ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс. га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс. га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЦІ́ЧАСК,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071. Месцазнаходжанне не выяўлена. Даследчыкі атаясамлівалі Галацічаск з вёскамі Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай і Голацк Пухавіцкага р-на Мінскай абл. Але рэшткі стараж. горада там не выяўлены.

Літ.:

Повесть временных лет. Ч. 1. М.; Л., 1950;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII в.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́МПДЭН, Хемпдэн (Hampden) Джон (1594, Лондан — 24.6.1643), палітычны дзеяч англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст. Стрыечны брат О.Кромвеля. Атрымаў адукацыю юрыста. У 1621 абраны ў парламент, адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі. У 1637 асуджаны за адмову плаціць «карабельны падатак», які ўвёў Карл I. У 1640 абраны ў Доўгі парламент, арыштаваны ў 1634 у ліку пяці лідэраў апазіцыі. У пач. 1-й грамадз. вайны далучыўся да індэпендэнтаў. У бітве пад Чалграў-Філд (18.6.1643) смяротна паранены.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 27 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,18 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 2,23 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пад хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн і Пд месцамі нізкія, забалочаныя. Дно пясчанае, глыбей за 3—3,5 м глеістае. Зарастае.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Леа) (23.3.1906, г.Дрэздэн, Германія — 10.10.1977),

нямецкі графік. Жонка Г.Грундыга. Вучылася ў АМ у Дрэздэне (1923—26). У 1939—49 у эміграцыі. З 1950 праф. Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. У 1964—70 прэзідэнт (старшыня) Саюза мастакоў Германіі. Творы адметныя псіхал. экспрэсіяй (цыклы афортаў «Пад свастыкай», 1933—38; «Барацьба супраць атамнай смерці», 1957—58), жыццесцвярджальным пафасам (цыклы «Вугаль і сталь для міру», 1951, і інш.).

Г.​Грундыг. Барацьба мядзведзя з ваўкамі. 1928.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЙПЕЛЬ, Грэйпаль Леапольд (каля 1810—пасля 1847), бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1834). У 1830-я г. працаваў павятовым землямерам Полацка. У 1842—43 архітэктар Бел. навуч. акругі (Мінск). Аўтар праектаў будынкаў дваранскага прыходскага вучылішча (1835) у Полацку, гімназіі (1839) і шляхетнага пансіёна (1842) у Мінску, перабудовы манастырскага корпуса бернардзінцаў (пасля закрыцця касцёла і кляштара) пад пав. школу (1842—47) у Віцебску, пав. школы з домам для персаналу і школьнай б-кай у Маладзечне.

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКІ ((Górski) Канстанцін) (1826, маёнтак Гурскі, Бяла-Падляскае ваяв., Польшча — 2.1.1898),

польскі ваен. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1855). Прымаў удзел у руска-турэцкай вайне 1877—78. З 1888 у Варшаве. Асн. працы: «Бітва пад Грунвальдам» (1888), «Вайна Рэчы Паспалітай з Турцыяй у 1672—73 гг.» (1890), «Абарона граніц Рэчы Паспалітай ад татараў» (1891), «Гісторыя польскай пяхоты» (1893), «Гісторыя польскай кавалерыі» (1894), «Гісторыя польскай артылерыі» (1902).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,

дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКО́ЎСКІ (Дака) (7.8.1919, с. Тырнак Врачанскай акругі, Балгарыя — 28.1.1962),

балгарскі кінарэжысёр. Засл. арт. Балгарыі (1963, пасмяротна). У 1938—41 акцёр у т-рах Сафіі і Скопле. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1952). Дэбютаваў фільмам «Пад прыгнётам» (паводле І.​Вазава, 1952; Дзімітроўская прэмія 1953). Яго творчасці характэрна распрацоўка гераічных характараў і значных тэм: «Беспакойны шлях» (1955, Дзімітроўская прэмія 1959), «Тайная вячэра седмакоў» (1957; у сав. пракаце «Закон дазваляе»), «Стубленскія ліпы» (1960) і інш.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РЫШЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Маларыта, за 11 км на ПдЗ ад г. Маларыта. Пл. 0,23 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 540 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 8,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, спадзістыя, пад лугам. Берагі нізкія, тарфяністыя. У возера з дапамогай помпаў падаецца вада з асушальных каналаў, з ПдУ выцякае ручай у р. Маларыта.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)