ВАЛАСКІ́ ў раслін, адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАСЕ́ЛЬСКІ Канстанты

(каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у тым ліку ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).

Г.І.Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ,

мера непразрыстасці слоя рэчыва для светлавых прамянёў. Характарызуе аслабленне аптычнага выпрамянення ў слаях рэчываў (фарбавальнікаў, святлафільтраў, раствораў і інш.). Для неадбівальнага слоя D = lg I0/I = kλL, дзе I0, I — інтэнсіўнасць святла, што ўпала на слой і выйшла з яго адпаведна, kλ — каэфіцыент паглынання асяроддзя для выпрамянення з даўж. хвалі λ, L — таўшчыня слоя рэчыва. Аптычная шчыльнасць звязана з каэфіцыентам прапускання τ: D = lg 1/τ. Вымяраецца з дапамогай дэнсітометраў, мікрафатометраў, спектрасенсітометраў і інш. Выкарыстоўваецца ў фатаграфіі, астрафотаметрыі, пры аптычным гуказапісе, пры спектральнай аэрафотаздымцы і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАТО́НІКА

(ад аліга... + грэч. tonos тон),

сістэма з малой колькасцю гукаў, дзе ўсе тоны функцыянальна раўнапраўныя. Для алігатонікі характэрныя сціслыя мелодыі-мадэлі (тэрцавыя, квартавыя), экспрэсіўная сіла якіх заснавана на прынцыпе раўназначнасці ўсіх выразных сродкаў (ладавых, рытмічных, інтанацыйных, тэмбравых). У муз. фальклоры беларусаў тыповая для стараж. песеннага пласта, асабліва для песень каляндарна-земляробчага цыкла.

Літ.:

Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. тр. М., 1971. Т. 1;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІЗА́ТАР,

1) у оптыцы — прыстасаванне для выяўлення характару палярызацыі святла. Лінейныя аналізатары служаць для выяўлення лінейна (плоска) палярызаванага святла і вызначэння становішча яго плоскасці палярызацыі, ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла. Як аналізатары выкарыстоўваюць палярызацыйныя прызмы, паляроіды, пласцінкі турмаліну і інш. Аналізатар для святла з кругавой і эліптычнай палярызацыяй звычайна складаюцца з аптычнага кампенсатара і лінейнага аналізатара. Гл. таксама Палярызатар.

2) У прамысловасці — прылада ці вымяральнае прыстасаванне хім. саставу газаў, вадкасцяў, цвёрдых і сыпкіх рэчываў. Паводле метаду аналізу бываюць цеплавыя, магн., мех., хім., электрахім., аптычныя, радыеізатопныя і інш.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАВА́Я СВІДРАВІ́НА,

цыліндрычная горная вырабатка, створаная з дапамогай буравых інструментаў. Пачатак буравой свідравіны наз. вусцем, канец — забоем, бакавую паверхню — сценкай. Бываюць геолагаразведачныя (пошукавыя, структурныя, апорныя і інш.), эксплуатацыйныя (для здабычы нафты, газу, вады, расолаў), дапаможныя (назіральныя, вентыляцыйныя і інш.) і спецыяльныя (для размяшчэння зарадаў выбуховых рэчываў, замарожвальныя, дрэнажныя і інш.). Бураць буравыя свідравіны з паверхні сушы ці мора, з падземных горных вырабатак у розных напрамках: вертыкальным (уверх або ўніз), гаразынтальным або нахільным з пастаянным або пераменным вуглом нахілу. Для стварэння буравой свідравіны выкарыстоўваюцца розныя тыпы буравых установак.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́,

абсалютная адзнака, адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЭНЕ́РГА,

Навукова-даследчы інстытут энергетыкі і электрыфікацыі аграпрамысловага комплексу Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1993 у Мінску на базе Усесаюзнага н.-д. і тэхнал. ін-та мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых фермаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка навук. асноў перспектыўнага развіцця энергетыкі і электрыфікацыі аграпрамысл. комплексаў (АПК), рац. энергазабеспячэння, спосабаў эфектыўнага выкарыстання розных відаў энергіі, сістэм машын і абсталявання для паліўна-энергет. комплексу, камплектаў халадзільнага абсталявання, сродкаў аўтаматызацыі для кіравання тэхнал. працэсамі, энергазберагальных, эколагабяспечных тэхналогій для галін АПК.

У.Г.Бабіцкі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫНЯМЕ́Р,

1) Вышынямер авіяцыйны, альтыметр, прылада для вымярэння вышыні палёту лятальнага апарата над зямлёй. Адрозніваюць бараметрычныя вышынямеры (гл. Анероід) і радыёвышынямеры. Дзеянне бараметрычных вышынямераў заснавана на залежнасці атм. ціску ад вышыні палёту. Паказвае вышыню адносна месца ўзлёту. Радыёвышынямер працуе на прынцыпе адбіцця радыёхваль ад паверхні зямлі. Паказанні адпавядаюць сапраўднай вышыні палёту.

2) Вышынямер лесатаксацыйны, прылада для вымярэння вышыні дрэў і вугла іх нахілу. Заснавана на прынцыпе пабудовы падобных трохвугольнікаў.

3) Вышынямер геадэзічны, прылада для вызначэння перавышэння адных пунктаў над другімі (гарызонтаў): нівелір, тэадаліт, экліметр і інш. геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬЗА

(ням. Hülse літар. абалонка),

1) у артылерыі элемент артылерыйскага боепрыпасу патроннага і паасобнага зараджання, танкасценны метал. стакан для размяшчэння парахавога зараду, сродкаў запальвання і інш. Для танкавай артылерыі часта вырабляюць з саставаў, якія поўнасцю або часткова згараюць у час стрэлу.

2) гільза стралковай зброі падобна па канструкцыі на гільзу артыл. патрона. Бываюць латунныя, стальныя, кардонныя (для паляўнічай зброі).

3) гільза ў тэхніцы — пустацелая зменная цыліндрычная ўстаўка поршневых цеплавых рухавікоў (унутры гільзы перамяшчаецца поршань). Вырабляюць з чыгуну, устанаўліваюць у блок-картэрах рухавікоў з алюмініевых сплаваў.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)