Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскайвобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.
Літ.:
Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. 1964. Вып. 99;
Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎ (Narew),
рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскайвобл.) і ў Польшчы, правы прыток р.Зах. Буг (бас.р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс.км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Мікалай Віктаравіч) (21.11.1955, г. Шчучын Гродзенскайвобл.),
бел. гісторык. Д-рфілал.н. (1997). Скончыў БДУ (1977). З 1978 жыве ў Санкт-Пецярбургу. Працаваў у Ленінградскім аддзяленні Ін-та археалогіі АНСССР, удзельнічаў у раскопках стараж. Навагрудка, Старой Ладагі. З 1978 працуе ў Расійскай Нац. б-цы. Адзін з заснавальнікаў і чл. Прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Адзін са стваральнікаў і чл. праўлення Бел. грамадска-культ.т-ва ў Санкт-Пецярбургу. Даследуе гісторыю культуры Беларусі, бел. мастацтва, гісторыю праваслаўнай царквы на Беларусі.
Тв.:
Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;
Іван Грыгаровіч — гісторык беларускай царквы: Знаходка ў Аддзеле рукапісаў // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 1;
Кірылічнае кнігапісанне ў Вільні ў XV — першай палове XVI ст. // Спадчына. 1993. № 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧКА́САЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 19.6.1955, г. Новасібірск, Расія),
бел. архітэктар. Скончыў Новасібірскі інж.буд.ін-т (1978). Працаваў у Новасібірску. З 1981 у г. Бабруйск Магілёўскай вобл. ў майстэрні ін-та «Магілёўграмадзянпраект», нам.гал. архітэктара, гал. архітэктар горада, з 1990 у Дзяржбудзе Беларусі, з 1992 дырэктар ін-та «Мінскграмадзянпраект», у 1994 гал. архітэктар Мінска, з 1994 — нам. міністра архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: у Бабруйску — генплан горада, будынкі адміністрацыйны, аўтавакзала, жылы раён Крывы Крук, рэканструкцыя пл. Перамогі (усе 1980-я г.); жылы гарадок «Рось» у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскайвобл. (1993—97, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), рэсп. цэнтр спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт» у г. Смалявічы Мінскай вобл. (1995), рэканструкцыя цэнтра г. Шклоў Магілёўскай вобл. (1999), жыллёвы комплекс «Алімпійскі» (буйнапанэльныя дамы з мансардамі) па праспекце Машэрава ў Мінску (2000, будуецца; кіраўнік аўтарскага калектыву).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскайвобл. — пасля кастр. 1939),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ.«Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦКБеларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦКБел.нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ.«Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час.«Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г.час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).
Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскайгуб. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Ануфрый) (1793, г. Шчучын Гродзенскайвобл. — 7.12.1863),
польскі і бел.паэт. Скончыў пав. школу ў Шчучыне, Віленскі і Варшаўскі ун-ты. Канд. (1816), магістр (1821) філасофіі. У 1822—24 працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў т-вафіламатаў, распрацаваў структуру арг-цыі «прамяністых». Сасланы ў Маскву (працаваў бібліятэкарам ва ун-це, 1825—31), Табольск (1832—60). У 1860 вярнуўся ў Вільню. Пісаў па-польску. У час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1817) змяшчаў сентыментальныя вершы і гіст. думы ў духу рамантызму («Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна» і інш.). Аўтар вершаванай фалькл.-этнагр. замалёўкі «Ідылія Купала», засн. на бел.нар. вераваннях і абрадах. Збіраў матэрыялы т-ва філаматаў (выдадзены як архіў філаматаў у 1913—34 і ў 1973). Сябраваў з Я.Чачотам, падтрымліваў сувязі з А.Міцкевічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.
Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.
Э.Р.Самусенка.
Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́НКАЎСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ражанка Шчучынскага р-на Гродзенскайвобл. Пабудаваны ў 1674 з цэглы і бутавага каменю на паўн. ускраіне вёскі, перабудаваны ў 1924—25. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з нізкай 5-граннай апсідай. Да бакавых сцен асн. аб’ёму далучаны 2 прамавугольныя ў плане капліцы. Тарцы высокіх 2-схільных дахаў над нефам і капліцамі закрыты ступеньчатымі шчытамі. Да паўд.-зах. вугла нефа прыбудавана 3-ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая 8-гранным спічастым шатром, да апсіды з паўн. боку — невял. сакрысція. Вуглы асн. аб’ёму і трансептаў умацаваны контрфорсамі і завершаны дэкар. вежачкамі — пінаклямі. У цэнтры гал. фасада — акно-ружа, вышэй яго — дэкар. арнамент, пояс і шчыт. Гал. ўваход вырашаны стральчатым парталам. У 1990 касцёл капітальна адрамантаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (28.11.1926, в. Лясок Карэліцкага р-на Гродзенскайвобл. — 22.2.2000),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-ртэхн.н. (1986), праф. (1987). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН (у 1968—94 заг. лабараторыі). У 1993—94 акад.-сакратар Бел. аддзялення Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій. Распрацаваў тэарэт. асновы алгарытмічнага сінтэзу канструкцый, метады, мадэлі і пакеты прыкладных праграм аўтаматызацыі канструктарска-тэхнал. праектавання і вырабу аснасткі ў машынабудаванні. Дзярж прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985;
Создание программных средств САПР приспособлений. Мн., 1991 (разам з М.М.Другаковай);
Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснашения. Мн., 1997 (у сааўт.).
Літ.:
Савік М.П. Зямлі сваёй адданы сын // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Карэліцкага р-на. Мн., 2000.