РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ» СІСТЭ́МА ВО́ДНЫХ ШЛЯХО́Ў,

найбуйнейшы водны шлях у Паўн. Амерыцы. Агульная даўж. 3,77 тыс. км Уключае Вялікія азёры (Мічыган, Гурон, Эры, Антарыо), ніжняе цячэнне р. Св. Лаўрэнція (320 км, у Канадзе), злучальныя каналы ў ЗША даўж. 345 км (Давенпарт — Чыкага, 185 км; Ніягара — Сірак’юс, 160 км) і Канадзе (Уэленд, воз. Эры — Антарыо, 45 км). Пабудаваны ў 1959, рэканструяваны ў 1970—72. Буйнейшыя парты: Манрэаль, Квебек, Таронта (Канада), Дэтройт, Чыкага (ЗША). Акіянскія судны ідуць без перавалкі праз Манрэаль, Таронта ў Атлантычны ак. Сістэма звязана таксама з р. Місісіпі.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ЙТАН (Slayton) Доналд (1.3.1924, г. Спарта, штат Вісконсін, ЗША — 13.6.1993),

касманаўт ЗША. Маёр ВПС (у адстаўцы). Скончыў Мінесоцкі ун-т (1949), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1956). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. Кіраваў аддзелам НАСА, службай падрыхтоўкі экіпажаў касм. караблёў. 15—25.7.1975 з В.​Брандам і Т.​Стафардам здзейсніў (як пілот стыковачнага адсека) палёт на касм. караблі «Апалон» па праграме «ЭПАС». Правёў у космасе 9,1 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі» (3), «За выключныя заслугі». Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́НСТАН-СЕ́ЙЛЕМ (Winston-Salem),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Паўн. Караліна. Узнік у выніку аб’яднання ў 1913 гарадоў Сейлем (засн. ў 1766) і Уінстан (засн. ў 1849). Каля 1 млн. ж. з гарадамі Грынсбара, Хай-Пойнт і агульнымі прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Важны гандл.-фін. цэнтр. Буйнейшы ў ЗША цэнтр тэкст. прам-сці, вытв-сці цыгарэт, гандлю тытунём. Вытв-сць тэлефоннай і тэлеграфнай. апаратуры, абсталявання для харч. прам-сці, метал. фольгі; мэблевая, швейная, харч. прам-сць. 2 ун-ты. Музей.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ РАССЛЕ́ДАВАННЯЎ (англ. Federal Bureau of Investigation, скарочана FBI; ФБР),

ведамства ЗША для расследавання парушэнняў федэральных законаў і забеспячэння дзярж. бяспекі. Засн. ў 1908 як Бюро расследаванняў, з 1.7.1935 сучасная назва. Падпарадкоўваецца федэральнаму міністру юстыцыі, узначальваецца дырэктарам (у 1924—72 Дж.​Э.​Гувер). Займаецца расследаваннем парушэнняў федэральнага крымін. заканадаўства, вядзе барацьбу з дзейнасцю замежных разведак і тэрарызмам, забяспечвае ахову прэзідэнта ЗША, крыміналагічную экспертызу рэчавых доказаў і вядзенне баз даных па злачынствах і злачынцах для інш. праваахоўных органаў. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.

Я.​У.​Новікаў.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РЫ (Flory) Пол Джон (19.6.1910, г. Стэрлінг, штат Ілінойс, ЗША — 8.9.1985),

амерыканскі фізіка-хімік, адзін з заснавальнікаў тэорыі полікандэнсацыі Чл. Нац. АН ЗША (з 1953). Скончыў Манчэстэрскі каледж (1931). З 1948 праф. Корнелскага ун-та, у 1956—61 навук. кіраўнік Меланаўскага ін-та, з 1962 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы палімераў, стат. механіцы макрамалекул. На аснове яго работ створаны метады вызначэння будовы і ўласцівасцей макрамалекул з вымярэнняў вязкасці, седыментацыі і дыфузіі. Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Статистическая механика цепных молекул. М., 1971.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОРД (Ford) Генры (30.7.1863, г. Дырбарн, ЗША — 7.4.1947),

амерыканскі вынаходнік і прамысловец, адзін з заснавальнікаў аўтамаб. прам-сці ЗША. У 1892—93 стварыў першы аўтамабіль з 4-тактным рухавіком (марка «Форд»), у 1903 заснаваў аўтамаб. кампанію «Форд мотар» (адна з найбуйнейшых у свеце). На сваіх з-дах шырока ўкараніў сістэму паточна-масавай вытв-сці (фардызм). Свае ўяўленні аб арганізацыі працы і вытв-сці выклаў у творах «Маё жыццё і праца» (1922), «Сёння і заўтра» (1926), «Рух наперад» (1930).

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь, мои достижения. Сегодня и завтра. Мн., 2003.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОЎЛ (Foale) Майкл (н. 6.1.1957, Лоўф, Вялікабрытанія),

касманаўт ЗША. Д-р навук у галіне фізікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1982). З 1983 у Касм. цэнтры імя Л.​Джонсана (ЗША). З 1987 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 24.3—2.4.1992 — на КК «Атлантыс», 9—17.4.1993 і 2—11.2.1995 на КК «Дыскаверы», 15.5—3.10.1997 — на КК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на КК «Атлантыс»), 20—28.12.1999 — на КК «Дыскаверы». У космасе правёў 178,99 сут. 5 медалёў НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́РШЫ (Heishey) Алфрэд Дэй (4.12.1908, г. Авоса, ЗША — 1997),

амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі і вірусалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1958), чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Мічыганскі ун-т (1930). Д-р філасофіі (1934). З 1934 у Вашынгтонскім ун-це, з 1950 у Ін-це Карнегі (з 1962 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў перадачы генет. інфармацыі ў фагаў. Даказаў магчымасць рэкамбінацыі ў бактэрыяфагаў і гал. ролю нуклеінавай к-ты ў віруснай інфекцыі. Нобелеўская прэмія 1969 (з М.Дэльбрукам і С.Лурыя).

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Д.Хершы.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ЛІ (Schally) Эндру Віктар (н. 30.11.1926, Вільня),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Скончыў Лонданскі ун-т (1950) і ун-т Мак-Гіла (1955, Канада). З 1950 у Лонданскім Нац. ін-це мед. даследаванняў. З 1957 ва ун-це Бейлара (г. Х’юстан, ЗША). З 1962 у шпіталі Адміністрацыі ветэранаў (г. Новы Арлеан, ЗША), з 1967 праф. Новаарлеанскага ун-та. Навук. працы па выяўленні і вывучэнні хім. будовы, біял. актыўнасці, сінтэзе і выкарыстанні ў клініцы гіпаталамічных рылізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (з Р.Ш.Л.Гіймэнам.і Р.С.Ялаў).

В.​Ф.​Ермакоў.

Э.В.Шалі.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)