ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.

Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял. кн. ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.​Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.​Руцкі, Л.​Крэўза, А.​Дубовіч, Ф.​Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.

Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ХАРЭАГРАФІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў Мінску ў 1945 як Бел. дзярж. харэаграфічнае вучылішча, з 1996 сучасная назва. Яго стварэнне падрыхтавана развіццём прафес. харэаграфічнай адукацыі на Беларусі, якая бярэ пачатак ад харэаграфічнага класа пры Бел. муз. тэхнікуме (з 1928), Бел. студыі оперы і балета (1930—33), балетнай школы пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР (з 1934), харэаграфічнага аддзялення ў тэатр. вучылішчы (з 1939). Арганізатар і першы маст. кіраўнік З.Васільева (да 1949). У 1996/97 навуч. г. працавала аддзяленне класічнага танца з 8-гадовым тэрмінам навучання (прымаюцца дзеці на базе 4 класаў агульнаадук. школы). Навучанне дзённае. Да 1992 існавала таксама аддзяленне нар. танца з 5-гадовым тэрмінам навучання. Сярод педагогаў: А.Калядэнка, В.​Лапо, К.Малышава, Н.​Нікалаева, М.Пятрова, Г.​Сінельнікава, В.Швяцова. Маст. кіраўнік Ю.Траян (з 1995). У розны час у каледжы працавалі: маст. кіраўнікі А.Нікалаева, І.Савельева; педагогі Л.Бржазоўская, Я.Глінскіх, В.Давыдаў, В.​Дудко, А.Карзянкова, У.Камкоў, Р.Красоўская, М.Красоўскі, Н.​Малахава, Н.Младзінская, Н.Лаўлава, Р.​Сінёва, Л.Чахоўскі і інш. У 1995—96 у каледжы выдаваўся час. «Вестник» (па праблемах балетнага мастацтва; выйшла 8 нумароў).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет. Мн., 1966.

А.​І.​Калядэнка.

Будынак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЙКА,

старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус. нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел. нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.​Купалы наз. «Жалейка», 1908).

І.​Дз.​Назіна.

Жалейкі: 1 — жалейка; 2 — (злева направа) чаротка і пішчыкі; 3 — дужа язычковая.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,

нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв. с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.​А.​Ванееў, Г.​М.​Кржыжаноўскі, В.​В.​Старкаў, П.​К.​Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.​А.​Левашкевіч, В.​А.​Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.​І.​Паляк, Н.​І.​Занцэвіч і С.​М.​Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.

Літ.:

В.​И.​Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;

Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.

У.​Г.​Філякоў.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІЯНА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, якое выяўляецца на значнай тэрыторыі (у адрозненне ад лакальнага забруджвання). Пры пэўных умовах можа перарастаць у глабальнае забруджванне. Бывае фіз., хім., біял. і інш. Напр., забруджванне марскіх вод нафтапрадуктамі; унутр. вод у раёнах інтэнсіўнага земляробства — злучэннямі фосфару, азоту; прамысл. высокаразвітых рэгіёнаў — сярністым газам, аксідам азоту, пылам і інш. Р.з. не абмяжоўваецца дзярж. граніцамі: напр., пэўная доза забруджвальнікаў, якія выкідваюцца ў атмасферу прамысл. прадпрыемствамі краін Зах. Еўропы, з паветр. плынямі дасягае тэр. Беларусі; забруджвальнікі, якія трапілі ў рэкі бас. Нёмана і Зах. Дзвіны, аказваюць шкодны экалагічны ўплыў на акваторыю Балтыйскага, а з рэк бас. Прыпяці і Дняпра — Чорнага мора. На Беларусі найб. актуальныя праблемы Р.з. паветра гарадоў, вод, радыеактыўнага забруджвання. У 1990-я найб. высокія ўзроўні Р.з. паветра былі ў гарадах Магілёў, Мазыр, Гродна. У рэках рэгулярна выяўляюцца канцэнтрацыі асобных элементаў, якія перавышаюць гранічна-дапушчальныя канцэнтрацыі. Паводле індэксу забруджанасці вод большая ч. рэк Беларусі належыць да класа «ўмерана забруджаных», меншая — да «чыстых»; рачны створ р. Свіслач ніжэй Мінска аднесены да «забруджаных». Радыеактыўнае Р.з. мясцовасці ахоплівае больш за 22% тэр. Найб. плошчы забруджання радыеактыўнага і паветраных басейнаў гарадоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каламі́н

(с.-лац. calamina, ад ар. kadmeia = цынкавая руда)

мінерал класа сілікатаў, бясколерны або шараватага, жоўтага і іншых колераў, руда цынку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кауле́рпа

(н.-лац. caulerpa, ад гр. kaulos = сцябло + herpo = паўзу)

зялёная водарасць класа сіфонавых, якая пашырана ў трапічных і субтрапічных морах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ксенаты́м

(ад гр. ksenos = чужы + time = гонар)

мінерал класа фасфатаў жоўтага, чырвонага, карычневага колеру са шкляным бляскам; сыравіна для атрымання ітрыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дрэйсе́ны

(н.-лац. dreissena)

сямейства малюскаў класа двухстворкавых, якія жывуць пераважна ў прэсных вадаёмах, а таксама ў Каспійскім, Аральскім, Азоўскім морах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

літата́мніі

(ад літа- + гр. thamnos = куст)

чырвоныя водарасці класа фларыдэевых, якія пашыраны ў цёплых морах; разам з караламі ўтвараюць рыфы​1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)