абрады, заснаваныя на эмацыянальна-вобразным ўвасабленні рэліг. ідэй і ўяўленняў; знешняя форма праяўлення рэлігійнасці. Кожная рэлігія мае сваю сістэму і рэгламентацыю абрадаў рэлігійных. Іх разнастайнасць абумоўлена асаблівасцямі веравучэння і нац.-этнічнымі традыцыямі, умовамі жыцця веруючых людзей. Напр., у хрысціянстве важнейшыя магічныя культавыя абрады, якія, паводле царк. веравучэння, надаюць людзям цудадзейную моц («боскае хараство») — таінствы: хрышчэнне, мірапамазанне, прычашчэнне, споведзь, царк. шлюб, ялееасвячэнне, пасвячэнне ў духоўны сан. У абрадах рэлігійных беларусаў цесна пераплятаюцца язычніцкія і хрысц. элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,
пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл.Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМ,
адна з колькасных характарыстык геам. цела; вымяраецца колькасцю змешчаных у целе кубаў з рабром, роўным адзінцы даўжыні. Для вымярэння аб’ёму складаных цел яны змяшчаюцца ў прамавугольны паралелепіпед, які разбіваецца плоскасцямі, паралельнымі яго граням, на n кубаў з рабром A.
Няхай Vn — сума аб’ёму кубаў, якія цалкам змяшчаюцца ў целе, а Wn — сума аб’ёму кубаў, што маюць хаця б адзін пункт цела. Калі граніцы і пры бязмежным змяншэнні A да O супадаюць, то іх агульнае значэнне V вызначае аб’ём цела. Адзінка аб’ёму ў СІм³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМН ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
афіцыйная ўрачыстая песня, якая разам з гербам дзяржаўным і сцягам дзяржаўным з’яўляецца сімвалам дзяржавы. Выконваецца ў асабліва ўрачыстых выпадках (агульнанац. святы, афіц. цырымоніі і інш.). У Рэспубліцы Беларусь у якасці Гімна дзяржаўнага дзейнічае Гімн дзярж.БССР (тэкст М.Клімковіча, музыка Н.Ф.Сакалоўскага), зацверджаны Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 24.9.1955. З набыццём статуса суверэннай дзяржавы ў 1991 прынята рашэнне аб падрыхтоўцы новага тэксту і музыкі Гімна дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, якія адлюстроўвалі б спрадвечнае імкненне бел. народа да свабоды і незалежнасці, да ідэалаў гуманізму, дабра і справядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ДОМ-КАМУ́НА.
Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.Шабунеўскі, інж. Р.Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял.Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ЎДА́Р,
раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЫЕНТАМЕ́ТР (ад градыент + ...метр),
1) гравітацыйны градыентаметр, прылада для вымярэння гарыз. кампанентаў градыента сілы цяжару. Круцільная сістэма градыентаметра (такая ж, як у гравітацыйнага варыёметра) устанаўліваецца пры вымярэннях у 4 азімутах, якія ўзаемна адрозніваюцца на 90°. Для надзейнасці і хуткасці вымярэнняў можа забяспечвацца 4 круцільнымі сістэмамі і візуальнай рэгістрацыяй. Выкарыстоўваецца ў гравіметрычнай разведцы.
2) Градыентаметр магнітны — прылада для вымярэння прырашчэння (градыента) напружанасці магнітнага поля ў зададзеным напрамку. Мае 2 магнітометры, разнесеныя на пэўную адлегласць па вертыкалі або гарызанталі. Выкарыстоўваецца пры касм. даследаваннях, разведцы карысных выкапняў, у магн. дэфектаскапіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ТА-ГНЕЙС,
поўнакрышталічная сланцаватая ці палоскавая горная парода паводле саставу аналагічная граніту. Структура прамежкавая паміж гнейсам і гранітам. Складзены пераважна з мінералаў плагіяклазу, мікракліну, кварцу і слюды (пераважна біятыту). Тэкстура вызначаецца субпаралельным размяшчэннем таблітчастых і прызматычных крышталёў (палявога шпату, слюды, рагавой падманкі і інш.) і падоўжных уключэнняў, а таксама скопішчам мінералаў у палосы ці праслойкі, якія чаргуюцца. Граніта-гнейс ўтвараюцца ў зонах высокага метамарфізму і цесна асацыіруюць з гнейсамі рознага саставу. На Беларусі пашыраны ў дакембрыйскіх утварэннях Беларускай антэклізы. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНТ (ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),
1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.
2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыягал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.
3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРАНЕМО́ЗЫ (Habronemoses),
гельмінтозная хвароба непарнакапытных. Пашырана ўсюды, асабліва ў паўд. шыротах. На Беларусі адзначаецца ў коней. Узбуджальнікі — дробныя (даўж. 10—25 мм) нематоды Habronema muscae і Habronema microstoma, якія развіваюцца з удзелам прамежкавых гаспадароў (муха пакаёвая, жыгалка асенняя і інш.).
Дарослыя чэрві паразітуюць у страўніку, пашкоджваюць яго слізістую абалонку і залозы; лічынкі — у скуры і лёгкіх. Шлях заражэння — аліментарны. У страўніку інвазійныя лічынкі праз 44—46 сутак ператвараюцца ў палаваспелых паразітаў. Пры інтэнсіўнай інвазіі назіраецца хранічнае запаленне страўніка і тонкага кішэчніка, прагрэсіруючае схудненне, перыяд. прыступы колік. Габранемоз скуры суправаджаецца ўтварэннем язваў.