СВЕНТАСЛА́ЎСКІ ((Świętosławski) Войцех Алаізій) (3.7.1881, в. Кірыёўка Жытомірскай вобл., Украіна — 29.4.1968),
польскі фізікахімік, заснавальнік школы тэрмахімікаў. Чл. Польскай АН (1952). Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1906). З 1910 у Маскоўскім ун-це. З 1918 у Польшчы: праф. Варшаўскага політэхн. ін-та (1918—39, 1946—51) і Варшаўскага ун-та (1918—29, 1947—60). У 1935—39 міністр вышэйшай адукацыі Польшчы. У 1940—46 у ЗША. У 1955—61 дырэктар Ін-та фіз. хіміі Польскай АН. У 1928—32 і 1934—40 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі. Навук. працы па тэрмахіміі арган. злучэнняў, тэорыі працэсаў каксавання і перапрацоўкі кам.-вуг. смалы. Распрацаваў шэраг каларыметрычных метадаў. Сканструяваў адыябатычны каларыметр (1913), эбуліяметр для хуткага вызначэння малекулярнай масы (эбуліяметр С.; 1924).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСЦЬЯ́НЕНКА (Віктар Рыгоравіч) (н. 31.1.1938, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-рфіз.-матэм.н. (1981), праф. (1984). Скончыў Маскоўскі энергет.ін-т (1963). З 1963 у Ін-це тэарэт. і прыкладной механікі Сіб.аддз.АНСССР. З 1982 у БПА (з 1984 заг. кафедры). З 1999 у ЗША. Навук. працы па радыяцыйным цеплаабмене і фізіцы плазмы, праблемах выкарыстання камп’ютэрнай тэхнікі ў навуч. працэсе. Распрацаваў метады разліку поля выпрамянення ў рэальным спектры, уліку ўзаемадзеяння часціц у плазме, методыку і апаратуру для цеплавога неразбуральнага кантролю прамысл. вырабаў.
Тв.:
Радиационный теплоперенос в высокотемпературных газах. М., 1984 (у сааўт.);
Оптимизация метода импульсной тепловой дефектометрии протяженных дефектов (у сааўт.) // Инж.-физ. журн. 1994. Т. 66, № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНТО́ЎСКІ (Семянтоўскі-Курыла) Аляксандр Максімавіч
(1821, Палтаўшчына, Украіна — 1893),
бел. і рас. этнограф, археолаг, краязнавец. У 1860—90-я г. сакратар Віцебскага губернскага статыстычнага к-та, рэдактар неафіц. часткі «Витебских губернских ведомостей», пазней рэдактар «Памятнай кніжкі Віцебскай губерні». Аўтар прац па археалогіі, статыстыцы, побыту і культуры насельніцтва Віцебшчыны: «Статыстычнае апісанне Віцебскай губерні ў лясных адносінах» (1862), «Сінільна-набойная вытворчасць у Віцебску» (1864), «Пра кірмашы Віцебскай губерні» (1867), «Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні» (1872), «Аб мерах і вазе, якія ўжываюцца ў Віцебскай губерні» (1874), «Беглы статыстычны нарыс прыроды і насельніцтва Віцебскай губерні» (1880), «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890). С. запісваў фальклорныя і ананімныя творы літ. паходжання («Рабункі мужыкоў»), звычаі, абрады. У пытаннях этнагенезу беларусаў прытрымліваўся вялікадзярж. поглядаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБІН (Васіль Феадосьевіч) (н. 24.2.1918, г. Харкаў, Украіна),
бел. і рас. дырыжор, хормайстар. Засл. арт. Беларусі (1954). Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Нар.арт. Расіі (1970). Вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі (1937—41). З 1945 маст. кіраўнік і гал. дырыжор ансамбляў песні і танца Уральскай ваен. акругі, Паўд. групы войск, Бел.ваен. акругі, Групы сав. войск у ГДР. З 1973 маст. кіраўнік, з 1983 дырыжор бюро спец. мерапрыемстваў Бел. філармоніі. Аўтар песень «Да спаткання, сталіца», «Марш мінскіх сувораўцаў», «У Беларусі мы служым» і інш. на вершы бел. паэтаў А.Астрэйкі, А.Бачылы, П.Броўкі, М.Танка, П.Харкова, М.Ясеня, апрацовак бел. і рус.нар. песень для мужч. хору. Дзярж. прэміі мастацтваў ГДР 1968, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЯРЭ́НКА (Сямён Дзмітрыевіч) (26.9.1901, с. Прохараўка Драбаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 8.3.1962),
украінскі пісьменнік. Скончыў Залатаношскую гімназію (1919). Друкаваўся з 1918. Аўтар зб.апавяд. «Вецер з гор» (1930), аповесцей «Ціхая прыстань» (1929), «Матрос Ісай» (1930), раманаў «Бурун» (1932), «Пралог» (1936), «Радасць чалавечага існавання» (1937) і інш. Трылогія «Шлях на Кіеў» (ч. 1—3, 1937—40) пра грамадз. вайну на Украіне. У раманах «Гаспадары» (1948), «Карпаты» (1952—54) праблемы вёскі, тэма далучэння Закарпацця да Украіны. Гіст. раманы «Святаслаў» (1959), «Уладзімір» (1962) прысвечаны Кіеўскай дзяржаве 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́З (Уладзімір Германавіч) (27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),
этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АНСССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЧУ́К (Сяргей Фёдаравіч) (25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДЭ́РА (Сцяпан Андрэевіч) (1.1.1909, с. Стары Угрынаў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 15.10.1959),
дзеяч украінскага нац. руху, лідэр Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Чл. АУН з 1929, з 1940 (пасля яе падзелу) кіраўнік фракцыі бандэраўцаў — АУН(б). Арганізоўваў і ажыццяўляў тэрарыст. дзейнасць супраць польск. улад у адказ на іх антыўкр. палітыку на Зах. Украіне. Двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. З пач. 2-й сусв. вайны супрацоўнічаў з гітлераўскімі спецслужбамі. За абвяшчэнне без згоды ням.акупац. улад акта пра ўтварэнне «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы» зняволены ў канцлагеры Заксенгаўзен і Араніенбург. З 1943 АУН(б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы (у т. л. і на тэр.Бел. Палесся) супраць Берліна і Масквы. Бандэра вызвалены з канцлагера па загадзе Г.Гімлера ў кастр. 1944. Пасля вайны жыў у Мюнхене. Быў атручаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТНЯ́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (1751, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 10.10.1825),
рускі кампазітар і дырыжор. З 1758 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, з 1796 яе кіраўнік, ператварыў капэлу ў цэнтр нац. харавой культуры. У 1769—79 вучыўся ў Італіі. Кампазіцыі вучыўся ў Б.Галупі. Майстар харавога пісьма а капэла. Асн. дасягненні ў галіне хар. духоўнай музыкі (т. 1—10, 1881—82). Стварыў новы тып рус.хар. канцэрта, дзе выкарыстаў дасягненні ў галіне оперы і інстр. музыкі. Пісаў і свецкія хары (напр., кантата «Спявак у стане рускіх воінаў» на сл. В.Жукоўскага, 1812). Аўтар опер «Крэонт» (1776), «Алкід» (1778), «Сокал» (1786), «Сын-сапернік, ці Новая Стратоніка» (1787), камерна-інстр. твораў, харавых цыклічных канцэртаў, санат для клавіра, рамансаў і інш.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор Д. Бортнянский: Жизнь и творчество. Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Віктар Аркадзевіч) (14.1.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 6.3.1983),
кампазітар, педагог, муз. публіцыст. Засл. арт. Беларусі (1955), нар.арт. Расіі (1980). Канд. мастацтвазнаўства (1935). Праф. (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), выкладаў у ёй і Бел. кансерваторыі (1935—52). У 1957—73 гал. рэдактар час. «Музыкальная жизнь». Сярод твораў: вак.-сімф. паэма «Галодны паход» (1931), камерна-інстр. творы, у т. л. 4 санаты для фп., вак. цыклы «Вайна» і «Свяціць заўсёды», музыка да спектакляў драм. тэатра, песні. Звяртаўся да бел. паэзіі (песня «Маленькі лётчык» на верш Я.Купалы «Хлопчык і лётчык»), бел.муз. фальклору (фп. п’есы «Беларускія напевы», «Беларуская калыханка і жартоўная», «Беларуская прэлюдыя»). Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Корев Ю. Виктор Белый. М., 1962;
В.А.Белый: Очерк жизни и творчества: Статьи: Воспоминания;