1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.
2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв.венг. пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.
3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.
Літ.:
Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.
амінацукар, вытворнае галактозы. Вылучаны з храстковай тканкі. Моцная шчолач, добра растваральны ў вадзе, аптычна актыўны. У свабодным стане не сустракаецца. Трапляецца ў прыродзе амаль выключна ў выглядзе N-ацэтыльных вытворных, якія ўваходзяць у састаў глікапратэідаў, хондраітынсульфатаў, групавых элементаў крыві, гангліязідаў, глікаліпідаў мікабактэрый і інш.: N-ацэтылгалактазамін уваходзіць у састаў хандраітыну ў якасці адзінкі, якая паўтараецца; N-ацэтылгалактазамінсульфат — у састаў хандраітынсерных к-т, дэрматасульфату і кератасульфату. Дыцукрыдныя звёны гэтых вытворных галактазамінаў — структурны элемент мукоідаў чалавека і жывёлы — уваходзяць у састаў спецыфічнага поліцукрыду пнеўмакока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫЯ (Galatia),
старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 да н.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 да н.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 да н.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 да н.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕТАФІ́Т (ад гаметы + ...фіт),
палавое пакаленне ў раслін, якія развіваюцца з чаргаваннем пакаленняў, або прадстаўнік палавога пакалення. Гаметафіт чаргуецца ў цыкле развіцця з бясполым пакаленнем (спарафітамі) і ўтвараецца са споры. Для клетачных ядраў гаметафіта характэрны палавінны (гаплоідны) набор храмасом у параўнанні з клетачнымі ядрамі спарафіта. У многіх раслін гаметафіт вядзе самаст. існаванне і мае выгляд спарафіта (напр., гаметафіт многіх водарасцей) або рэзка адрозніваецца ад яго (напр., зарасткі дзярэз, хвашчоў, папарацей). У кветкавых раслін гаметафіт моцна рэдукаваны да пылінкі (мужчынскі гаметафіт) і зародкавага мяшка (жаночы гаметафіт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ, Псекупс,
бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.
Літ.:
Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РМАЛА (Peganum),
род кветкавых раслін сям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (P. harmala).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек.дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАФІЛЁЗЫ,
інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, пры якой пашкоджваецца стрававальны шлях. Выклікаецца лічынкамі аваднёў з роду Gastrophilus. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца ў коней. Развіваюцца авадні па тыпе поўнага ператварэння, на працягу года маюць адну генерацыю.
Жывёлы заражаюцца летам, пераважна на пашы. У яйцах, якія самкі аваднёў адкладваюць у поўсць жывёл, фарміруюцца лічынкі і пранікаюць у слізістую рота, дзе растуць і ліняюць, пасля чаго прымацоўваюцца ў страўнікава-кішачным тракце і паразітуюць 8—9 месяцаў. У хворых жывёл парушаецца страваванне, зніжаецца ўкормленасць і працаздольнасць; пры значнай інвазіі жывёла гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЙ МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.
А.Ю.Пятросава.
Гродзенскай медыцынскай школы будынак. Галоўны фасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЗА́ЛА СЕ́ЙМАЎ.
Існавала ў Гродне ў 18—19 ст. Пабудавана ў 1726 у двары Гродзенскага Новага замка, злучалася з ім 2-павярховымі П-падобнымі ў плане драўлянымі карпусамі, якія абкружалі вял. двор. Пабудова ўключала вял. базілікальную залу, уваходны вестыбюль з лесвіцай і памяшканне для кур’ераў. У глыбіні залы на ўзвышэнні знаходзілася крэсла караля. Унутраная аздоба залы характэрная для архітэктуры стылю ракако — сцены чляніліся высокімі пілястрамі, філёнгамі, былі ўпрыгожаны размалёўкай і скульптурнымі рэльефамі ў мудрагеліста выгнутых рамах, вокны аформлены ліштвамі складанай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.
Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.