квантавы лік сапраўды нейтральнай элементарнай часціцы (сістэмы часціц), які вызначае паводзіны яе хвалевай функцыі пры зарадавым спалучэнні. У працэсах, абумоўленых гравітацыйнымі, эл.-магн. або моцнымі ўзаемадзеяннямі, З.ц. захоўваецца (не мяняецца).
Пры зарадавым спалучэнні хвалевая функцыя сапраўды нейтральнай часціцы не мяняецца (дадатная З.ц.) або мяняе знак (адмоўная З.ц.). Для фатона З.ц. адмоўная: C = −1, гэта вынікае з таго, што пры зарадамі спалучэнні эл. зарады, а значыць, і эл.магн. палі, квантамі якіх з’яўляюцца фатоны, мяняюць знак. Для π0− і η0− мезонаў, якія распадаюцца на 2 γ-кванты, C = 1. Сапраўды нейтральнай сістэмай з’яўляецца пазітроній (звязаны стан электрона і пазітрона), для якога C = (−1)J+l, дзе J — поўны спін сістэмы, l — арбітальны момант іх адноснага руху. Гэтай формулай вызначаецца таксама З.ц. сапраўды нейтральных мезонаў, пабудаваных з кварка і адпаведнага антыкварка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАЛО́ГІІ, НЕЙРАХІРУРГІ́І І ФІЗІЯТЭРАПІ́І НДІМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1924 у Мінску на базе клінікі нерв. хвароб мед. ф-та БДУ і псіханеўралагічнага дыспансера як Дзярж.ін-т фізіятэрапіі. У 1930 рэарганізаваны ў Ін-т фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі, з 1946 НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, з 1949 Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1995 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: парушэнні мазгавога і спіннога кровазвароту; выкарыстанне розных метадаў дыягностыкі і лячэння гіпербарычнай аксігінацыі і дазіраванай гіпабарычнай гіпаксіі пры розных захворваннях нервовай сістэмы; асаблівасці клінікі, дыягностыкі і лячэння міястэніі; распрацоўка дыягностыкі і аператыўнага лячэння пухлін рознай этыялогіі, запаленчых працэсаў, а таксама абсцэсаў галаўнога і спіннога мозга; рэабілітацыя пацыентаў з рознымі захворваннямі нерв.сістэмы (выкарыстанне мануальнай і лазернай тэрапіі, генезатэрапіі, фонафарэзу і інш.). Пры ін-це працуюць цэнтры: спінальных захворванняў, міястэніі і мікранейрахірургіі, Рэсп. цэнтр па рэабілітацыі хворых з сасудзістымі парушэннямі галаўнога мозга. У ін-це працавалі М.І.Грашчанкаў, М.Б.Кроль, Д.А.Маркаў, працуе І.П.Антонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАГАЛАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы і іх сістэмы, што знаходзяцца па-за нашай Галактыкай, і прастору паміж імі. Займаецца даследаваннем галактык, квазараў і інш. аб’ектаў, якія выпрамяняюць у аптычным, радыё-, гама-, рэнтгенаўскім і інш. дыяпазонах эл.-магн. хваль. Задачы П.а. — пабудова мадэлей эвалюцыі галактык і іх узаемадзеяння, вывучэнне прыроды квазараў, гравітацыйных лінзаў і інш. аб’ектаў.
Узнікла ў сярэдзіне 1920-х г. дзякуючы працам Э.П.Хабла. Былі выяўлены асобныя зоркі ў Андрамеды туманнасці, што сведчыла пра яе падабенства да нашай Галактыкі і што па-за межамі Млечнага Шляху існуюць іншыя зорныя сістэмы. Развіццё радыёастраноміі прывяло да адкрыцця квазараў і радыёгалактык. У выніку развіцця П.а. створана класіфікацыя галактык, вывучаюцца іх скопішчы і звышскопішчы, пабудавана карціна расшырэння Сусвету.
Літ.:
Воронцов-Вельяминов Б.А. Внегалактическая астрономия. 2 изд. М., 1978;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Тейлер Р.Дж. Галактики: Строение и эволюция: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́РЫНГу біялогіі,
сістэма назірання, ацэнкі стану навакольнага асяроддзя і прагнозу яго змен. Накіраваны на кантроль пераважна антрапагеннага ўздзеяння на прыроду; адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. Тэрмін з’явіўся ў 1920-я г., шырока ўжываецца з 1970-х г.Асн. элементы сістэмы М. пашыраны з пач. 1970-х г. Вылучаюць М. мясцовы, рэгіянальны, глабальны, паводле мэт — біясферны, біял. (экалагічны), геахім., геафіз. і інш. На Беларусі М. ажыццяўляецца ў ін-тах Нац.АН (аддзяленні: біял., мед.-біял., хім. і геал. навук), Бярэзінскім біясферным і Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніках, гідраметслужбе і інш.
Біясферны М. вызначае глабальна-фонавыя змены ў прыродзе (колькасць азону, вуглякіслага газу, змены надвор’я і клімату на планеце, узроўні радыяцыі, цяпла, сусв. міграцыі жывёл і інш.). Экалагічны М. вывучае змены ў складзе экалагічных сістэм, біягеацэнозаў ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння. Мэты геафізічнага, геахімічнага, санітарна-таксікалагічнага М. — атрыманне інфармацыі аб узроўні забруджвання навакольнага асяроддзя, інтэнсіўнасці і характары ўздзеяння забруджвання на біял.сістэмы, іх аналіз і прагнозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРАЛІ́ЗМ (ад лац. pluralis множны),
1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.
Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.Лейбніц). Асобная форма філас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.Дэкарт, картэзіянцы) Філас.сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.
2) Характарыстыка дэмакр.паліт.сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ. жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.
3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВО́ДНАСЦЬ у фізіялогіі, здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.
Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.
Літ.:
Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЭ́Л,
прылада і прыстасаванне для наводкі зброі ў цэль. Выкарыстоўваюцца таксама для назірання за полем бою і выбару цэлі. Бываюць: артыл. (мінамётныя, зенітныя), авіяц., стралковыя, танк., ракетных комплексаў (прыцэльныя сістэмы) і інш.; мех., оптыка-электронныя (аптычныя, інфрачырвоныя, лазерныя, тэлевізійныя), радыёлакацыйныя; аўтам., паўаўтам. і неаўтаматычныя.
Артыл. П. (мех. і аптычныя) забяспечваюць прыцэльванне гарматы ў гарыз. і верт. плоскасцях непасрэдным візіраваннем па цэлі, па мясц. аб’екце ці адлікам ад гарызонту гарматы; авіяц. П. — прыцэльванне пры бомба- і тарпедакіданні, выкарыстанне стралкова-гарматнай і ракетнай зброі па наземных, марскіх і паветраных цэлях; танкавыя (П.-дальнамеры, перыскапічныя і тэлескапічныя аптычныя П., вылічальныя прыстасаванні) — устанаўліваюць вугал прыцэльвання і робяць наводку танк. гарматы; прыцэльныя сістэмы ракетных комплексаў забяспечваюць прасторавую арыентацыю корпуса ракеты або вымяральных элементаў сістэмы кіравання перад пускам. Начныя (інфрачырвоныя) П. выкарыстоўваюцца для стральбы ноччу са стралк. зброі, процітанк. і танк. гармат; бываюць тэлескапічнай ці перыскапічнай канструкцыі; актыўныя (са спец. крыніцамі інфрачырвонага выпрамянення) і пасіўныя (успрымаюць інфрачырвонае выпрамяненне цэляў). Разнавіднасць актыўных начных П. — лазерныя П. (выкарыстоўваецца інфрачырвонае выпрамяненне лазера). Радыёлакацыйныя П. маюць візірнае прыстасаванне на базе радыёлакацыйнай станцыі; выкарыстоўваюцца ў любое надвор’е і любы час сутак (самалётныя ўваходзяць у прыцэльна-навігацыйную сістэму самалёта).
Прыцэлы: а — механічны кулямётны (1 — прыцэльная планка, 2 — хамуцік, 3 — цэлік); б — аптычны панарамны (1 — кольца з дакладнай шкалой вугламера, 2 — корпус адбівальнай прызмы і панарамы, 3 — шкала вугламера); в — аўтаматычны зенітнай пушкі (1 і 6 — каліматары, 2 — лічыльна-рашальная частка, 3 — механізм уводу вуглоў пікіравання цэлі, 4 — курсавая галоўка, 5 — механізм уводу скорасці цэлі і далёкасці да яе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эпіфено́мен
(ад эпі- + феномен)
1) суправаджальная, другарадная з’ява;
2) свядомасць у ідэалістычнай філасофіі, пгто разглядаецца як суправаджальны прадукт дзейнасці вышэйшай нервовай сістэмы, як вынік пасіўнага адлюстравання рэчаіснасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
прававе́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які строга верыць у догмы якой‑н. рэлігіі. Фэлька з першага дня неўзлюбіў нявестку. Не быў ён такі прававерны ўжо католік, але цяпер еў поедам сына, што той браў шлюб не ў касцёле, а ў царкве.С. Александровіч.//перан. Які строга прытрымліваецца якога‑н. вучэння, сістэмы поглядаў. — [Фама] паліцэйскі чын заслужыў і зрабіўся такі прававерны, што нікому дыхнуць не даваў.Грахоўскі.
2. Мусульманскі (у гутарцы саміх мусульман). //узнач.наз.прававе́рны, ‑ага, м.; прававе́рная, ‑ай, ж. Мусульманін, мусульманка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)