі яго не богам, а чалавекам, не прызнавалі неўміручасці душы, замагільнага свету.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАБРО́Ў (Усевалад Міхайлавіч) (1.12.1922, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 1.7.1979),
расійскі спартсмен (футбол, хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1967). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1956) і Ваенны ін-тфіз. культуры і спорту (1960). Алімп. чэмпіён (1956, Карціна-д’Ампецца, Італія), чэмпіён свету (1954, 1956) і Еўропы (1954—56) па хакеі з шайбай. У 1946—56 чэмпіён СССР па футболе і хакеі з шайбай. Аўтар кніг «Самы цікавы матч» (1963), «Рыцары спорту» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАКО́ЛЬСКІ (Марк Мацвеевіч) (2.11.1843, Вільня — 9.7.1902),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—68). Зблізіўся з перасоўнікамі. Аўтар твораў на гіст. тэмы, у якіх выявіліся яго грамадз. погляды, імкненне да псіхалагізацыі вобраза, праўдзівасці дэталяў («Іван Грозны», 1871, «Пётр I», 1872, «Ярмак», 1891). У шэрагу работ філас.-этычную праблематыку трактаваў у духу пошукаў ідэалаў праўды і справядлівасці («Хрыстос перад судом народа», 1876), іншы раз з рысамі сентыментальнасці («Не гэтага свету», 1887).
М.Антакольскі. Іван Грозны. 1871. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́ЗМ,
слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЕРНЫ СПОРТ,
спартыўныя гонкі на буерах па лёдзе ці сушы з роўнай паверхняй. Узнік у канцы 18 — пач. 19 ст. ў ЗША. З 1875 дзейнічаюць правілы спаборніцтваў па буерным спорце, вызначаны класы буераў. У 1931 створаны Еўрап. буерны саюз. Першыя спарт. спаборніцтвы ў Расіі праведзены ў 1890 у Пецярбургу, з 1946 праходзілі чэмпіянаты СССР. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Амерыкі, з 1964 — свету. Гонкі на буерах па лёдзе папулярныя ў ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Балтыі, Скандынавіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДСЁРФІНГ (англ. wind-surfing),
разнавіднасць паруснага спорту, гонкі на спец. дошцы (сёрфер, даўж. 3,7 м, шыр. 0,65 м, вага 27 кт) з замацаванай на ёй мачтай (выш. 4,2 м) з парусам (пл. 5,2 м²). Спартсмен стаіць на дошцы, рукамі ўтрымліваючы мачту з парусам, якая свабодна паварочваецца. Зарадзіўся ў ЗША (1968). Дзейнічае (з 1973) Міжнар. асацыяцыя віндсёрфінга (ІВА), чэмпіянаты свету і Еўропы з 1973; спаборніцтвы праводзяцца паводле правіл парусных рэгат. На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1970-х г.