АЙМА́НАЎ (Шакен Кенжатаевіч) (15.2.1914 — 23.12.1970),

казахскі акцёр і рэжысёр; адзін з пачынальнікаў нац. кіно. Нар. арт. СССР (1959). З 1933 у Казахскім т-ры драмы імя Аўэзава (Алматы). З 1940 у кіно. Выканаў ролю Джамбула ў аднайм. фільме; паставіў карціны «Паэма пра каханне», «Наш мілы доктар», «Зямля бацькоў», «Канец атамана» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952 і Дзярж. прэмія Казахстана 1968. Імя. Айманава прысвоена кінастудыі «Казахфільм».

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.​Батычэлі, Я.​Тынтарэта, П.​Рубенса, Ж.​Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штомесячны пед. часопіс. Выдаваўся з мая 1910 да пач. 1911 у Магілёве на рус. мове. Створаны па ініцыятыве Т-ва ўзаемадапамогі настаўнікам нар. вучылішчаў Магілёўскай губ. Друкаваў матэрыялы па педагогіцы і нар. асвеце, пра становішча настаўнікаў. Пэўнай грамадска-паліт. пазіцыі не выявіў, але ў культ.-нац. аспекце прымыкаў да акцябрыстаў (ігнараваў праблемы развіцця бел. л-ры і нац. школы). Выйшла 6 нумароў.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ (Анатоль Яўхімавіч) (н. 10.12.1939, г. Старыя Дарогі Мінскай вобл.),

бел. грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер. Скончыў БДУ (1967) і з 1969 выкладае ў ім. Старшыня грамадска-асв. клуба «Спадчына» (з 1984). Сабраў вял. калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкар.-прыкладнога мастацтва, арганізоўвае выстаўкі гэтых твораў, выдае каталогі, даведачную л-ру і артыкулы пра бел. мастацтва. Ініцыятар і арганізатар устанаўлення помніка М.​Багдановічу ў Яраслаўлі (1994).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭХ,

у рэлігійнай этыцы маральнае зло, якое заключаецца ў парушэнні дзеяннем, словам ці думкай волі Бога. Да граху адносяць невыкананне пэўных рэліг.-царк. нормаў, устаноўленых асобна кожнай канфесіяй. Тэалогія вылучае першародны грэх першых людзей, вынікі якога наследуюць нашчадкі. Сутнасцю праваслаўнага вучэння пра грэх з’яўляецца збавенне, якое магчыма толькі верай і справамі. Лічыцца, што без веры ў Бога, без хрысц. зносін, без хрышчэння нельга заслужыць даравання.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Альфонс) (27.10.1806, Парыж — 4.4.1893),

швейцарскі батанік; заснавальнік гіст. навуказнаўства. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1858). Сын А.П.Дэкандоля. Праф. (1835) і дырэктар Бат. сада Жэнеўскага ун-та (у 1835—49). Навук. працы па гіст. геаграфіі раслін і пытаннях пра паходжанне культ. раслін. Завяршыў выданне «Увядзення ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 8—17, 1844—74), пачатую яго бацькам. Ініцыятар распрацоўкі Міжнар. кодэкса бат. наменклатуры.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАНРА́ВАЎ (Барыс Георгіевіч) (16.4.1896, Масква — 27.10.1949),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). З 1915 у МХАТ. У яго мастацтве спалучаліся шчырасць, мужная прастата з рамантычным натхненнем і паэт. пафасам. Сярод роляў: Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), цар Фёдар («Цар Фёдар Іванавіч» А.​К.​Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава). З 1920 здымаўся ў кіно: «Пецярбургская ноч», «Аэраград», «Узнятая цаліна», «Аповесць пра сапраўднага чалавека» і інш.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУМЕ́НТ (ад лац. documentum сведчанне, доказ),

1) дзелавая папера, што юрыдычна пацвярджае які-н. факт (напр., нараджэнне, узяцце шлюбу) ці права на што-н. (напр., дыплом, завяшчанне).

2) Афіц. пасведчанне асобы (напр., пашпарт).

3) Пісьмовыя помнікі пра гіст. падзеі.

4) Матэрыяльны носьбіт (папера, кіна- і фотаплёнка, магн. стужка і інш.) з запісанай на ім інфармацыяй, прызначанай для захоўвання і перадачы ў часе і прасторы.

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.9.1963, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1982), Бел. АМ (1991). Разнастайная па тэматыцы творчасць пабудавана на кантрастах: работы ў алеі яркія, дынамічныя (трыпціх «Музыканты», «Сасуд», абедзве 1995), у тэмперы — больш мяккія, у блакітна-бірузовым, ружова-пастэльным каларыце (трыпціх «Стыхіі», 1994, «Эўрыдыкі» 1997). Свет створаных ёй вобразаў непаўторны, сімвалічны і сведчыць пра пошук уласнай адметнай стылістыкі.

С.Даманава. «Сасуд». 1995.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),

храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)