СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),

сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш.), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангелле пач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-т Дзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус. пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл. «Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш. бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.

Літ.:

Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;

Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАЖЫВЕ́ЦКАЯ КААПЕРА́ЦЫЯ,

від кааперацыі, якая ўяўляе сабой сістэму спажывецкіх таварыстваў, іх саюзаў і створаных імі унітарных прадпрыемстваў і ўстаноў з мэтай задавальнення патрэб членаў спажывецкіх т-ваў і насельніцтва шляхам арганізацыі гандлёвай, закупачнай, вытворчай і іншай дзейнасці. Узнікла ў Англіі ў 1844. З сярэдзіны 19 ст. кааператывы актыўна ствараліся ў Францыі, Італіі, Германіі, Скандынаўскіх краінах і інш. У Расіі першы рабочы кааператыў з'явіўся ў 1864. У 1895 створаны Міжнародны кааператыўны альянс, які аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў.

Першы спажывецкі кааператыў на Беларусі зарэгістраваны ў 1892, да 1917 дзейнічала 359 спажывецкіх т-ваў. У чэрв. 1917 у Мінску арганізаваны саюз спажывецкіх т-ваў Мінскага р-на, які пазней пераўтвораны ў Цэнтральны саюз спажывецкіх т-ваў Беларускага краю, а потым — у Беларускі рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў (Белкаапсаюз). Да сярэдзіны 1930 спажывецкія т-вы функцыянавалі ў гарадах і ў вёсках, з 1935 С.к. абслугоўвае ў асноўным вясковае насельніцтва. У 2001 у Белкаапсаюзе 1,4 млн. пайшчыкаў, аб’яднаных у 118 раённых і 2 рэгіянальныя спажывецкія т-вы. Больш як 136 тыс. працаўнікоў С.к. абслугоўвалі 3,5 млн. чал. (85% з іх былі вяскоўцы). Тавараабарот склаў 993,3 млрд. руб., ці 18,6% рознічнага тавараабароту краіны. На яго долю прыпадае 3,2% унутр. валавога прадукту рэспублікі, 4,5% працоўных рэсурсаў, 51% аб’ектаў гандлю, 42% прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Вырабляе 24% хлебабулачных, 26% макаронных, 14% каўбасных, рыбных вырабаў, 12% кансерваў, 7% мінеральнай вады. С.к. мае 105 хлебазаводаў і пякарань, 122 каўбасныя, 124 кандытарскія і 68 рыбаперапрацоўчых цэхаў, 25 кансервавых прадпрыемстваў, 5 камбінатаў і 175 цэхаў па вырабе непрадуктовых тавараў, 7 зверагаспадарак па гадаванні ліса, норкі, пясца. На канец 2001 у сістэме Белкаапсаюза 3,6 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, у т. л. 513 у калгасах і саўгасах, 1850 у навуч. установах, 12,5 тыс. магазінаў, 719 ларкоў, палатак, кіёскаў. 418 аўтамагазінаў і 433 хатнія крамы абслугоўвалі больш як 6 тыс. вёсак, у якіх менш за 25 жыхароў. С.к. закупляе і перапрацоўвае больш за 30 відаў с.-г. прадукцыі і сыравіны на 95,8 млрд. руб. (2001).

З 1992 Белкаапсаюз — чл. Міжнар. каап. альянсу, падтрымлівае кантакты з кааператарамі і фірмамі больш як 30 краін. Знешнегандлёвы абарот у 2001 склаў 34,6 млн. дол. ЗША. Мае ўласныя навуч. ўстановы: Бел. гандлёва-эканам. ун-т спажывецкай кааперацыі, Рэсп. ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Белкаапсаюза, 6 каледжаў, 2 прафтэхвучылішчы.

Узаемадзеянне спажывецкай кааперацыі з дзяржавай рэгулюецца Законам «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» (2002).

С.​Я.​Пушкіна.

т. 15, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗНЁСЛАЕ,

катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае такі тып эстэтычных адносін да прыроды, грамадства і творчасці, калі аб’ект успрымаецца як вялікая, гераічная, духоўна значная з’ява, несувымерная са звычайнымі фактамі і падзеямі. Суадносіцца з прыгожым, гераічным і трагічным; процілеглае нізкаму, агіднаму і камічнаму. Ад гарманічнай суаднесенасці прыгожага адрозніваецца выяўленнем пазітыўнай неадпаведнасці — перавагі агульнага над прыватным, грамадскага над асабістым, духоўнага над цялесным. Адносна прыроды выяўляецца ў пачуццях высокага, магутнага і неабсяжнага. У грамадскім быцці служыць крытэрыем ацэнкі гераічных падзей і ўчынкаў, духоўнай стойкасці чалавека, яго самаахвярнасці ў барацьбе са злом. Як катэгорыя эстэт. свядомасці грамадства У. дамінуе на ўзыходных стадыях сац. развіцця: перыядах станаўлення этнасаў, нацый, рэліг. і грамадска-паліт. сістэм, новых цывілізацый. Для У. ў мастацтве характэрны манументальнасць кампазіцыі, высокі стыль, напружанасць сюжэта і адпаведныя выяўл. сродкі. З найб. паўнатой У. выявілася ў манум. жанрах архітэктуры, скульптуры і жывапісу, класічнай музыцы, араторыі, трагедыі і інш.

Катэгорыя У. шматгранна выявілася на этапах станаўлення бел. нацыі, дзяржаўнасці, нац. адраджэння 19—1-й пал. 20 ст. У сярэдневяковай маст. культуры яна была стылеўтваральным фактарам, адлюстроўваючы хрысц. светапогляд, згодна з якім Бог — крыніца дабра, праўды і прыгажосці. Асветнікі і творцы Адраджэння арыентаваліся на збліжэнне боскага і зямнога, гармонію душы і цела, грамадскіх і асабістых адносін, санкцыянаваных боскімі і прыроднымі законамі быцця (Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, Я.​Вісліцкі і інш.). У эстэтыцы барока і рамантызму раскрываліся супярэчнасці паміж матэрыяльна-цялесным і духоўна-творчым: высокае ў цялесным плане часам аказвалася нізкім у духоўным плане, а малое і нязначнае ў цялесным плане — У. і гераічным у духоўным.

Пачынальнікі новай бел. л-ры рамант. кірунку ўзвялі нац. фальклор у ранг высокага мастацтва (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.). У творчасці класікаў бел. л-ры Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча і іх паслядоўнікаў вызначыліся 2 тэндэнцыі ў ацэнцы рэальнасці: асуджэнне рэчаіснасці як агіднай і нізкай, з аднаго боку, і паэтызацыя нац. традыцый і гарманічных бакоў нац. побыту як прыгожага і У., з другога. У канцы 20 — пач. 21 ст. у еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, У. ў быцці і мастацтве выцеснена на ўзровень элітарнай культуры; у масавай культуры назіраюцца тэндэнцыі да зніжэння эстэт. крытэрыяў, дамінавання пацяшальнага мастацтва з арыентацыяй на камічнае і агіднае.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.

У.​М.​Конан.

т. 16, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІЛЕ́ЎСКІ Павел Міхайлавіч (12.11.1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1861),

бел. і рус. этнограф, фалькларыст, пісьменнік, публіцыст, тэатр. крытык. Канд. багаслоўя (1847). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1843), Пецярб. духоўную акадэмію (1847). З 1847 выкладаў славеснасць у Варшаўскім пав. духоўным вучылішчы, з 1853 служыў у Гал. пед. ін-це ў Пецярбургу, у 1855—59 настаўнік школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзярж. папер. Друкаваўся з 1846. Супрацоўнічаў з пецярб. перыяд. выданнямі. Пісаў пад псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс. Вывучаў гісторыю, побыт, вусную нар. творчасць і мову беларусаў. Аўтар нарысаў і арт. «Беларускія народныя павер’і» (1846—52), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў: На падставе беларускіх павер’яў» (1853), «Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні» (1854), «Мазыршчына: (3 падарожжа па заходнярускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Цыклы белетрызаваных нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1853—55) і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853—56) прынеслі Ш. вядомасць у рас. друку як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Нарысы сумяшчалі аўтарскія навук. разважанні і лірычныя адступленні, гіст. даведкі і маляўнічыя апісанні бел. гарадоў, вёсак і мястэчак, фалькл. запісы і этнагр. замалёўкі. Ш. належыць таксама спроба стварэння слоўніка і граматыкі бел. мовы («Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі», 1845, рукапіс). Даследаваў таксама гісторыю, мову і фальклор літ. народа («Нарысы Жмудзі», 1855). Аўтар зб. «Беларускія прыказкі» (1853), апавяданняў «Нарысы польскіх звычаяў» (1854), аповесці для дзяцей «Цыганё» (1855), серыі апавяданняў «Заходнярускія нарысы» (1858—59). У аснову драмы «Дажынкі» (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму «Ідыліі» В.​Дуніна-Марцінкевіча, пакладзены бел. этнагр. абрад. У журналісцкія агляды ўключаў весткі з Беларусі, першы паведаміў пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча, рэцэнзаваў спектаклі Мінскага т-ра. Непаслядоўнасць і супярэчлівасць светапогляду Ш., які вагаўся ад дэмакратызму і памяркоўнай ліберальнасці да адкрытай рэакцыйнасці, выклікалі нападкі на яго рас. кансерватараў і рэзкую крытыку з боку дэмакр. колаў (палеміка вакол «Заходнярускіх нарысаў»). Творы Ш., прысвечаныя Беларусі, сцвярджалі нац. самабытнасць бел. народа, садзейнічалі фарміраванню бел. нац. культуры і л-ры.

Тв.:

Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992.

Літ.:

Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981;

Германовіч І.К. П.​М.​Шпілеўскі // Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985;

Цішчанка І.К. Да народных вытокаў. Мн., 1986.

С.​А.​Кузняева.

т. 17, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАСЛА́Ў МУ́ДРЫ (у хрышчэнні Георгій; ? — 2.2.1054),

вялікі князь кіеўскі (1019—54). Трэці сын Уладзіміра Святаславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» ён прылічаны да сыноў Уладзіміра ад Рагнеды Рагвалодаўны, што выклікае сумненне, бо не стасуецца з кароткім тэрмінам гэтага прымусовага шлюбу. Прылічэннем Я.М. да сыноў Рагнеды кіеўскія князі імкнуліся абгрунтаваць законнасць уласных прэтэнзій на Полацкае княства. Пры жыцці бацькі Я.М. быў князем-намеснікам у Ноўгарадзе, пасля яго смерці (1015) з наўгародскімі і варажскімі дружынамі змагаўся за кіеўскае княжанне супраць вял. князя кіеўскага Святаполка Яраполчыча, якога падтрымлівалі Польшча і печанегі. У 1019 авалодаў Кіевам і стаў вял. князем. Вёў барацьбу з полацкім кн. Брачыславам Ізяславічам, у 1021 мусіў аддаць яму Віцебск і Усвяты, пасля чаго паміж Я.М. і Брачыславам усталяваліся сяброўскія адносіны і быў заключаны ваен. саюз. У 1024 пасля паражэння ў бітве пад Ліственам каля Чарнігава Я.М. аддаў свайму брату тмутараканскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу землі на У ад Дняпра з цэнтрам у Чарнігаве, а сам з прычыны небяспекі 2 гады знаходзіўся ў Ноўгарадзе, адкуль кіраваў Кіевам і падуладнай яму тэрыторыяй праз свайго намесніка, якім быў, відаць, Брачыслаў Ізяславіч. Я.М. фактычна і юрыдычна прызнаў незалежнасць Полацкага княства. У 1030—31 адваяваў у Польшчы страчаныя ў 1018 Чэрвеньскія гарады (на З Валыні). У 1030 авалодаў зах. узбярэжжам Чудскога воз., пабудаваў там г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Пасля смерці брата Мсціслава Уладзіміравіча аб’яднаў пад сваёй уладай усю Русь, акрамя Полацкай зямлі. У 1036 разбіў пад Кіевам печанегаў, рабіў паходы ў 1038 на яцвягаў, у 1040 і 1044 — на літву. Яму прыпісваецца заснаванне ў 1044 Новагародка (сучасны г. Навагрудак). З 1043 ваяваў з Візантыяй, з якой у 1046 заключыў мір. Быў прыхільнікам адукацыі, адкрыцця школ, развіцця пісьменнасці. Пры ім створана самая стараж. частка Рускай праўды (т.зв. Праўда Яраслава), пабудаваны ў Кіеве Сафійскі сабор, Залатая брама і інш., створаны першыя б-кі, перакладзены кнігі стараж. аўтараў, творы візант. айцоў царквы, закладзены Кіева-Пячэрскі манастыр. За веданне царк. кніг атрымаў мянушку Мудры. Пасля смерці Я.М. юрыдычна перастала існаваць адзіная дзяржава Русь, тэр. якой была падзелена паміж сынамі Яраслава. Ён быў жанаты з дачкой швед. караля Інгігердай, ад якой меў 7 (?) сыноў і 3 дачкі. Свайму сыну Ізяславу Яраславічу Я.М. сасватаў дачку польскага караля Мешка II, сыну Святаславу Яраславічу — дачку ням. графа Леапольда; сын Усевалад Яраславіч узяў шлюб з родзічкай візант. імператара Канстанціна Манамаха. Старэйшая дачка Я.М. Анастасія стала венг. каралевай, Лізавета — нарвежскай, затым дацкай, Ганна — французскай каралевай.

Літ.:

Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

сацыялагічнае вучэнне пра агульныя і спецыфічныя законы развіцця і функцыянавання грамадства. У яго аснову пакладзены тэзіс, паводле якога грамадства развіваецца па аб’ектыўных, незалежных ад волі і жадання чалавека законах. Распрацаваны К.Марксам і Ф.Энгельсам у сярэдзіне 19 ст. Яны зыходзілі з таго, што ў працэсе жыцця людзі ўступаюць у пэўныя, незалежныя ад іх волі вытв. адносіны, якія адпавядаюць дасягнутаму грамадствам на дадзеным гіст. этапе ўзроўню развіцця матэрыяльных вытв. сіл. Сукупнасць гэтых вытв. адносін складае эканам. структуру грамадства, рэальны базіс, над якім узвышаецца паліт., юрыд. надбудова ў выглядзе розных сац. ін-таў і ўстаноў, а таксама розныя формы грамадскай свядомасці. Не грамадская свядомасць вызначае грамадскае быццё, а, наадварот, грамадскае быццё вызначае грамадскую свядомасць. На аснове вывучэння матэрыяльных грамадскіх адносін капіталіст. грамадства быў зроблены вывад пра паўтаральнасць грамадскіх з’яў, вылучана агульнае ў сац. ладзе розных краін, распрацавана вучэнне пра фармацыі грамадска-эканамічныя. Змена гіст. эпох пададзена як заканамерны працэс змены спосабаў вытв-сці; самі спосабы вытв-сці змяняюць адзін аднаго ў сілу аб’ектыўна існуючых і пастаянна нарастаючых супярэчнасцей паміж узроўнем развіцця вытв. сіл (больш дынамічных) і характарам вытв. адносін (больш кансерватыўнага элемента сістэмы). Нарастаючыя паміж імі супярэчнасці даходзяць да канфлікту, які вырашаецца шляхам сац. рэвалюцыі. Маркс і Энгельс прызналі вырашальную ролю нар. мас у гісторыі, класавую барацьбу як рухаючую сілу сац. прагрэсу, сац. рэвалюцыю як спосаб змены грамадска-эканам. фармацый.

Літ.:

Маркс К., Энгельс Ф. Немецкая идеология // Соч. 2 изд. Т. 3;

Іх жа. Маніфест Камуністычнай партыі. Мн., 1968;

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізма // Тв. Т. 19 (Полн. собр. соч. Т. 23);

Плеханов Г.В. Избранные философские произведения. Т. 1. М., 1956;

Фурманов Г.Л. Исторический материализм как общесоциологическая теория. М., 1979;

Ойзерман Т.И. Главные философские направления. 2 изд. М., 1984;

Исторические типы философии. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТЭРЭ́ЗІС (ад грэч. hystēresis адставанне),

неадназначная залежнасць фіз. велічыні, якая апісвае стан або ўласцівасці цела, ад велічыні, што характарызуе знешнія ўздзеянні. Абумоўлены неабарачальнымі зменамі ў целе, якія выяўляюцца пад уплывам знешніх фактараў, у выніку чаго цела пасля спынення ўплыву на яго характарызуецца астаткавымі ўласцівасцямі (астаткавай намагнічанасцю, электрызацыяй, дэфармацыяй і інш.) і адпаведна гэтаму гістэрэзіс наз. магнітным, дыэлектрычным, пругкім і інш.

Магнітны гістэрэзіс — адставанне змен намагнічанасці J ферамагнетыка ад змен напружанасці H знешняга магн. поля. Звычайна ферамагнетык намагнічаны неаднародна, ён разбіты на вобласці спантаннай намагнічанасці (дамены), дзе велічыня намагнічанасці аднолькавая, а напрамкі яе розныя. Пад уздзеяннем знешняга магн. поля колькасць і памеры даменаў, намагнічаных уздоўж поля, павялічваюцца за кошт іншых даменаў. Пры некаторым значэнні H−Hm намагнічанасць узору дасягае свайго найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні Н. Калі H змяншаць, залежнасць J (H) апішацца крывой, якая ідзе вышэй за папярэднюю. Плошча пятлі гістэрэзісу, утворанай гэтымі крывымі, прапарцыянальная энергіі, страчанай знешнім магн. полем за 1 цыкл перамагнічвання. Велічыня J=Jr пры H = 0 наз. астаткавай намагнічанасцю, а велічыня Hc, пры якой J=0, — каэрцытыўнай сілай. Дыэлектрычны гістэрэзіс — адставанне змен палярызацыі сегнетаэлектрыка (ці антысегнетаэлектрыка) ад змен напружанасці знешняга эл. поля. Таксама тлумачыцца даменнай структурай дыэлектрыка. Па форме пятля дыэл. гістэрэзісу падобная на пятлю магн. Гістэрэзіс (гл. Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). Пругкі гістэрэзіс — адставанне змен дэфармацый цела ад змен мех. напружанняў. Узнікае пры наяўнасці пластычных дэфармацый (гл. Пластычнасць). Мех. апрацоўка і ўвядзенне дамешкаў прыводзяць да ўмацавання матэрыялу і пругкі гістэрэзіс назіраецца пры большых напружаннях.

П.​С.​Габец.

Пятля магнітнага гістэрэзіса: 1 — залежнасць намагнічанасці J ферамагнетыка ад напружанасці H знешняга поля пры першасным намагнічванні; 2, 3 — крывыя перамагнічвання; Jm, Hm — намагнічанасць і напружанасць поля насычэння; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗУНО́Ў Аляксандр Канстанцінавіч (10.8.1865, С.-Пецярбург — 21.3.1936),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Вучань М.Рымскага-Корсакава (кампазіцыя). З 1888 выступаў як дырыжор у Расіі і за мяжой. З 1899 праф., у 1905—28 дырэктар Пецярбургскай кансерваторыі. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Рус. сімф. т-ва ў Вялікабрытаніі (1906), ганаровы д-р Кембрыджскага і Оксфардскага ун-таў (1907), ганаровы чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1914), чл. Муз. акадэміі ў Стакгольме (1929). Найб. плённа працаваў у жанрах сімф. музыкі. Паслядоўнік традыцый «Магутнай кучкі» і П.Чайкоўскага, ён аб’яднаў у сваёй творчасці элементы лірыка-эпічнага і лірыка-драм. сімфанізму. Зрабіў істотны ўклад у сімфанізацыю балетнага жанру. Яго творы вылучаюцца рэльефнасцю тэм, поўным і ясным гучаннем аркестра, майстэрскім выкарыстаннем поліфанічнай тэхнікі (адначасовае гучанне розных тэм, спалучэнне імітацыйнага і варыяцыйнага развіцця). Сярод твораў: балеты «Раймонда» (паст. 1898), «Паненка-служанка, або Выпрабаванне Даміса» і «Поры года» (паст. 1900); кантаты; 8 сімфоній (1881—1906), у т. л. 1-я (у скерца выкарыстаны матыў бел. нар. танца «Мікіта»), найб. значныя 4-я, 1893; 5-я, 1895; 6-я, 1896; 7-я, 1902; 8-я, 1906; 7 сюіт, у т. л. «З сярэдніх вякоў» (1902); 5 уверцюр, у т. л. 2 на грэч. тэмы (1882, 1884); сімф. паэма «Сценька Разін» (1885), «Фінская фантазія» (1909); «Руская фантазія» для Велікарус. аркестра (1906); канцэрты з арк. — 2 для фп. (1910, 1917), для скрыпкі (1904), для віяланчэлі (1931), для саксафона (1931); 7 стр. квартэтаў; творы для фп., для аргана; хары а капэла; рамансы і песні; апрацоўкі рус., чэш., грэч. гімнаў і песень; музыка да драм. спектакляў. У 1885—1903 штогод адзначаўся Глінкаўскімі прэміямі.

Літ. тв.: Избранное: Письма, статьи, воспоминания. М., 1958.

Літ.:

Федорова Г.П. Глазунов. 2 изд. М., 1961;

Глазунов: Исследования. Материалы. Публикации. Письма. Т. 1—2. Л., 1959—60;

Ганина М. А.​К.​Глазунов. Л., 1961;

Крюков А.Н. А.​К.​Глазунов. М., 1984.

А.К.Глазуноў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх. І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.

Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Ярашэвіч.

Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)