Е́ЛЬСКІ (Міхаіл Карлавіч) (8.10.1831, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскайвобл. — студз. 1904),
бел. скрыпач, кампазітар, муз. пісьменнік. Брат А.К.Ельскага. Ігры на скрыпцы вучыўся ў К.Кжыжаноўскага ў Мінску, В.Банькевіча ў Вільні, удасканальваўся ў А.В’ётана ў Парыжы, К.Ліпінскага ў Дрэздэне. З пач. 1860-х г. канцэртаваў у Польшчы і Германіі. Меў вял. рэпертуар, найб. блізкія яму былі творы Дж.Б.Віёці, В’ётана, Ліпінскага, Л.Шпора. Аўтар каля 100 твораў, у т. л. 2 канцэртаў, Санаты-фантазіі, фантазіі «Вясна», Бліскучай фантазіі на арыгінальныя тэмы, Фантазіі на тэмы польск. нар. мелодый для скрыпкі, скрыпічных і фп. паланэзаў, мазурак, мініяцюр («Скрыпічныя мініяцюры» апубл. ў 1852 у Кіеве). Выступаў як муз. публіцыст, друкаваў у польск. час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), «Echo muzyczne» («Музычнае рэха») і інш. артыкулы і нарысы пра кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў (у т. л.бел. Ю.Дашчынскага, Кжыжаноўскага, К.Стравінскага і інш.). Збіраў і запісваў бел.нар. мелодыі, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Аўтар працы «Народныя танцы Мінскай губерні» (у рукапісе).
Літ. тв.: Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 22—23.
Літ.:
Дамінікоўскі Ф. Кампазітар і скрыпач М.Ельскі // Беларусь. 1946 № 8;
Капилов А. Скрипач из Дудичей // Неман. 1978. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскайвобл. —27.8.1937),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССРнавук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр. Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл.Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;
Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;
Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр.Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр.БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш.бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскайвобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».
Літ.:
Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел.правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.Дыбоўскага (са жн. Л.Рамішэўскага) сабраўся каля в. Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав.Мінскайгуб. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.Рагінскага, Р.Траўгута, Я.Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.Бакшанскага, В.Козела, Г.Чаховіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВКБССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.М.Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр.БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл.Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВКБССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1566 у складзе Мінскага ваяв.ВКЛ. Цэнтр — г.Рэчыца Гомельскай вобл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай скасаваны, яго тэр. 23.4.1793 падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губ. 29.10.1796 адноўлены на тэр., што ўвайшла ў Чарнігаўскую губ., з далучэннем часткі б. Кіеўскага ваяв. З 12.12.1796 у складзе Маларасійскай губ., з 29.8.1797 у Мінскайгуб., да яго далучана частка прылеглых тэр. Мазырскага пав. У 1886 пл. павета 10,85 тыс.км², нас. 110 тыс.чал. Уключаў 23 воласці: Аравіцкую, Аўцюцевіцкую, Брагінскую, Васілевіцкую, Горвальскую, Даманавіцкую, Дзёрнавіцкую, Дзяражыцкую, Дудзіцкую, Ёлчанскую, Заспенскую, Карпавіцкую, Крукавіцкую, Лоеўскую, Маладушскую, Мікуліцкую, Нараўлянскую, Ровенскаслабодскую, Ручаёўскую, Савіцкую, Хойніцкую, Холмецкую, Юравіцкую; 405 вёсак. У 1894—52 мястэчкі (найб. значныя Лоеў, Горваль, Брагін), 861 гандл. прадпрыемства, 34 пачатковыя і царк.-прыходскія школы, некалькі школ граматы і хедэраў, 5 цэркваў, 3 касцёлы, некалькі яўр. малітоўных школ, 2 бальніцы, 4 прыёмныя пакоі, 7 аптэк, 6 паштова-тэлеграфных і 5 паштовых устаноў. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні РСФСР. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 14. У 1924 і 1926 павет часткамі перададзены ў БССР. У снеж. 1926 скасаваны, яго тэр. ўключана ў Мазырскую і Гомельскую акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́ЎКА,
вёска ў Клецкім р-не Мінскайвобл., каля р. Нача, на скрыжаванні аўтадарог на Клецк, Ганцавічы, Слуцк, Івацэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Клецк, 144 км ад Мінска. 1728 ж., 714 двароў (2001). Мэблевая ф-ка, лесаапр. цэх, філіял дарожна-рамонтнага ўпраўлення. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.).
Вядома з канца 15 ст. ў складзе Клецкага княства. З 1552 Мястэчка, уласнасць каралевы Бонь; Сфорца, у 1568—1690 у Клецкай ардынацыі кн. Радзівілаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Слуцкага пав.Мінскайгуб. З 19 ст. адзін з цэнтраў вытв-сці ганчарных вырабаў (гл.Сіняўская кераміка). У 1886 у С. 144 ж., 24 двары, валасная ўправа. 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, паштовая станцыя, 7 крам, у 1905 каля 500 ж. З 29.7.1920 у Нясвіжскім пав. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Клецкага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі летам 1941 стварылі тут гета, у якім у чэрв. 1942 правялі масавы расстрэл яўрэяў (загінула каля 700 жыхароў вёскі). У 1962—66 у Нясвіжскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1919—40. Утвораны 6.2.1919 у складзе Мінскайгуб. Цэнтр — г.Баранавічы. Пл. 3497 км², нас. 124,2 тыс.чал. (1922). Уключаў 6 валасцей (Востраўская, Гарадзішчанская, Дараўская, Крывошынская, Навамышская, Сталовіцкая), у 1920 увайшлі яшчэ 4 воласці (Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая, Чэрніхаўская, Ястрамбельская). З сак. 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім ваяв., падзяляўся на гміны (б. воласці). З ліст. 1939 Баранавіцкі павет у складзе БССР, са снеж. ў Баранавіцкай вобласці, дзе ў студз. 1940 на тэр. паветаў утвораны раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 15.2.1937, в. Дзядзічы Вілейскага р-на Мінскайвобл.),
бел. вучоны ў галіне дрэваапрацоўкі. Канд.тэхн.н. (1968). Праф. (1992). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1964), дзе і працуе, адначасова з 1993 у Бел. акадэміі мастацтваў. Навук. працы па дызайне, тэхналогіі і канструяванні мэблі. Аўтар падручнікаў для ВНУ «Асновы мастацкага канструявання» (1984) і «Тэхналогія вырабаў з драўніны» (1995, разам з В.В.Багамазавым).
Тв.:
Конструирование мебели. Мн., 1988;
Квартира. Коттедж. Дача. Мн., 1995 (разам з У.Дз.Богушам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІК (Антон) (1888, в. Кастрычніцкая Вілейскага р-на Мінскай вобласці — 1933?),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў тэхнал.ін-т у Харкаве, вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це. Чл.Бел.сацыяліст. грамады. У 1918—19 старшыня Бел. рады ў Бабруйску, чл.Нар. сакратарыята Беларусі. У 1919—20 чл.Бел. вайсковай камісіі. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) у сейм Польскай Рэспублікі ад Зах. Беларусі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. На пач. 1930-х г. эмігрыраваў у БССР. Далейшы лёс невядомы.